Сяргею Слюсару дабавілі яшчэ 10 сутак
Актывісту Сяргею Слюсару , які з 17 кастрычніка знаходзіцца ў Бабруйскім ІЧУ, 20 кастрычніка працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на 10 сутак. Нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з КПК РБ тэрмін затрыманьня падазраванага не можа перавышаць 3 сутак, у асобных выпадках па распараджэньні пракурора тэрмін можа быць прадоўжаны да 10 сутак.
Нагадаем, што ў ноч з 16 на 17 кастрычніка ў Бабруйску адбыўся напад на будынак КДБ. Пра некалькі гадзін да Слюсара, які пражывае разам з бацькамі, прыехалі супрацоўнікі міліцыі, паднялі з ложка і апыталі. Аднак бацька заявіў, што сын у гэты час знаходзіўся дома і нікуды не выходзіў.
Днём 17 кастрычніка аператыўнікі разам з супрацоўнікамі КДБ правялі ў яго дома ператрус, пры гэтым сканфіскаваўшы некалькі дыскаў, вінчэсцер з кампутара і бутэльку растваральніка, а Сяргея затрымалі на 3 сутак.
Сяргей Слюсар ужо затрымліваўся 3 верасьня ў падазрэньні да здзяйсьненьня нападу на расейскую амбасаду, але 12 верасьня яго адпусцілі без прад’яўленьня абвінавачваньня.