viasna on patreon

Мазыр: Назіральнік так і не трапіў на паседжанне па фармаванні УВК

2012 2012-08-09T13:22:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cieliapun-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Уладзімір Целяпун (г.Мазыр)

Праваабаронца Уладзімір Целяпун (г.Мазыр)

У Мазыры назіральнік Уладзімір Целяпун так і не здолеў дамагчыся ад прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі своечасовага паведамлення пра дату і час паседжання райвыканкама па ўтварэнні ўчастковых выбарчых камісіяў па Мазырскай выбарчай акрузе №42.

Ён 6 ліпеня звярнуўся да начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы Мазырскага райвыканкама Веранікі Байковай, якая з’яўляецца сакратаром акруговай выбарчай камісіі №42, каб даведацца пра дату і час паседжання райвыканкама па ўтварэнні ўчастковых выбарчых камісіяў па Мазырскай выбарчай акрузе №42.

На свой зварот праваабаронца атрымаў адмоўны адказ. Байкова патлумачыла, што “назіральнік мае права прысутнічаць толькі на паседжаннях акруговай камісіі, а да паседжанняў райвыканкама ён не мае ніякага дачынення”.

Патрэбнай інфармацыі назіральнік не знайшоў і на сайце Мазырскага райвыканкама пад банерам “Выбары -2012”. Таму ён вымушаны быў накіраваць электронны зварот старшыні райвыканкама Я. Адаменку і старшыні райсавета С. Гваздзю, якіх папрасіў разгледзець магчымасць змяшчэння на сайце райвыканкама неабходнай інфармацыі.

“Гэтае будзе адпавядаць частцы 1. артыкула 13 “Падрыхтоўка і правядзенне выбараў .... ажыццяўляеца адкрыта і галосна”, а таксама пункту 1.5 практычнага дапаможніка для акруговых камісіяў (зацвержанага пастановай ЦВК №10 ад 26.04.2012г.), у якім гаворыцца аб тым, што “паведамленне аб паседжанні камісіі магчыма размяшчаць са згоды адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа на яго сайце”, – звярнуў увагу кіраўнікоў Мазыра праваабаронца.

Што тычыцца абвесткі пра паседжанне на райвыканкамаўскім сайце, то яна з’явілася толькі ў дзень правядзення паседжання - раніцай 7 жніўня ў рубрыцы “Аб’явы”.

- Для мяне застаецца незразумелай такая таямнічасць пры ўтварэнні ўчастковых камісій з боку мазырскіх чыноўнікаў. У Калінкавічах, напрыклад, назіральніка папярэдзілі за тры дні і запрасілі на паседжанне райвыканкама, - кажа Уладзімір Целяпун. - І праводзіць паседжанні да пачатку працоўнага дня - гэта практыка мазырскай вертыкалі. Магчыма, яны і не жадалі маёй прысутнасці на паседжанні таму, што там так рана (у 7-30 раніцы) магло не быць кворума. Яны, відаць, ужо ўсё вырашылі, а прысутнасць назіральнікаў толькі парушае іх спакой.

Па назіраннях праваабаронцы, нядбайнае апісанне межаў выбарчых акругаў №42 і 43, у выніку чаго Цэнтрвыбаркаму прыйшлося прымаць асобную пастанову №43 па змяненні сваёй папярэдняй пастановы №19, - усё гэта яскрава паказвае, што выбары ў палату прадстаўнікоў не з’яўляюцца значнай падзеяй для ўладаў Мазыра.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства