viasna on patreon

Незалежная суполка “Граніта”: мы – не “пятая калона”

2012 2012-06-06T12:40:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/granit-vuveska.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Незалежная суполка “Граніта” не прымае ўдзелу ў палітыцы. Такі зварот у беларускія СМІ накіравалі сябры незалежнай суполкі на прадпрыемстве “Граніт” у Мікашэвічах.

Справа ў тым, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі прадстаўляюць рабочых незалежнай суполкі як “пятую калону” і амаль агентамі замежных разведак. Але гэта “гнюсная правакацыя ў адрас незалежнага прафсаюза “Граніта”, якая сыходзіць ад нядбайных чыноўнікаў і ілжывых ідэолагаў”, адзначаюць сябры незалежнага прафсаюза.

Далей аўтары звароту адхрышчваюцца ад палітыкі і тлумачаць, чаму яны стварылі незалежную суполку: «хамства начальнікаў, цяжкі матэрыяльны стан і палітыка кіраўніцтва РУВП „Граніт“, якая нахабна абірае працоўных, інжынераў і служачых нашага прадпрыемства. [...] Масавы выхад з дзяржаўнага прафсаюзу стаў прамым вынікам яго поўнага бяздзеяння ў справе абароны правоў найманых працаўнікоў. Ні для кога не сакрэт, што дзяржаўныя прафсаюзы служаць усяго толькі паслухмяным прыдаткам адміністрацыі і не больш за тое. Сутыкнуўшыся з моцным супрацьдзеяннем у стварэнні нашай прафсаюзнай арганізацыі з боку кіраўніцтва прадпрыемства і дзяржаўных чыноўнікаў, мы задаемся наступнымі пытаннямі: чаму, жывучы ў дэмакратычнай краіне, мы не можам рэалізаваць сваё законнае канстытуцыйнае права на прафесійны саюз? Хто зацікаўлены ў тым, каб адміністрацыя беларускіх прадпрыемстваў і надалей заставалася абсалютна бескантрольнай перад працоўнымі калектывамі? Каму выгадна мэтанакіравана дыскрэдытаваць дзяржаву і кіраўніцтва краіны перад працоўнымі Беларусі і ўсясветнай супольнасцю?»

У звароце рабочыя патрабуюць ад чыноўнікаў і ідэолагаў спыніць «увядзенне ў зман кіраўніцтва краіны”. Яны даводзяць, што “не працоўныя вінаватыя ў тым, што адбываецца на нашай вытворчасці, і не нейкія там „пятыя калоны“, агенты і шпіёны. Прычына ўсяму зразумелая — толькі кіраўніцтва прадпрыемстваў у адказе за тое, што яно чыніць і што сабе дазваляе».

У канцы звароту гранітаўскія незалежнікі звяртаюцца да рабочых з лозунгамі аб тым, што хопіць карміць прафсаюзных бюракратаў, трэба гнаць з пасад усіх, хто п’е кроў рабочых, хопіць баяцца.

Таксама незалежнікі -“гранітаўцы” дзякуюць незалежным беларускім і міжнародным прафсаюзам за падтрымку.

Нагадаем, што ў канцы 2011 года некалькі соцень рабочых мікашэвіцкага прадпрыемства “Граніт” выйшла з афіцыйнага прафсаюза і стварылі незалежны прафсаюз. З гэтага часу ўзнік канфлікт паміж адміністрацыяй завода і гэтымі рабочымі, пачаліся звальненні актывістаў, ідуць суды.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства