viasna on patreon

Be Free яднае ідэяй свабоды творчасці і самавыражэння

2009 2009-08-18T21:16:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bee_free.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародны фестываль Be Free пройдзе ў Чарнігаве (Украіна) 22-23 жніўня. Мэта фестываля - аб'яднаць лепшыя рок-праекты і публіку суседніх краінаў ідэяй свабоды творчасці і самавыражэння, а таксама прыцягнуць увагу да сучаснай рок-сцэны Беларусі.

На фестываль запрошаныя 20 маладых і вядомых гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы і Францыі. Хэдлайнерамі гэтага году будуць гурты "Ляпис Трубецкой" (Беларусь) i "Воплі Відоплясова" (Украiна), да якіх далучацца госці з Польшчы (Zero-85) і Францыі (Vladivostok), а таксама шэраг маладых і вядомых гуртроў з Беларусі - B:N, Zatochka, Tarpach, Partyzon, Pomidor/OFF, LitvinTroll, Imprudence, ULIS  і інш. У бліжэйшы час вызначыцца і поўны спіс украінскіх удзельнікаў фэсту.

Украіна абраная месцам для сустрэчы музычных ініцыятыў рэгіёну невыпадкова: публіцы з Літвы ці Польшчы для прыезду сюды не спатрэбіцца віза, што дазволіць прыцягнуць да фэсту больш слухачоў, а ў дадатак, Чарнігаў размешчаны блізка да межаў Расіі і Беларусі. Апроч таго, зарганізаваць open-air ва Ўкраіне нашмат прасцей, чым у Беларусі.

Сёлетняй пляцоўкай фестывалю абрана жывапіснае месца паміж Цэнтральным гарадскім паркам культуры і адпачынку ("Горсад") і турыстычным комплексам, у які ўваходзяць гатэлі "Брянск", "Профсоюзная" і "Придеснянская". Менавіта там, на беразе Дзясны, на працягу двух дзён будуць адбывацца канцэрты пад адкрытым небам.

Уваход на фестываль бясплатны, а для публікі з-за межаў гораду непадалёку ад сцэны будзе арганізаваная пляцоўка для намётавага мястэчка.

Арганізатары фэсту – музычны лэйбл БМАgroup ("Беларуская музычная альтэрнатыва", belmusic.org), Еўрапейскае Радыё для Беларусі (www.euroradio.fm) і моладзевая ініцыятыва “СтудФармат” (www.studfarmat.org). Партнёры з украінскага боку - Чарнігаўскі рок-клуб, Грамадзянскі цэнтар правоў чалавека. Фестываль праходзіць пад патранатам гарадскіх уладаў Чарнігава. Інфармацыйную падтрымку фэсту аказваюць cайты music.fromby.net, nn.by, budzma.org, http://rock.cn.ua/.

Віталь Супрановіч, які прадстаўляе БМАgroup, тлумачыць задумку фестываля:

"Мы лічым, што фэст Be Free - гэта перш за ўсё магчымасць для музыкаў і публікі свабодна абменьвацца творчымі ідэямі. Што важна, усё гэта адбываецца ў памежным рэгіёне, а значыць, удзельнікі Be Free змогуць болей даведацца пра сваіх суседзяў і наладзіць кантакты, якія не абмяжуюцца толькі гэтым фестывалем."

Аляксей Лукашэвіч з ініцыятывы "Студфармат" акцэнтуе ўвагу на моладзевасці Be Free:

"Маладзёвасць, нефармальнасць, адкрытасць і свабода - вось галоўныя рысы нашага фестывалю, адсюль і назва "Be Free". Дарэчы, гэтую назву публіка ў мінулым годзе таксама трактавала абсалютна вольна - ад традыцыйнага "Быць свабодным" да "Пчолкі на волі" або нават "Бульба-фры". Якое гучанне ў фэсту будзе ў гэтым годзе, вырашаць гледачы, для кіх мы традыцыйна арганізоўваем бясплатны - free - уваход на ўсе канцэрты."

 

Што значыць Be Free для ўдзельнікі фэсту?

 

Cяргей Міхалок, гурт "Ляпис Трубецкой":

"Я ўпэўнены, што можна быць абсалютна свабодным чалавекам пры любым таталітарным рэжыме і абсалютна залежным пры любой найбольш развітай дэмакратыі. Для мяне свабода - гэта перш за ўсё адсутнасць залежнасцяў. Залежнасці могуць быць самыя розныя: алкаголь, наркотыкі, дарагія аўтамабілі, сяброўства з "моцнымі гэтага свету", кантакты з людзьмі, якія табе нецікавыя, але "могуць спатрэбіцца" - я ад усяго гэтага абсалютна свядома адмаўляюся. І канешне, свабода немагчымая без ведаў. "Perfice te", "удасканальвай сябе" - вось лозунг жыхароў старажытнасці. Чым болей ты ведаеш, тым лягчэй можна дабіцца поўнай незалежнасці. Няведанне - гэта дабраахвотная няволя, а веды - гэта моц і свабода".

