Бабруйск: Міхаіл Кавалькоў судзіцца з кіраўніцтвам заводу
Лідэр пярвічкі Свабоднага прафсаюза Беларускага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТдіА) Міхаіл Кавалькоў судзіцца за права без перашкодаў выконваць свае абавязкі.
- Заўтра, 5 чэрвеня, бабруйская суддзя Тамара Карпоўская заслухае спрэчкі бакоў і павінна вынесці рашэнне па маёй справе, - распавядае Міхаіл Кавалькоў. – Мне ёсць што ёй сказаць, але яна адхіляе ўсе мае хадатайніцтвы. Хаця факт дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасці відавочны.
Міхаіл Кавалькоў не мае магчымасці без перашкодаў патрапіць на сваё працоўнае месца з лістапада мінулага года. З таго часу ў бюро прапускоў яму заблакавалі пастаянны пропуск і пачалі выдаваць аднаразовыя. Але былі выпадкі, калі прафсаюзнаму лідэру не выдавалі нават такія прапускі, быццам бы з-за таго, што ён не прадставіў кіраўніцтву ТДіА свой працоўны графік.
Гэтыя прэтэнзіі па графіку Міхаіл Кавалькоў лічыць бязглуздымі, бо па закону аб прафсаюзах ён павінен мець вольны доступ у любы час у тыя месцы, дзе працуюць сябры незалежнага прафсаюза.