Масавыя прыпіскі і “знікненні” выбаршчыкаў у Салігорску
У Салігорску на ўчастках без назалежных назіральнікаў адзначаюцца масавая прыпіскі колькасці прагаласаваўшых на датэрміновым галасаванні. А на ўчастках, ахопленых незалежным назіраннем, знікаюць сотні выбаршчкаў. Верагодна, ва ўладаў не хапае рэсурсаў для забеспячэння неабходнай яўкі. Да такіх высноўваў прыйшлі мясцовыя праваабаронцы, прааналізаваўшы апошнія лічбы незалежнага назіранння.
Распавядае незалежны назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэту Уладзімір Шыла:
- На салігорскім участку №77 у суботу 22 верасня прагаласавала 86 чалавек, а ў суседняй школе на участку №78 у гэты дзень нібыта прыйшло прагласаваць 274 чалавекі. Участкі абсалютна ідэнтычныя, але на апошнім незалежных назіральнікаў не было.
Такі малюнак назіраецца па абедзьвюх салігорскіх выбарчых акругах. Лічбы прагаласаваўшых датэрмінова на ўчастках з незалежным назіраннем у разы меншыя за ўчасткі, дзе незалежнае назіранне не ажыццяўляецца.
- На ўчастках з нашымі назіральнікамі найбольшая колькасць выбаршчыкаў зафіксаваная ў пятніцу. Менавіта ў гэты дзень людзей з прадпрыемстваў масава накіроўвалі на датэрміновае галасаванне, - кажа прадстаўнік БХК у Салігорску Леанід Мархотка. - На ўчастках, дзе незалежных назіральнікаў не было, найбольшыя лічбы прагаласаваўшых фіксуюцца ў суботу, у выходны дзень. Мяркую, што ў апошні дзень датэрміновага галасавання на гэтых участках лічбы проста падганяліся пад патрэбны адсотак.
Пры гэтым нават на ўчастках з прадстаўнікамі БХК і грамадскай кампаніі “За справядлівыя выбары” таксама фіксаваліся прыпіскі па яўцы выбаршчыкаў. Літаральна за пяць хвілін, пакуль назіральнікі выходзілі ў прыбіральню ці пакурыць, у спісе прагаласаваўшых магло з’явіцца адразу некалькі дзясяткаў чалавек.
Каб забяспечыць неабходны ўзровень яўкі на ўчастках з незалежнымі назіральнікамі, уладам прыйшлося пайсці на скрайнія меры. За ноч у Салігорску зніклі сотні выбаршчыкаў. На ўчастку ў аднаго Уладзіміра Шылы гэтая лічба склала амаль чатырыста чалавек:
- Сёння раніцай, то бок ужо ў асноўны дзень галасавання, я даведаўся, што за ноч на маім участку колькасць выбаршчыкаў зменшылася з 3086 да 2713 ажно на 373 чалавекі. Тут, як гаварыцца, каментары непатрэбныя.
Трэба адзначыць, што хваляванні ўладаў адносна ўзроўню яўкі небеспадстаўныя. Па інфармацыі незалежных назіральнікаў з участкаў, за першыя дзьве гадзіны асноўнага дня галасавання, у сярэднім на кожным участку удзел у выбарах узялі ўсяго каля дзевяці дзясяткаў чалавек. Параўнальна з выбарамі 2010 году гэта значна меней. У такіх абставінах выбары на дадзеных участках фактычна могуць не адбыцца, нягледзячы на прыпіскі ды знікненні выбаршчыкаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”