Black List of Arts - арт-праект пра забароненых творцаў
Аўтар арт-праекту пра забароненых творцаў Black List of Arts фатограф Сяргей Гудзілін у інтэрвію Tuzin.FM: «Ім ня трэба ад нас нейкае нікчэмнае шкадаваньне і сум. Калі яны для нас сапраўдныя лідэры — маральныя, культурныя, нацыянальныя, мы мусім ставіцца належна да іх. Але калі мы хочам сапраўды нешта зьмяніць, то замала будзе проста лайкаць фотачкі ў фэйсбучаку».
ТГ: З чаго ўзьнікла ідэя праекту? Ці было нешта такое, што стала канчатковым штуршком яго рабіць?
Праект дакумэнтальны. Таму наконт ідэі ў чыстым выглядзе пытаньняў не было, бо размова ідзе пра грамадзкія і культурныя працэсы. І я як просты грамадзянін Беларусі проста вымушаны быў жыць зь імі побач. Ну, а як фатограф я вымушаны адлюстроўваць рэчаіснасьць ці яе працэсы для нашай калектыўнай і візуальнай памяці. Таму тут усё проста.
Апошні штуршок? Апошнія гады іх і так да халеры ўжо было… гэтых апошніх штуршкоў. Верагодна гэта была сытуацыя зь Міхалком і пытаньняў да яго з боку нашай пракуратуры. Хаця асноўны штуршок і матывацыя вынікае проста з маёй прафэсіі. Я проста бачыў, што гэта сытуацыя павінна быць адлюстравана трохі больш, чым сухія паведамленьні на стужках навінаў пра адмены канцэртаў, ці чарговыя прыступы «інтэрнэт-змагароў» пра «крывавы рэжым». Я ня быў у палоне нейкіх меркаваньняў і проста пайшоў наўпрост да творцаў — ад Марачкіна і да Міхалка.
ТГ: Наколькі ты сам быў абазнаны ў творчасьці забароненых? Ці адкрыў нешта новае для сябе?
Гэта была такая агульная абазнанасьць. Кагосьці я слухаў пяць гадоў таму кожны дзень, хтосьці мне адкрыўся падчас здымак. Нехта мне падабаецца больш, нехта менш, нейкія песьні зьвязаны з пэўнымі жыцьцёвымі пэрыядамі. Карацей — тут, як у ва ўсіх. Пра музыку ж у асноўным справа ішла. Цікава было проста пабачыць музыкаў у іх звычайнай нейкай творчай паўсядзённасьці. Усе ведаюць які, напрыклад, Вольскі на сцэне. А мне ён цікавы быў у момант, калі вяртаў квіткі за адменены канцэрт «Крамбамбулі» ў Re:Рublic на 20-градусным марозе. То бок я не хацеў бачыць іх сцэнічную якасьць, мне хацелася бачыць сярод творцаў звычайных людзей у працэсе сваёй працы. У іх проста прафэсія цікавей, чым, напрыклад, у майго суседа Дзімы — ён штампоўшчык на БелАЗе. Засталіся нейкі прыватнасьці, але я іх можа пакіну да часоў, калі ў Беларусі зьявяцца свае крутыя жоўтыя таблёіды (сьмяецца).
ТГ: Хто з тваіх герояў пакінуў найбольш адбітак у тваёй сьвядомасьці?
Яны ўсе яркія. Гэта проста безумоўна. Некаторых можна ўжо і ў музэі жывымі барэльефамі заносіць (сьмяецца). Калі па тэме маёй працы, то вельмі ўразіў Варашкевіч. Як па мне, дык на ім гэтыя ўсе забароны адбіліся вельмі моцна. Вакаліст гурта, які мог зьбіраць стадыёны, цяпер грае ў барчэле за пару сотняў тысяч не свае песьні. Гэта вельмі моцна ілюструе ўсю гэтыю вар’яцую блэк-лістовую сытуацыю. Паўтаруся, мне патрэбныя былі, так бы мовіць, чалавечныя творцы, а ня іх праекцыі на сцэне. Усе ведаюць які Міхалок у сваіх песьнях і на сцэне. Але я яго здымаў стомленага пасьля канцэрту. І там ён ужо зусім іншы. І яго партрэтнае фота выдатна ілюструе гэтую ўсю сытуацыю.
