Вывесіўшага ў Віцебску сцяг вінавацяць у нанясенні матэрыяльнай шкоды
Пра з'яўленне сцяга на даху інтэрната медыцынскага універсітэту апыталі віцебскую актывістку "Еўрапейскай Беларусі" Алену Семенчукову. Падставай для падазрэнняў стаў фотаапарат, які дзяўчына мела пры сабе 4 траўня – у дзень з'яўлення сцяга.
Віцебская актывістка распавяла, што ёй патэлефанаваў капітан міліцыі Валеры Вашкель і запрасіў на гутарку. Алена Семенчукова прапанавала паразмаляць па тэлефоне, аднак супрацоўніка міліцыі гэтая прапанова не задаволіла. Дзяўчына запатрабавала, каб ёй даслалі позву, і праз некалькі гадзінаў капітан міліцыі зрабіў гэта асабіста.
Паводле Алены Семенчуковай, у міліцыі распытвалі, што яна і яе непаўнагадовы брат Сяргей рабілі 4 траўня на праспекце Фрунзе, дзе на адным з будынкаў 4 траўня быў вывешаны сцяг. Супрацоўнікі міліцыі сказалі дзяўчыне, што завялі справу паводле гэтага інцыдэнту, бо на даху інтэрната нібыта былі пашкоджаныя нейкія трубы, пра што маецца адпаведны акт. І цяпер трэба знайсці таго, хто нанёс матэрыяльную шкоду медуніверсітэту.
Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што вырашылі апытаць на гэты конт менавіта Алену Семенчукову, бо яна на праспекце Фрунзе была з фотаапаратам і нешта здымала.
Таксама яны папрасілі перадаць яе брату Сяргею, які зараз жыве ў іншым горадзе, каб ён таксама з'явіўся на гутарку ў інспекцыю па справах непаўнагадовых.
Раней у інспекцыю выклікалі
маці Алены. Тады ў спадарыні запыталіся, ці ведае яна пра палітычныя
перакананні дачкі і пра тое, што 20 сакавіка Алену затрымлівалі з плакатам "Свабоду
Сяргею Каваленку". Тады суддзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова
аштрафавала актывістку за правядзенне несанкцыянаванай акцыі штрафам у памеры
175 тысяч рублёў. Маці пра гэта ведала, так што "выхаваўчай гутаркі"
у міліцыі не атрымалася. Інспектар Вячаслаў Петкун параіў жанчыне
"пагаварыць" з дзецьмі, каб яны "не сапсавалі сабе далейшае
жыццё"