viasna on patreon

Мечаслаў Грыб: "Усялякая гвалтоўная смерць чалавека, у тым ліку і смяротнае пакаранне – гэта забойства, хаця і па рашэнні суда" (Відэа)

2009 2009-01-27T16:43:58+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mhryb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мечаслаў Грыб

Мечаслаў Грыб

Першым падпісаў петыцыю супраць смяротнага пакарання Мечыслаў Іванавіч Грыб, Заслужаны юрыст Беларусі (1994 г.), Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання (1994-1996 гг.), Старшыня Камісіі па правах чалавека пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета. Пад старшынством Мечыслава Грыба 15 сакавіка 1994 года была прынятая першая Канстытуцыя суверэннай Беларусі.

 

Далучэнне да гэтай кампаніі Мячыслава Грыба з’яўляецца сімвалічным і невыпадковым, паколькі будучы начальнікам Кіравання ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму ў студзені 1985 годзе Мечыслаў Іванавіч узначаліў следчую групу па раскрыцці серыйных забойстваў жанчын, па так званай нашумелай у свой час справе Міхасевіча. Дзякуючы працы гэтай следчай групы злачынца быў затрыманы ў лістападзе 1985 году. Падчас раскрыцця гэтага злачынства высветлілася, што раней па справе Міхасевіча былі незаконна асуджаныя 14 чалавек, адзін з іх прыгавораны да смяротнага пакарання і расстраляны.

 

          Падпісаўшы петыцыю, Мечаслаў Грыб выказаў сваё стаўленне да праблемы смяротнага пакарання:

 

“Калі ўзнікае пытанне аб смяротным пакаранні, то мне згадваецца такі канкрэтны прыклад:

29 лютага 1980 года да выключнай меры пакарання быў прыгавораны Цярэня і да 15 гадоў пазбаўлення волі – Кадушкіна за забойства Шайпук, здзейсненае ў ноч з 9-га на 10-га верасня 1979 года Міхасевічам Г.М. у Полацку. Вырак у адносінах Цярэні  прыведзены ў выкананне 20 чэрвеня 1980 года. Кадушкіна правяла ў турме больш за 6 гадоў і была вызвалена ў жніўні 1986 года пасля затрымання сапраўднага злачынцы Міхасевіча.

Па крымінальнай справе Міхасевіча было вызвалена яшчэ 11 чалавек, незаконна асуджаных Віцебскім абласным судом за забойствы жанчын, якія здзейсніў Міхасевіч. Усе яны былі рэабілітаваныя, наколькі можна было іх рэабілітаваць, бо яны адседзелі ў савецкіх лагерах ад 5 да 10 гадоў і згубілі там здароўе. Цярэня М.С. быў рэабілітаваны пасмяротна. Гэта памылка суда, якую выправіць ужо немагчыма.

Пытанне аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі не новае. Яно абмяркоўваецца ў грамадстве ўжо не адно дзесяцігоддзе. А 24 лістапада 1996 года гэтае пытанне было вынесена на разгляд рэспублікаенскага рэферэндуму. На рэферэндуме грамадзяне Беларусі выказаліся ў падтрымку выключнай меры пакарання. Праўда, вынікі галасавання пад час гэтага рэферэндуму выклікаюць абаснаваныя сумненні ў многіх спецыялістаў. І тым не менш, многія грамадзяне Беларусі па-ранейшаму лічаць, што за асобныя віды асабліва цяжкіх злачынстваў павінна прымяняцца выключная мера пакарання – смяротнае пакаранне. Гэтая мера пакарання ёсць у шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ, які дзейнічае цяпер.

Вось такая сітуацыя з прымяненнем смяротнага пакарання ў РБ на сённяшні дзень. Аднак ні пагаджацца, ні мірыцца з такім палажэннем спраў нельга.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі даўно і настойліва прапаноўваюць адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі. Гэтая прапанова падтрымліваецца на вышэйшым палітычным узроўні Еўразвязу. Так, у Беларусі ёсць рух за адмену смяротнага пакарання, праўда, пакуль слабы.

Я, як чалавек, які праслужыў у органах унутраных спраў больш за 36 календарных гадоў, які нямала пабачыў на сваім вяку, прыйшоў да высновы, што патрабаванне адмены смяротнага пакарання ў РБ справядлівае і я ўсяляк падтрымліваю яго.

Усялякая гвалтоўная смерць чалавека, у тым ліку і смяротнае пакаранне – гэта забойства, хаця і па рашэнні суда.

Ні адзін суд не застрахаваны ад судовай памылкі, ні адно судовае рашэнне не можа быць выключна аб’ектыўным хаця б таму, што яно прымаецца людзьмі, у канкрэтным выпадку – суддзямі.

 Вядома, судовую памылку можна выправіць у той ці іншай ступені, калі яна не звязана з прымяненнем выключнай меры пакарання – смяротнага пакарання.

  Мы – людзі павінны задумацца пра гэта, бо жыццё кожнага чалавека найкаштоўнейшае”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства