viasna on patreon

Мазыр: пасля выбараў Уладзімір Целяпун напісаў адкрыты зварот да мясцовых уладаў

2012 2012-09-28T15:44:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cieliapun-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Уладзімір Целяпун (г.Мазыр)

Праваабаронца Уладзімір Целяпун (г.Мазыр)

Зафіксаваныя парушэнні выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь падчас правядзення выбараў у Мазыры прымусілі  праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна напісаць адкрыты зварот да кіраўнікоў мясцовых выканаўчага і распарадчага органаў улады.

Уладзімір Целяпун, назіральнік за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў пятага склікання, напісаў адкрыты зварот наконт дзеянняў кіраўнікоў участковай выбарчай камісіі №18, парушаючых выбарчае заканадаўства, на імя Адаменкаі Е.Б., старшыні Мазырскага раённага выканаўчага камітэта і Гваздзя С.А., старшыні Мазырскага раённага Савета дэпутатаў.

За дні назірання на выбарчым участук №18, на датэрміным галасаванні (з 18 па 22 верасня) і ў дзень выбараў, Уладзімірам Целяпуном былі заўважаны парушэнні з боку камісіі.

“У склад участковай камісіі ўваходзіла сем прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыва - ААТ “Беларускабель”, тры прадстаўнікі “Райжылкамгаса” і тры прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб’яднанняў.

Узначальваў камісію Ракаўчук Д.М. – дырэктар ААТ “Беларускабель”, яго намеснікам быў Навіцкі І.Р. — намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы ААТ “Беларускабель”, сакратаром камісіі была Капельян Т.Л. – намесніца старшыні аддзела кадраў ААТ “Беларускабель”. Актыўны ўдзел у працы кіраўніцтва камісіі прымала сябра камісіі Бельская Г.І. – куратар ад райвыканкама.

Падчас датэрміновых выбараў  была парушана ч.1 арт.52 ВК РБ, у якой гаворыцца пра тое, што “кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за іншых асоб не дапускаецца”.  Дадзеныя УВК істотна адрозніваліся ад маіх (18.09. – на 18 галасоў; 19.09. – на 10 галасоў; 20.09. – на 19 галасоў). Пасля зробленай мной заўвагі вынікі двух апошніх дзён сталі супадаць (21.09. – 94-94 галасы; 22.09. – 109-109 галасоў). Выніковым пратаколам датэрміновага галасавання ад 22.09.2012г. УВК  паказала 425 прагаласаваўшых выбаршчыкаў. Па маіх дадзеных іх было 378. Розніца склала 47 галасоў. Пры ўскрыцці скрыні ў ёй апынуліся ўжо 422 бюлетэні. Застаецца пытаннем: куды падзеліся тры бюлетэні выбаршчыкаў, якія аддалі свой голас датэрмінова? І ці на самой справе былі яны, тыя выбаршчыкі?

Што тычыцца галасавання па месцы жыхарства, то па стане на 10.00 дня 13 чалавек вырашылі галасаваць дома, аднак адзін з іх усё ж самастойна прыйшоў на ўчастак. Яшчэ шэсць чалавек выказалі жаданне галасаваць па месцы жыхарства па стане на 15.00. Аднак прагаласавала толькі чатыры. Пры трэцім выездзе, у 17.30 вечара, мне было адмоўлена ў інфармацыі пра колькасць заяў, якія падаваліся, а таксама пра колькасць бюлетэняў, якія сябры камісіі ўзялі з сабой.

Камісіяй была парушана ч.1 арт.13 ВК РБ аб адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу, ч.5 арт.13. Не была прадастаўлена магчымасць назіраць за выдачай бюлетэняў і не быў захаваны ўстаноўлены арт. 54 ВК парадак галасавання. Пры галасаванні па месцы жыхарства выбарца Уладзіміру Целяпуну не  паведамлялася інфармацыя (згодна  з арт. 53 ВК) пра колькасць просьбаў ад выбаршчыкаў пра галасаванне па месцы жыхарства.

Да таго ж пры выніковым падліку галасоў старшыня камісіі Ракаўчук Д.М., яго намеснік і сябры камісіі дапусцілі шэраг парушэнняў патрабаванняў арт.55 ВК РБ.

Назіральнікам дазволілі назіраць за працэсам падліку бюлетэняў толькі на адлегасці ў пяць метраў (парушэнне п.8.1. дапаможніка для  правільнай арганізацыі работы УВК, які зацверджаны ЦВК 26.04.2012г. №11). Назіральнікі не толькі  не маглі сачыць за фактычнымі дзеяннямі камісіі, але і чуць іх размову - з-за таго, што было гучна ўключана радыё.

Па ўказанні старшыні камісіі сябры камісіі высыпалі змесціва скрыні на здзвінутыя сталы - без раздзельнага  падліку галасоў з выязной скрыні і скрыні асноўнага дня галасавання. Пры гэтым намеснік старшыні камісіі Навіцкі І.Р і сябра камісіі Шчэрбіна О.А. праігнаравалі ўказанне старшыні і затулілі ад назіральнікаў сваімі спінамі стол з бюлетэнямі. 

Пасля сябры камісіі, якія стаялі ўздоўж стала, пачалі нешта запісваць: кожны на сваім асабістым аркушы паперы. Гэтыя невядомыя  дадзеныя былі перададзены сакратару камісіі. За той час, пакуль адбывалася раскладка бюлетэняў на стале, сакратар камісіі тэарэтычна вывела лік прагаласаваўшых па месцы жыхарства: іх аказалася 35 чалавек (35-16=19). Галасы 19 выбаршчыкаў, якія не звярталіся ў камісію, цягам паўгадзіны апынуліся ў скрыне для галасавання! На папярэднія выезды па месцы жыхарства выбаршчыкаў спатрэбілася куды болей часу. На першы – больш за дзве гадзіны (прагаласавала 13 чалавек), на другі – 50 хвілін (прагаласавала шэсць чалавек).

У скрыні для галасавання ў асноўны дзень выбараў аказаўся 791 бюлетэнь. Па маіх падліках, 23 верасня прагаласавала 509 выбаршчыкаў. Такім чынам, розніца склала 282 бюлетэні. Нават з улікам 35 чалавек, якія быццам бы прагаласавалі па месцы жыхарства, у выбарах прынялі ўдзел 922 выбаршчыкі. Гэта складае 39,8 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў - 2 314 чалавек. Хоць мне была агучана іншая лічба – 2 306 (па стане на 18.09.2012г.). А паводле закону ўносіць змены ў спісы выбаршчыкаў пасля падліку галасоў – забаронена.

Што тычыцца  змесціва скрыні для галавання, то яно было запакавана ў асобныя пачкі і апламбіравана. Пасля старшыня камісіі агучыў агульныя вынікі галасавання па выбарчым участку і вывесіў падпісаны сябрамі камісіі пратакол”, - апісаў у сваім звароце назіральнік Уладзімір Целяпун.

Мазырскі праваабаронца ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях з 1989 года. Аднак сёлета ён упершыню не складаў актаў і не пісаў скаргаў на дапушчаныя парушэнні падчас галасавання і працэдуры падліку галасоў.

“Не хацелася марнаваць на гэта свой час і энэргію”, - патлумачыў праваабаронца.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары ”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства