viasna on patreon

Шклоў: мясцовыя жыхары ігнаруюць грамадскую прыёмную “Белай Русі”

2012 2012-11-11T22:24:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belaja_rus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За дзесяць месяцаў 2012 года ў грамадскую прыёмную Шклоўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” за дапамогай у вырашэнні разнастайных пытанняў звярнулася толькі сем чалавек. Пра гэта распавёў у інтэрв’ю  карэспандэнту раённай газеты “Ударны фронт” (№ 87 ад 10 лістапада 2012 г) старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Мікалай Яроміч.

Па словах Мікалая Яроміча, усе пытанні, па якіх звярнуліся грамадзяне, былі вырашаны станоўча. Лідар шклоўскіх членаў “Белай Русі” сказаў, што “сваю асноўную ролю мы бачым у актывізацыі інтарэсу грамадзян да палітычнага жыцця, у станаўленні грамадзянскай супольнасці, у якім гарантуюцца сацыяльная справядлівасць, дэмакратыя, правы чалавека. Галоўнай задачай мы лічым імкненне быць бліжэй да простых людзей на месцах”.

Грамадская прыёмная Шклоўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” знаходзіцца ў кінатэатры “Мір” і працуе другі і трэці чацвер кожнага месяца з 15-00 да 18-00. Абсалютна незразумела, навошта марнаваць грошы на яе ўтрыманне, калі людзі туды практычна не звяртаюцца…

Грамадскі актывіст са Шклова Міхаіл Кучарэнка лічыць выказванні Мікалая Яроміча ўсяго толькі прыгожымі словамі.

“Усе ведаюць, як стваралася “Белая Русь” у Шклоўскім раёне, людзі ўступалі туды па загаду зверху, - кажа Міхаіл Кучарэнка. – І зараз арганізацыя стварае толькі нейкую імітацыю таго, што яна дзейнічае на карысць простых людзей, аднак шклаўчане выдатна разумеюць, што гэта арганізацыя ў першую чаргу аб’ядноўвае чыноўнікаў ад улады і абараняе іх інтарэсы. Таму людзі і практычна не звяртаюцца ў іх “грамадскую прыёмную”. Сам Мікалай Яроміч не адзін год быў старшынёй Шклоўскага райсавета, зараз працуе ў райвыканкаме, што ж яму перашкаджае змагацца за правы чалавека і дэмакратыю? Дарэчы, ён раней неаднаразова ўзначальваў акруговую і раённыя выбарчыя камісіі на выбарах дэпутатаў розных узроўняў, тады ён чамусьці не ўзгадваў гэтыя прыгожыя словы. І не бачыў ніякіх парушэнняў пры правядзенні выбарчых кампаній, не рэагаваў на скаргі дэмакратычных актывістаў. Ніякай дэмакратыяй у Шклоўскім раёне нават і не пахне”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства