Праваабаронцы аб'яўляюць конкурс творчых прац на тэму смяротнага пакарання
Запрашаем да ўдзелу ў конкурсе творчых прац на тэму смяротнага пакарання!
У студзені 2009 году ў Беларусі распачалася кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. У рамках гэтай кампаніі абвяшчаецца конкурс творчых прац па тэме смяротнага пакарання.
Нагадаем, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на пастсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу выконваюць смяротныя прысуды. А права на жыццё з’яўляецца неад’емным правам кожнага чалавека.
Конкурс праводзіцца пад эгідай праваабаронцаў і такіх арганізацыяў, як Беларускі Хельсінскі Камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Пэн-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Мэта конкурсу – прыцягненне ўвагі грамадства і дзяржавы да праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі.
Удзельнікам конкурсу прапануецца выказаць сваё стаўленне да выключнай меры пакарання – смяротнай кары.
Умовы конкурсу:
Творчыя працы па праблеме смяротнага пакарання прымаюцца толькі ў электронным выглядзе памерам не болей за 3 друкаваныя старонкі.
Калі ласка, дасылайце свае працы да 25 траўня 2009 году на электронную скрыню
У лісце павінна быць змешчаная кантактная інфармацыя, імя і прозвішча аўтара.
Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны прызамі. А лепшыя працы будуць змешчаныя на сайтах арганізатараў і патрапяць у зборнік творчых прац.
Арганізатары конкурсу пакідаюць за сабой права далейшага выкарыстання конкурсных прац з указаннем імя аўтара ў асветніцкай і іншай дзейнасці, скіраванай на прасоўванне і абарону правоў чалавека.
“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”