Слава Корань, лідар рок-гурта ULIS, адзін з арганізатараў фэсту:

"Для мяне вельмі важна, што ў назве фэсту ёсць слова "свабода". Свабода - гэта пазбаўленне ад уласных комплексаў, такіх як прагненне ўлады, сквапнасць, страх, раўнадушша, нянавісць... Быць свабодным можна толькі тады, калі любоў да навакольнага свету, спагада, адчуванне роўнасці і сусветнай справядлівасці будуць пераважаць унутры цябе, і тады ніякая фізічная несвабода не зможа цябе падняволіць. Не рабі іншым таго, чаго не хацеў бы, каб зрабілі табе - гэта лозунг свабоднага чалавека".

Олег Скрипка, "Воплі Відоплясова":

"Рок-музыка вельмі цесна звязаная з адчуваннем свабоды. Я лічу, што Be Free - нядрэнны слоган для рок-фестываля, тым болей, правільна расстаўляюцца акцэнты, што гэта фэст проста за свабоду - за свабоду мыслення, руху, свабоду спяваць або проста кантактаваць. У гэтага проста не можа быць праціўнікаў. Мы жывем у такім заангажаваным свеце, у такі час, калі трэба казаць пра вельмі простыя, але вельмі патрэбныя рэчы.

У нас мала рок-тусовак і рок-фестываляў. І стварыць новы напрамак, новую пляцоўку, дзе аб'яднаюцца беларускія і ўкраінскія рок-гурты - гэта добрая ініцыятыва. Да таго ж, прызнаюся, што я  - фанат беларускай рок-музыкі...

Украінскі слухач амаль не ведае  нічога пра беларускую музыку, апроч таго, што круціцца часам па тэлебачанні, але гэта вельмі малая частка... Мне як музыканту, і людзям, якія цікавяцца музыкай, заўсёды цікава - якія ёсць маладыя гурты, андэграўдныя гурты,  хто ездзіць па замежных канцэртах. Я ведаю спецыфіку Беларусі, дзе шмат гуртоў канцэртуе па Еўропе, асабліва ў Польшчы. І можа, той факт, што Беларусь так актыўна экспартуе сваю музыку, прыводзіць да таго, што узровень гэтай музыкі даволі высокі. Калі параўноўваць з украінскімі ці расійскімі гуртамі, то я лічу, што прафесійны ўзровень беларусаў нашмат вышэй."

Гурт Vladivostok, Францыя:

"Мы вельмі радыя магчымасці граць ва Усходняй Еўропе, бо гэта вельмі адрозніваецца ад таго, да чаго мы прывыклі ў Францыі. У мінулым годез мы ўжо выступалі на Be Free у Львове і былі проста ў захапленні.

Нас вельмі цікавіць тое, што адбываецца ў Беларусі, у нас нават ёсць песня, прысвечаная Беларусі, і калі ў нас з'явілася магчымасць выступіць перад беларусамі - гэта было проста цудоўна. Прасоўванне свабоды, на ўсіх яе ўзроўнях, - гэта вельмі важная задача. І мы цешымся магчымасці падтрымаць гэта сваім удзелам у Be Free ў гэтым годзе.

Апроч таго, нас вельмі цікавіць магчымасць быць на адной сцэне з гуртамі з іншых краінаў, бо нам падабаецца дзяліцца сваёй музыкай і шукаць натхнення ў музыцы іншых. Мы асабліва цэнім магчымасць пазнаёміцца з музыкамі з Украіны і Беларусі. Мы радыя бачыць, што гурты з розных краінаў могуць аб'яднацца на падставе такога агульнага ідэалу, як свабода. Да сустрэчы на нашым канцэрце!"

 

Кантакты арганізатараў:

Сайт фестывалю http://festsvabody.org

LiveJournal http://fest_svabody.livejournal.com

Vkontakte http://vkontakte.ru/club10165314

Myspace http://myspace.com/fest_svabody

e-mail: fest.svabody@gmail.com

 

Тэлефоны: У Беларусi  +375 29 6490888 (Віталь Супрановіч)

                   Вa Украіне (ад 5 жніўня) + 380 63 789 68 99(Аляксей Лукашэвіч)

                                       +380 95 408 05 60 (Аляксандр Жалязноў)

                   У Польшчы +48 516 68 88 63 (Марыя Садоўская)

                                        +48 694 716 184 (Слава Корань)

 

Спіс гуртоў-удзельнікаў фэсту (будзе дапоўнены некалькімі ўкраінскімі гуртамі)

22 жніўня, субота

Re1ikt

B:N

ZATOCZKA

Partyzone

Pomidor/OFF

Znich

Vladivostok (Францыя)

Ляпис Трубецкой

23 жніўня, нядзеля

Glofira

Tarpach

Hair Peace Salon

LitvinTroll

Imprudence

Zero-85 (Польшча)

ULIS

Воплi Вiдоплясова (Украіна)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства