Веданне дзяржаўнага гімна -- паказчык “сапраўднага патрыятызма”
Супрацоўнікі бабруйскага гарвыканкама правялі пасяджэнне па тэме грамадзянска-патрыятычнага выхавання, дзе задаліся пытаннямі кшталту “як бабруйская моладзь праяўляе любоў да сваёй радзімы?” Пра гэта паведамляе газета гарвыканкама “Бабруйскае жыццё” у артыкуле “Хто ты: патрыёт, патриот, patriot?”(№ 26).
Рэдактар газеты Аляксандр Казак піша, што чыноўнікі зачыталі старшыні гарвыканкама Дзмітрыю Бонахаву шэраг справаздач аб праведзеных “патрыятычных” мерапрыемствах, але гэта яго мала зацікавіла. А закранула яго іншае – няведанне моладдзю афіцыйнага гімна. “Юнак з вудай на трыбунах, на якой лунае флаг БРСМ, гэта яшчэ не патрыёт… Без прымусу, а па перакананні трэба пець дзяржаўны гімн, служыць у войску, галасаваць на выбарах. Канечне, калі ты сапраўдны грамадзянін сваёй краіны. А гэта даказваецца толькі справай: на суботніку, на спартыўнай пляцоўцы, ля станка”, - цытуе аўтар словы Бонахава.
Напрыканцы сустрэчы старшыня гарвыканкама прапанаваў падначаленым праверыць гараджан на патрыятызм. “…Кіраўнік горада прапанаваў яшчэ адзін, непратакольны паказчык узроўню патрыятызму бабруйчан: паглядзець на Дзень Незалежнасці, як мы ўсе разам праспяваем гімн Рэспублікі Беларусь”, - піша Аляксандр Казак.
Як правіла, падобныя намёкі высокіх чыноўнікаў падначаленыя ўспрымаюць літаральна. Напэўна, бабруйчанам усё ж варта чакаць прымусовай “зуброжкі” гімна ў працоўных калектывах…