Адам Глобус: “Каб людзі не ператвараліся ў звяроў, а тым больш не ператваралася наша дзяржава ў звярыную зграю, мы павінны, абавязаныя змагацца супраць смяротнага пакарання. Каб заставацца людзьмі” (Відэа)

2009 2009-02-10T17:45:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hlobus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Адам Глобус

Адам Глобус


Адам Глобус, знакавая фігура беларускай культурнай прасторы, пісьменнік, паэт, мастак і выдавец, далучыўся да кампаніі супраць смяротнага пакарання і прывёў трапныя аргументы ў абгрунтаванне такой сваёй пазіцыі.

 

“Я супраць смяротнага пакарання. Чаму?

Па-першае, калі ў Сакрата спыталі, чаму ён не перажывае і весяліцца перад тым, як выпіць цыкуту, Сакрат сказаў, што “яны асудзілі мяне на смерць, а прырода асудзіла іх”. І можна было б паверыць Сакрату, калі б у нас быў відэазапіс з гэтай ягонай прамовай. Але справа ў тым, што ўсё, што сказаў Сакрат, запісаў Платон. Вялікі Платон, які ўсім расказваў, што ёсць такая бессмяротная душа. І пакуль людзі верылі ў бессмяротнасць душы, то нават пакуты Хрыста на крыжы выглядалі досыць прыстойна. Вось чалавек ахвяруе сабой, яго пакаралі, але ён уваскрасае. Мы ў гэта верылі, чалавецтва, я маю на ўвазе. Але цяпер мы ж у гэта не верым. Мы не верым Платону, мы не верым ў хрысціянства. І таму мы не павінны браць на сябе функцыі прыроды. Толькі прырода асуджае ўсіх нас на смерць, а мы не павінны падмяняць сабой прыроду.

 

Я супраць смяротнага пакарання яшчэ і таму, што калі наша дзяржава, ці любая іншая дзяржава, асуджае чалавека на смерць і знішчае яго, замест аднаго забойцы ў нашым грамадстве застаюцца некалькі. Гэта пракурор, які патрабаваў смяротнага пакарання - гэта забойца. Гэта суддзя, які вынес чалавеку смяротны прысуд - гэта таксама забойца. Гэта кат, які здзейсніў забойства. Атрымліваецца, калі ў грамадстве, у дзяржаве, некага мы забіваем, мы замест аднаго забойцы атрымліваем трох. Мы плодзім забойцаў у дзяржаве, а гэта недапушчальная з’ява.  

 

Смяротную кару трэба адмяняць. Яшчэ і вось чаму. Чалавека, які забіў, згвалціў, знішчыў пяцьсот асобаў, пяцьсот іншых людзей, безумоўна, яго трэба асудзіць, яго трэба ізаляваць ад грамадства. Але - ці нармальны гэта чалавек? Я лічу, што калі людзі, якія гвалтуюць, забіваюць іншых людзей беспадстаўна, безумоўна, хворыя людзі. І таму, калі мне нехта гаворыць, што Чыкаціла ці іншы маньяк прызнаны нармальным, у мяне вялікія сумневы. І таму гэтых людзей трэба вывучаць, даследваць, а не проста знішчыць і забыць пра іх існаванне. Таму ўзнікае яшчэ адно пытанне: чаму мы не даследуем нармальнасць людзей, якія падпісваюць смяротныя прысуды, ці нармальныя гэта людзі? Гэта вялікае пытанне! І я супраць смяротнага пакарання. І заўсёды падтрымліваю ўсіх людзей, хто супраць смяротнага пакарання.

 

Ёсць адзін вельмі важкі аргумент, які людзі звычайна гавораць у абарону смяротнага пакарання. Яны кажуць, а вось каб вашу дачку згвалтавалі ці забілі, як бы вы сябе паводзілі ў такім стане? І такім людзям я, канешне, хачу сказаць: я б адарваў табе язык за такія словы! Гэта па-першае, але гэта нелагічна. Гэтыя людзі будзяць асабіста ўва мне і ў грамадстве не чалавека, яны будзяць звярыну, звяругу, якая вылазіць з чалавека і пачынае знішчаць іншых людзей. А нашто ў нас ёсць дзяржава? Каб з нас зрабіць людзей, каб кантраляваць чалавечыя паводзіны. Каб мы былі, заставаліся людзьмі, нават у самых драматычных момантах. Як я асабіста, калі нешта такое здарыцца з маёй дачкой, ясна, што пабягу і адарву галаву гэтаму чалавеку. Таму што я ператваруся ў звера. І каб людзі не ператвараліся ў звяроў, а тым больш не ператваралася ў звера наша дзяржава, у звярыную такую зграю, мы павінны, абавязаны змагацца супраць смяротнага пакарання. Каб заставацца людзьмі”. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international