Акімат, дэпартацыя і вялікія джыпы ў Данецку. Як Уладзімір Лабковіч назіраў за выбарамі ў міжнародных місіях
Праваабаронца Уладзімір Лабковіч ужо 20 год з’яўляецца сябрам “Вясны” і амаль столькі ж — каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у Беларусі. Мэта кампаніі — незалежнае і непрадузятае назіранне за тым, ці было рэалізавана ў беларусаў іх права абіраць і быць абранымі падчас розных выбараў.
Акрамя гэтага Уладзімір Лабковіч мае вялікі досвед у міжнародным незалежным назіранні за выбарамі ў розных краінах. І сёння, у Дзень народзінаў праваабаронцы, які ён сустракае за кратамі, калегі зняволенага “вясноўца” ўзгадваюць пра ягоныя рызыкоўныя прыгоды падчас розных місій назірання.
Уладзь — герой у вачах кіргізскага народу
Праваабаронца “Вясны” Уладзімір Вялічкін удзельнічаў разам з Уладзімірам Лабковічам у місіі незалежнага назірання ад ENEMO (еўрапейская сетка назірання за выбарамі) у Кыргызстане падчас парламенцкіх выбараў у лютым 2005 года. Лабковіч паехаў назіраць у мясцовасць каля горада Джалал-Абат, распавядае Вялічкін:
“Паўсюль было бачна, што ўсе гэтыя выбары кантраляваліся мясцовымі спецслужбамі. Куды ні пад'язджаеш — дакладна бачыш, што цябе чакаюць. Але справа ў іншым.
Непасрэдна ў месцы назірання Лабковіч як міжнародны дасведчаны назіральнік выявіў шмат парушэння выбарчага заканадаўства на карысць праўладных кандыдатаў. У дадатак так склалася, што апазіцыйны кандыдат быў добра вядомы мясцовым людзям, бо з гэтым электаратам ён добра працаваў. Таму людзі абурыліся тым, што яны галасавалі за свайго народнага прадстаўніка, а ў выніку чамусьці прайшоў прадстаўнік улады. Да таго ж, сам раён быў пратэсны: раней ужо быў выпадак, калі людзі паспрабавалі захапіць акімат (так у Кыргызстане называецца райвыканкам — заўв. рэд.) і ім гэта ўдалося, але акім (кіраўнік акімата — заўв. рэд.) у той раз уцёк праз вакно. І гэтым разам адбылася падобная сітуацыя: людзі, абураныя вынікамі выбараў, зноў атачылі акімат, паставілі юрты на дарогах, што немагчыма было праехаць. І акім, які старшынстваваў там на выбарах, апынуўся заблакаваны ў сваім кабінеце. Вакол будынка скакалі наезнікі на канях з крыкамі: "Акім, гэтым разам ты не ўцячэш!" І ўзнікла непасрэдная пагроза: акім, відавочна, асцерагаўся за сваё жыццё і не хацеў адчыняць дзверы.
І тут як раз на вочы мясцовага насельніцтва патрапіў міжнародны назіральнік — Уладзімір Лабковіч. Яны яго адразу ўзялі ў абарот і сказалі: будзеш медыятарам у перамовах. Ён, разумеючы, што на ім ляжыць сур'ёзная адказнасць за лёс чалавека, які можа сур'ёзна пацярпець (тым больш, насельніцтва было настроена вельмі рашуча), правёў перамовы. Але не ўсё абыйшлося без наступстваў: падчас таго, калі Уладзь уваходзіў у кабінет, ён атрымаў удар у твар. Уладзь — стойкі хлопец і вытрымаў гэты ўдар. І нейкім чынам яму удалося прадухіліць сутычкі, а акім, які быў старшынёй камісіі ў гэтым раёне, мусіў прызнаць пад ціскам электарата, што выбары былі сфальсіфікаваныя, — і вынікі па гэтым раёне былі прызнаныя несапраўднымі. Таму дзякуючы таму, што Уладзь там назіраў, і дзякуючы таму, што ён не даў сітуацыі пайсці такім чынам, каб пралілася кроў, канешне, ён выглядаў героем у вачах не толькі сваіх суайчыннікаў, але і ўсяго кіргізскага народу”.
