Правакацыі ў дачыненьні да нацменшасьцяў у Беларусі працягваюцца.
У суботу 6 ліпеня ў Менску праходзіла канферэнцыя, прысьвечаная праблемам нацыянальных меншасьцяў і рэлігійных канфесіяў у Беларусі. Быў прыняты зварот да прэзідэнта краіны з патрабаваньнем спыніць перасьлед лідэраў Саюзу палякаў, які падпісалі прадстаўнікі 6 нацыянальных дыяспар.
На шляху да месца правядзеньня канферэнцыі быў затрыманы міліцыянтамі ў цывільным прадстаўнік цыганскай грамады Беларусі, праваабаронца Мікола Калінін, які ў пятніцу нэгатыўна камэнтаваў для Беларускай службы радыё Свабода сітуацыю вакол Саюза палякаў. Міліцыянты паведамілі, што ў раёне здзейсьнена злачынства, таму затрымліваюцца ўсе падозраныя для высьвятленьня. Спадар Калінін быў дастаўлены ў Савецкі РУУС, дзе патлумачыў у пісьмовым выглядзе сваё знаходжаньне ў 11.40 каля станцыі метро Якуба Коласа. Таксама супрацоўнікі міліцыі знялі адбіткі пальцаў і зьнялі на відэа. Ніякіх пратаколаў не складалі і абвінавачваньняў не прад’яўлялі, адпусьцілі гадзіны праз тры.
Спадар Калінін лічыць гэтыя дзеяньні спробай запалохваньня: “Безумоўна, што гэтае затрыманьне зьвязана з маёй дзейнасьцю ў галіне правоў чалавека, у галіне нацыянальных меншасьцяў. Гэта затрыманьне невыпадковае, я да 100 адсоткаў упэўнены ў гэтым”. Акцыя беларускіх уладаў знаходзіцца ў адным шэрагу з ціскам на Саюз палякаў і яскрава дэманструе становішча нацыянальных меншасьцяў у Беларусі.