Зь Міхалком увогуле цікавая дэталь. Усе рэпрэсіі і забароны на творчасьць «Ляпісаў» зрабілі толькі добры піяр і яшчэ лепш упісаліся ў канцэпт гурта. І вось Міхалок ужо грыміць на ўвесь пост-савок і шырэй. Але ж была сытуацыя, калі Вольскі і «Дзюбеля» зьбіралі ледзь не стадыёны, а Міхалок у гэтыя часы граў канцэрты за скрыню піва. А цяпер нашы клясыкі граюць на кватэрніках і маленькіх прэзэнтацыях. Дзіўная ракіроўка для музычных дасьледчыкаў.
ТГ: «Забароненыя» творцы па-твойму вартыя ўвагі ці спагады, ці павагі, ці захапленьня ці нечага яшчэ?
Нягледзячы на беларускамоўнасьць, зацёртыя CD N.R.M. у юнацікх архівах-каробках, чытаньне «Хартыі» на алькагольных флэтах у 18 гадоў і ўдзел у Плошчы-2006 мая абазнанасьць у складаных пытаньнях застаецца на абыватальскім узроўні. І я бы хацеў, каб мае меркаваньні людзі ўспрымалі, як думкі шэраговага чалавека. Гэта такі кантэкст, вось.
А творцы… Мы сталелі і разумелі жыцьцё на іх творчасьці, хаця ў нас ё і іншыя любімыя замежныя гурты і парачка загонных песень з папсы, пра якія мы ня хочам нікому распавядаць. Сваіх мы любім і паважаем. І можам пад піўко адрывацца на іх канцэртах. Але вось канцэрты цяпер сталі забараняць — ну нічога, у нас ё шэнгены і мы ў Вільні таксама можам іх слухануць. А яшчэ ж ё утульны фэйсбучак ці ўкантакцік — там яны таксама ёсьць. То бок, праблема «чорнага сьпісу» гэта праблема саміх творцаў. На жаль, канечне. Ведаю толькі адно — ім ня трэба ад нас нейкае нікчэмнае шкадаваньне і сум. Калі яны для нас сапраўдныя лідэры — маральныя, культурныя, нацыянальныя, мы мусім ставіцца належна да іх. Але калі мы хочам сапраўды нешта зьмяніць, то замала будзе проста лайкаць фотачкі ў фэйсбучаку.
ТГ: Відэа праекту ты вырашыў рабіць з ангельскімі субтытрамі. Гэта ад жаданьня падзівіць замежнікаў нашай мясцовай экзотыкай? На якую аўдыторыю ты разьлічваў?
Тытры — гэта звычайнае жаданьне паказаць тэму больш шырокаму колу зацікаўленых. Зьдзіўляць кагосьці я не зьбіраўся, бо для мяне дзіўна ў гэтай тэме толькі адно — як творцам у такіх умовах удаецца яшчэ нешта выціскаць зь сябе. Ну, калі агулам пра аўдыторыю праекту, то хацеў бы каб дзевачкі з ўкантакціка гэта пабачылі. За астатніх не перажываю.
ТГ: Атмасфэра савецкіх дакумэнтальных перабудовачных стужак — яна наўмысная ці так атрымалася?
Спадзяюся, што такая атмасфэра ў мультымэдыя ня створаная мною, а проста дакладна адлюстроўвае нашу сёньняшнюю рэчаіснасьць. Так было б прыемней мне, як аўтару. Але не я адзін тут вінаваты, што гэта ўсё падобна на савок, гэта я ўжо пра рэальнасьць, якую паспрабаваў перадаць у сваім праекце. Хаця частка outro гэта пра нейкія канкрэтна нашы беларускія рэаліі, загоны і тэндэнцыі. У гэтым ёсьць нейкі добры патас і пазытыў.
ТГ: На тваю думку, ці рэальна разьвязаць гэтую праблему забаронаў і чорных сьпісаў?
Мой адказ на сёння радыкальны ў сваёй простасьці — так. І ўсе ведаюць як. Нехта гэта фармулюе нават трыма літарамі.
Сяргей Гудзілін — адзін з самых таленавітых маладых фатографаў Беларусі. Нарадзіўся ў 1987 годзе ў Жодзіне. У 2011 атрымаў Гран-Пры на конкурсе прафэсійных фатографаў Belarus Press Photo. Супрацоўнічае з газэтай «Наша Ніва». Задума яго аўтарскага праекту «Black List of Arts» у тым, каб паказаць паўсядзённае жыцьцё беларускіх культурных дзеячоў, якія трапілі ў т. зв. «чорны сьпіс». Сярод яго герояў — Сяргей Міхалок, Лявон Вольскі, Аляксандар Кульлінковіч, Ігар Варашкевіч, Зьміцер Вайцюшкевіч, Наста Шпакоўская, «Свабодны тэатар», мастак Алесь Марачкін. Падрабязьней пра праект.