Лабковіч і абавязальніцтва “пакінуць краіну цягам 24 гадзін”
Не ўсе місіі назірання Уладзіміра Лабковіча былі даведзеныя да канца — перашкоды гэтаму чынілі мясцовыя ўлады краіны. Так было з назіраннем у Малдове.
Там у 2009 годзе ў місіі незалежнага назірання за парламенцкімі выбарамі разам з Уладзімірам Лабковічам удзельнічаў праваабаронца “Вясны” Аляксей Колчын. Яны былі ў розных мясцовасцях краіны, але сітуацыя разгортвалася з кожным аднолькава, адзначае Колчын:
“У нас там быў дастаткова смешны статус. Місія пачала працаваць, калі ў нас яшчэ не было поўнага дазволу ад уладаў Малдовы. Бо яны спачатку запрасілі місію, а потым проста не выдавалі поўнага рашэння і дакументаў, якія нам патрабаваліся для нармальнай працы. І адразу было незразумела, ці гэта былі тэхнічныя бюракратычныя праблемы, ці нешта больш істотнае. Час паказаў, што напэўна другое.
І мы ў такім статусе так і пачалі працаваць. Місія зрабіла нам простыя візіткі, дзе мы былі пазначаныя як доўгатэрміновыя назіральнікі, але ўсё-такі поўных і паўнавартасных паўнамоцтваў у нас не было.
Канешне, [не даць афіцыйных дакументаў] — гэта было палітычнае рашэнне малдоўскіх тагачасных уладаў, якія ў нейкі момант не захацелі бачыць гэтую міжнародную місію ў “полі”.
І праявілася гэта проста ў дзень выбараў, калі ў тыя месцы і тыя гатэлі, дзе мы знаходзіліся, пагрукаліся дастаткова ветлівыя людзі з міграцыйнага аддзелу мясцовай міліцыі — і проста нас правялі ў гэтую ўстанову.
Усе назіральнікі, і Уладзь Лабковіч таксама, сутыкнуліся з аднолькавай сітуацыяй: іх паставілі перад патрабаваннем пакінуць краіну цягам 24 гадзін. Нас нават паспрабавалі прымусіць падпісаць, што “я абавязваюся пакінуць тэрыторыю Малдовы ў 24 гадзіны”.
У такім умовах мы, натуральна, не маглі працягваць назіранне і было прынята рашэнне звярнуць місію і пакінуць краіну”.
Валодзя і “неправильный выбор”
Літаратарка Паліна Сцепаненка — былая калега Уладзіміра Лабковіча. У лістападзе 2004 года яны ад ПЦ "Вясна" у складзе ENEMO паехалі назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне. Гэта быў другі тур, калі засталіся два кандыдаты: Януковіч і Юшчанка.
“Мы вялікай кагортай ехалі да Кіева, а там нас ужо размяркоўвалі па гарадах. І нашай невялікай групе (прыблізна 10 чалавек) дастаўся Данецк, — успамінае Паліна Сцепаненка. — У Данецк мы паляцелі самалётам — як раз у той самы аэрапорт, які стаў месцам трагедыі і адным з драматычных месцаў найноўшай гісторыі. У Данецку нас засялілі ў гатэль “Дружба” — гэта быў такі дабіты, абсалютна савецкі гатэль, больш падобны на інтэрнат.
Данецк тады быў вельмі прыгожым горадам, але адчувалася такое напружанне.
