Суд у чарговы раз адмовіўся разглядаць скаргу родных расстралянага Уладзіслава Кавалёва
Калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда разгледзела прыватную скаргу Любові Кавалёвай і Таццяны Казяр – родных расстралянага Уладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў здзяйсненні тэракту ў метро Мінска. Родныя Кавалёва абскарджвалі адмову суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па іх скарзе на адмову прадаставіць інфармацыю пра месца пахавання Уладзіслава.
Калегія пакінула без задавальнення прыватную скаргу Любові Кавалёвай і Таццяны Казяр. Суддзя Аксана Будоўская пагадзілася з высновамі суда Кастрычніцкага раёна Мінска аб тым, што разгляд дадзенага звароту не падведамасны агульным судам Беларусі.
Па словах адваката Кавалёвай і Казяр Сяргея Галубка, у дадзеным выпадку парушана канстытуцыйнае права кожнага на судовую абарону. Адвакат таксама адзначыў, што ў чарговы раз беларускія суды падцвердзілі сваё нежаданне выконваць рашэнне Камітэта па правах чалавека – органа, прадугледжанага Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, міжнароднай дамовы, якую Беларусь ратыфікавала і абавязалася выконваць.
- Адзіны станоўчы момант на працэсе – гэта дадзеная магчымасць абараняць інтарэсы родных Уладзіслава Кавалёва расійскаму адвакату адвакацкага бюро “Семяняка, Грыб і партнёры” з Санк-Пецярбурга, - кажа Сяргей Галубок.
Паводле адваката, рашэнне будзе абскарджана ў наглядным парадку, а таксама будуць прыняты меры на міжнародным узроўні, каб дабіцца выканання рашэння Камітэта па правах чалавека ААН, і каб родныя даведаліся праўду пра месца пахавання сына і брата.
Скарга Любові Кавалёвай і Таццяны Казяр па справе Уладзіслава Кавалёва была разгледжана Камітэтам па правах чалавека ААН. Камітэт прызнаў, што было парушана права на жыццё. У адносінах да заяўнікаў Любові Кавалёвай і Таццяны Казяр прызнаў парушэнне права на атрыманне цела забітага сваяка і інфармацыі пра час і месца ягонага пахавання.