Затрыманьні на “маўклівай акцыі” 20 ліпеня ў Менску (абнаўляецца)
У Менску праходзіць чарговая акцыя “маўклівага пратэсту”. Удзельнікі збіраліся на Кастрычніцкай плошчы. Навакольныя вуліцы і двары былі запоўненыя міліцыянтамі, АМАПаўцамі і асобамі ў цывільным. Скрайняя левая паласа дарогі ўздоўж праспекта Незалежнасьці перакрытая.
Сярод затрыманых - Сяргей Аніскевіч.
22:30 З Цэнтральнага РАУС выпусьцілі 2 непаўнагадовых: Лісоўскі (16 год) і Манайленка (17 год).
22:00 Стала вядома, што каля ўніверсаму "Цэнтральны" затрымалі Вольгу Бандарэнка. Суд над ёй адбудзецца заўтра.
21:45 Хуткая дапамога забрала адну з затрыманых. На астатніх складзеныя пратаколы, іх павязуць на Акрэсьціна.
21:30 Да Цэнтральнага РАУСа пад'ехала машына хуткай дапамогі. Ніякай інфармацыі з гэтай нагоды не даюць.
20:50 Прозьвішчы некаторых асобаў, дастаўленых у Цэнтральны РАУС: Шапавалаў Павел, Верчанкова Настасся (вывезьлі з РАУСа на хуткай дапамозе), Клімовіч Аляксандра. У РАУС анікога не пускаюць, не адказваюць на пытаньні адносна затрыманых.
20:12 Адзін з затрыманых, Яўген Іванюк, даслаў СМС журналістам "Нашай нівы" з паведамленьнем, што ў Цэнтральны РАУС вязуць 16 чалавек.
19:46 Сярод затрыманых - Алена Ліхавід, маці палітвязьня Мікіты Ліхавіда. Зь ёй разам у аўтобусе знаходзяцца яшчэ 3 затрыманых: Буянаў Дзьмітры (1989 г.н.), Хіневіч Вольга і Хіневіч Сяргей. Іх адвезьлі ў Цэнтральны РАУС.
Затрыманы фотажурналіст Цімох Скібенка (адпушчаны з аўтазака).
19:42 Адбываюцца затрыманьні каля кінатэатру "Перамога". Людзей зацягваюць у аўтобус без нумарных знакаў.
19:37 На скрыжаваньні вуліц Леніна ды Інтэрнацыянальнай затрымалі прыкладна 8-10 чалавек.