Лістапад, было халодна. Першы вечар мы вырашылі пайсці ў горад і паесці традыцыйных украінскіх страваў. Прыйшлі ў кавярню, там Валодзя пачаў заказваць ежу па-беларуску (меркавалася, што украінская і беларуская блізкія мовы). Сапраўды, нас добра выслухалі, прынеслі замову. Але пасля было так выразна чуваць, што ў нас за спінамі гэтыя афіцыянткі казалі, што гэта, відаць, бандэраўцы, якія прыехалі са Львова “тут нам муціць”. То бок Данецк быў зрусіфікаваны — і яны прынялі беларускую мову за нейкі варыянт заходнеўкраінскай.
Выбары былі вельмі драматычныя. На ўчастках ахоўвалі такія людзі — вельмі вялікія мужчыны, высокія — было незразумела: гэта крыміналітэт ці нейкія ахоўнікі алігархаў. Але ўсё вельмі кантралявалася, і практычна ўвесь горад пагалоўна галасаваў за Януковіча. Былі сутычкі на ўчастках: калі на назіральнікаў спрабавалі ўздзейнічаць або выдаліць іх. І там атрымалася вельмі складаная сітуацыя, калі на адну з назіральніц з нашай групы сталі аказваць ціск. Яна выявіла вялікае парушэнне: выключылася святло на ўчастку. І на раніцу ў гатэль “Дружба” проста прыехалі сваякі старшыні камісіі і сталі спрабаваць гэтую дзяўчыну вывезці на вялікім джыпе ў невядомым накірунку — і цягнулі яе туды. А Валодзя Лабковіч і Валянцін Стэфановіч цягнулі яе ў другі бок — і ў выніку неяк перамаглі. Хаця яны сказалі: “Молодые люди, вы делаете неправильный выбор”.
Мы выехалі з Данецка і трапілі ў Кіеў — як раз аранжавая рэвалюцыя, негвалтоўны супраціў, вялікая розніца... Разам з Лабковічам мы пайшлі на Майдан, і усё гэта было вельмі захапляльна — [адчувалася] вельмі стваральная энергія. Потым было перагаласаванне другога тура, таму што прызналі фальсіфікацыі (Вярхоўны суд Украіны ануляваў вынікі другога туру, дзе абралі Януковіча). І наступны раз, у снежні 2004 года, мы ўжо паехалі ў Харкаў”.
Дарога на перагаласаванне (альбо трэці тур) прэзідэнцкіх выбараў ва Украіну таксама не абыйшлася без прыгод.
“У дзень выезду мы ў Мінску сабраліся на невялікую тэхнічную нараду, — успамінае Аляксей Колчын. — І зрабілі гэта чамусьці ў гатэлі “Юбілейны”. Сустрэча наша скончылася тым, што дзверы адчыніліся і зайшлі міліцыянты ў форме. І проста ў гатэлі пачаліся кшталту допыты. Усе былі затрыманыя. Потым нас кудысьці перавезлі. Распытвалі, колькі грошай у кожнага знаходзіцца, бралі адбіткі пальцаў, некаторых фатаграфавалі. Уладзімір пры гэтым паводзіў сябе з гумарам — ён саркастычна ставіцца да такіх сітуацый. Гэта працягвалася некалькі гадзінаў — так, каб мы не паспелі на цягнік, якім мусілі ехаць. Але ўрэшце калегі неяк хутка зарыентаваліся і проста нанялі аўтобус, і мы ўначы паехалі на Кіеў — атрымалася такая вясёлая паездка”.
Тады Уладзіміра Лабковіча і накіравалі назіраць у Харкаў. Там Уладзімір пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Нінай.
14 ліпеня 2021 года Ніна была затрымана разам з Уладзімірам Лабковічам. У іх кватэры правялі ператрус. Пасля гэтага Уладзіміра і Ніну павезлі ў ДФР, а затым на допыт у Следчы камітэт. Пасля Ніну адпусцілі, а Уладзімір дагэтуль застаецца за кратамі. Праваабарончая супольнасць прызнала яго палітвязнем.