"Калі патрапіла дадому — убачыла кроў на джынсах". У Мінску судзяць дзяўчыну за падзеі 9 жніўня мінулага года
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 27 кастрычніка разглядаецца крымінальная справа касіра-кантралёра Яніны Сяргейчык. Яе вінавацяць у арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ).
Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня, дзяржабвінаваўца – пракурор Нічыпарук.
Раней Яніна Сяргейчык прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці 25 кастрычніка 2020 года за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і за непадпарадкаванне па арт 23.34 і 23.4 КаАП і была адміністратыўна арыштаваная на 10 сутак.
Менавіта пры затрыманні ў яе тэлефоне былі знойдзены фотаздымкі з пратэстаў і канфіскаваны сцяг.
Са слоў Яніны Сяргейчык, вечарам 9 жніўня 2020 года яны як звычайна па выхадных сабраліся кампаніяй сяброў, размаўлялі, выпілі піва, затым з ТГ-канала даведаліся, што людзі збіраюцца ў раёне Стэлы, вырашылі туды накіравацца.
З сабой у яе быў б-ч-б сцяг, які быў набыты задоўга да гэтага.
Яны пайшлі дварамі на Машэрава-Пераможцаў, на праезную частку не выходзілі, ішлі па ходніках.Там апынуліся ў раёне 21-00, было шмат людзей, транспарту не бачыла, чула, што супрацоўнікі міліцыі нешта аб'яўлялі, але паколькі было шумна не пачула што.
На праезную частку не выходзіла, стаяла недалёка ад крамы Бігз па Пераможцаў, на ёй быў накінуты б-ч-б сцяг.
Потым згубілася з сяброўкай, сталі выбухаць светлашумавыя гранаты, з астатнімі знаёмымі сышла ў двары, адтуль прыкладна ў 2 гадзіны ночы патэлефанавала сябру і ён забраў яе каля Кароны на Кальварыйскай.
Калі патрапіла дадому - убачыла кроў на джынсах, мабыць закранула аскепкам гранаты.
Па другім эпізодзе, які адбыўся 6 верасня мінулага года, аналагічнае абвінавачванне: знаходзілася ў раёне пр. Пераможцаў, з сімволікай, перашкаджала руху транспарту, не падпарадкоўвалася дзеянням супрацоўнікаў. Адвакат настойвала, што дзяўчына была нападпітку, што хоць сама Яніна гэта адмаўляла, у пратаколе гэтага не пазначана.
Сяргейчык сказала,што была там пару гадзін, рух ужо быў перакрыты, і яна не перашкаджала грамадскаму транспарту.
Сваю віну прызнала цалкам, глыбока раскаялася, больш нідзе не ўдзельнічае.
Пракурор зачытаў абвінавачванне, што Сяргейчык 9 жніўня, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, прыняла актыўныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, перашкаджала супрацоўнікам міліцыі выконваць свае абавязкі, махала сцягам і выкрыквала “Жыве Беларусь”.
Пракурор прасіў суддзю даць час адвакату на азнаямленне з матэрыяльным пазовам прадпрыемства ”Мінсктранс”.
Судовае пасяджэнне працягваецца.