Гарадзенскі абласны суд разгледзеў скаргу слонімскага актывіста Алеся Масюка за 10 секунд
Менавіта столькі спатрэбілася часу суддзі абласнога суду Мікалаю Рачынскаму, каб паведаміць пра тое, што скарга слонімскага грамадскага актывіста Алеся Масюка на пастанову Слонімскага раённага суду пакідаецца без задавальнення. Сам Алесь Масюк на паседжанне прыехаць не здолеў, таму што мусіў быць у гэты час на працы.
Нагадаем, што 12 кастрычніка суддзя Слонімскага раённага суду Тамара Хамінец аштрафавала сябра БХД Масюка на пяць базавых велічыняў нібыта за правапарушэнне паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Актывіста аштрафавалі за ўдзел у Народным сходзе, які прайшоў у Слоніме 8 кастрычніка.
Гарадзенскія праваабаронцы адзначаюць, што за апошнія 5 гадоў яшчэ не было выпадку, каб гарадзенскі абласны суд перагледзеў хоць бы адно рашэнне судоў ніжэйшай інстанцыі ў дачыненні да грамадска-палітычных актывістаў.