Віцебск: За заклік да байкоту – арышт і штраф
Віцебскія апазіцыянеры Барыс Хамайда і Ян Дзяржаўцаў выйшлі на вуліцу Леніна з плякатамі “Толькі байкот” і “Удзел у выбарчым фарсе – гэта здрада Радзіме”. Праз дзве гадзіны яны апынуліся ў Чыгуначным райаддзеле міліцыі, дзе на іх склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне. А яшчэ праз пару гадзін суддзя Алена Цыганкова вынесла рашэнне: пакараць Хамайду 5 суткамі арышту, а Дзяржаўцава аштрафаваць на 350 тысяч рублёў.
Барыс Хамайда сёлета ўжо ня першы раз затрыманы за парушэнне артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса, таму суд пакараў яго больш строга. Для Яна Дзяржаўцава гэтае затрыманьне першае ў гэтым годзе.
Абодва апазіцыянеры кажуць, што выйшлі агітаваць за байкот выбараў, бо лічыць Аляксандра Лукашэнку нелігітымным прэзідэнтам, які не мае права балатавацца. У перамогу іншага кандыдата яны не вераць: кажуць, што сістэма ўжо адладжаная, і выбарчыя камісіі “падвядуць” такі вынік, што перамога А.Лукашэнку будзе забяспечаная.
Віцебскія мінакі выказвалі салідарнасць з гэтай думкай: яны не верыць, што выбары пройдуць чэсна.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі прыхільнікаў байкоту на той падставе, што пляцоўка каля так званага “сіняга дому” – дому №28 па вуліцы Леніна – не ўваходзіць у пералік месцаў, вызначаных для вулічнай перадвыбарчай агітацыі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Фота: Ян Дзяржаўцаў і Барыс Хамайда