viasna on patreon

Ганна Хітрык: “Дзяржава не павінна забіваць людзей. Дзяржава – гэта людзі, якіх мы абралі, на якіх мы спадзяемся, якім мы давяраем. І калі людзі, якім мы давяраем, будуць забойцамі, то якія ж яны людзі і якія ж мы людзі, калі абралі іх!” (Відэа)

2009 2009-06-03T18:58:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/xitrik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»


Ганна Хітрык, акторка Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы, аўтарка песень і лідэр гурта “Дзецідзяцей”, рок-князёўна’2008, далучылася да кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Выказваючы сваё меркаванне наконт узнятай праваабаронцамі праблемы, Ганна зазначыла, што “жадаць смерці – значыць псаваць сябе…і калі ты за смяротную кару, значыць ты і за вайну”.

 

“Я ўвогуле не ведаю, што можа змусіць мяне сказаць, што я за тое, каб кагосьці не стала, кагосьці жывога. І я не разумею людзей, якія кажуць: так, гэтага чалавека трэба прыбраць, знішчыць, груба кажучы, забіць. Мне здаецца, калі ты за смяротную кару, значыць, ты і за вайну.

Я разумею, што чалавек, якога прыгаворваюць да такога пакарання, зрабіў шмат чагосьці нядобрага. Але я не думаю, што за той час, пакуль ён будзе рыхтавацца да сваёй смерці, ён будзе толькі раскайвацца ў тым, што зрабіў.

На маю думку, помста - гэта ўвогуле кепска. Магчыма, чалавек павінен сядзець і доўга-доўга думаць над тым, што ён зрабіў, ці проста чакаць. У любым выпадку, калі чалавек ведае, што не ўбачыць больш святла, не ўбачыць больш сонейка, не ўбачыць усмешак, не ўбачыць родных, гэта нашмат цяжэй перанесці, чым проста памерці. Вядома, страх смерці ў яго канечне будзе. Страх не пабачыць больш нічога, акрамя чатырох сценаў. Адзінота - гэта вельмі страшна. Хаця некаторыя ставяцца да гэтага бязбоязна -  пакуль тое не кранецца іх, пакуль ім не скажуць, што ты будзеш сядзець тут да канца сваіх дзён…

Я не стану казаць, што нас стварыў Бог і яму вырашаць, як і што будзе. Бо ёсць атэісты, няверуючыя. Але штосьці нас сюды прывяло. І для чагосьці мы ёсць…

Пагаджуся, што першая мая рэакцыя, калі б мне сказалі, што, маўляў, Хітрык, ён зрабіў гэтае, гэтае і гэтае, - каб толькі яго не было! Але гэта першая рэакцыя! Гэта эмоцыя! А калі падумаць, я разумею, што не варта забіваць. Жадаць смерці – значыць псаваць сябе. Унутры сапсаваць сябе. Не варта псаваць. Чалавек, які здзейсніў злачынства, ужо сапсаваў усё.

Дзяржава не павінна забіваць людзей. Дзяржава – гэта людзі, якіх мы абралі, на якіх мы спадзяемся, якім мы давяраем. І калі людзі, якім мы давяраем, будуць забойцамі, то якія ж яны людзі і якія ж мы людзі, калі абралі іх!”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства