viasna on patreon

"Такія ізалятары ў Новай Беларусі дакладна не будуць патрэбныя". Былы арыштант распавёў пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў верасні

2021 2021-10-15T21:44:21+0300 2021-10-15T22:05:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prosons_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца ні на дзень. Праваабаронцам "Вясны" вядомыя вынікі 81 судовага працэсу па адміністрацыйных "пратэсных" артыкулах, якія праходзілі ў верасні. За мінулы месяц беларускія суддзі арыштавалі мінімум 64 чалавекі агулам на 924 дні. Умовы ўтрымання "палітычных" на "сутках" цяпер безумоўна з'яўляюцца катаваннямі. Былы арыштант распавёў "Вясне" пра ўмовы ўтрымання ў ЦІП на Акрэсціна ў верасні.

Ілюстрацыя brazzil.com
Ілюстрацыя brazzil.com

У чатырохмясцовай камеры-па 13-18 чалавек. Для "атмасферы" закідваюць бамжоў

Па напаўняльнасці камер на Акрэсціна стабільна нічога не мяняецца ўжо больш за год — "палітычныя" камеры перапоўненыя. Як распавёў былы затрыманы, у яго чатырохмясцовай камеры памерам прыкладна 3х5, 5 у сярэднім знаходзілася ад 13 да 18 чалавек. Матрацаў не выдаюць, як і пастэльнага бялізны, таму спаць даводзіцца на металічнай рашотцы нараў, на падлозе або на лаўцы.

"Усе "палітычныя" камеры ЦІПа наўмысна перапоўненыя. Атрымалася налічыць, як мінімум, пяць мужчынскіх і адну жаночую. Сядзяць цяпер за нейкую адкрытую лухту: рэпосты, каментары, налепкі, сцяжкі, значкі, за "няправільныя" чаты, а часта і зусім проста так, "каб падумаў". Аформіць пратакол на роўным месцы па 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) або 24.3 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы) наогул не ўяўляе ніякай праблемы. Здавалася б, ужо прывык да абсурду, а не —заходзіць новы сукамернік і разумееш: мяжы "дасканаласці" пакуль не відаць. Ад сур'ёзнасці абвінавачванняў у дачыненні да "зладзеяў" (менавіта так з відавочнай іроніяй у голасе нас часта называлі ахоўнікі) пачынаеш смяяцца... Сумным, вядома, смехам.

Адбой у нас быў у 22:00, пад'ём — у 06:00. Святло ўначы не выключаюць. Акрамя гэтага, у 02:00 і ў 04:00 гадзіны спецыяльна будзяць і ладзяць пераклічкі, таму выспацца ў начны час атрымоўваецца далёка не ўсім. Днём на нарах ляжаць нельга — толькі на падлозе.

Дзе спаць нязручней? На "грылі" (гэта другая назва нар – менавіта на яго яны падобныя без матрацаў) або на падлозе – пытанне застаецца адкрытым. Але за тое, што чалавек ляжыць на нарах днём, могуць адправіць у карцар. Там спальнае месца прышпільваецца да сцяны і не адшпільваецца ні днём, ні ноччу. У гэтым выпадку спаць таксама прыходзіцца на падлозе, толькі яна ўжо, у адрозненне ад звычайнай камеры, ня драўляная, а кафляная.

Паколькі ў "звычайных" камерах умовы добрыя: ноччу не будзяць, ёсць матрацы і пасцельная бялізна, то часам, для "перавыхавання" да нас закідвалі тых, хто правініўся або адмовіўся працаваць, па "нармальных" артыкулах: п'янка, крадзеж, бытавуха. Могуць таксама для "атмасферы" падкінуць бамжоў з поўным наборам насякомых-паразітаў. У выніку такога сужыцця ёсць усе шанцы атрымаць вошай у падарунак: як звычайных, так і бялізнавых. Дарэчы, шампунь ад вошай не перадаюць, нават калі ён ёсць у перадачы".

Пра сітуацыю з COVID-19 былы затрыманы распавёў, што у ЦІП многія хварэюць, але няма ўпэўненасці, што гэта менавіта каронавірус:

"Выглядае як звычайны вірус а-ля "хвароба змены сезонаў" горла-насмарк-кашаль".

Падчас "шмону" знікла частка лекаў у камеры

"Шпацыра ў "палітычных" няма. Для курцоў — гэта дадатковае выпрабаванне, таму што курэнне дазволена толькі падчас прагулак. Таму "суткі" — гэта добрая магчымасць кінуць паліць. "Прагуляцца" атрымліваецца толькі падчас ранішняга і вячэрняга "шмона" — гэта такая праверка, калі арыштаваных выводзяць з камеры на калідор, а яе ў гэты час правяраюць на наяўнасць забароненых прадметаў. Неяк раз падчас такой "праверкі" знікла вялікая частка лекаў, якія літаральна за пяць хвілін да гэтага выдала мясцовы фельчар. Учынак, безумоўна, годны "афіцэра".

У душ таксама не водзяць. Мыцца даводзіцца прама ў камеры: вышэй пояса — ва ўмывальніку, ніжэй — у туалеце над унітазам (гэта "чаша Генуя"). Мыццё рэчаў — таксама ў рукамыйніцы. У камеры ёсць венік, шуфлік і палавая ануча. Можна папрасіць хлорку, каб пачысціць прыбіральню. Словам, усе ўмовы для падтрымання чысціні і парадку. Праўда, часам гаспадарчае мыла і туалетную паперу даводзілася выпрошваць на працягу некалькіх дзён".

Часам не адкрываюць "кармушку" ў душнай камэры — для сардэчнікаў і астматыкаў гэта асаблівая бяда

"У ЦІПе ёсць камеры, дзе не адкрываюцца форткі. Для сардэчнікаў і астматыкаў гэта асаблівая бяда: праз некалькі гадзін знаходжання ў такой камеры вільготнасць падымаецца да 100%, кандэнсат выпадае на сценах, рэчы не сохнуць. Вентыляцыя ёсць, але так як камера перапоўненая, яна зусім не спраўляецца. Гэта яшчэ да ўсяго паўднёвы бок. Дыхаць у такіх умовах вельмі цяжка. Арганізм перабудоўваецца на нізкае спажыванне кіслароду – знікае апетыт, павышаецца патлівасць. Нават у сне людзі дыхаюць вельмі часта. Пасля шматлікіх просьбаў "кармушку" могуць адкрыць. Часам цалкам, але часцей за ўсё – толькі часткова. Некаторым ахоўнікам прыходзіць у галаву ідэя яе зачыняць – і тады сапраўды становіцца не па сабе... Неяк "калідорны", якога мы папрасілі не закрываць "кармушку", спаслаўшыся на галаўныя болі ад недахопу паветра, заявіў, што гэта "вельмі нават добра: значыць, ёсць чаму хварэць – зможаце зрабіць правільныя высновы". Высновы, зразумела, усё зрабілі правільныя – такія ізалятары ў Новай Беларусі дакладна не будуць патрэбныя".

Экстрэмізм у асабістых перапісках, удзел у Маршах і відэа на фоне картэжу Лукашэнкі: за што кідалі на "суткі" беларусаў у верасні

«Вясна назірае» склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў адміністрацыйна пераследавалі ў верасні.

Перадачы не перадаюць, але перадаваць іх усё роўна трэба

Зараз перадачы затрыманым не прымаюць ні на ЦІП, ні ў ІЧУ на Акрэсціна. Але, як распавядае былы арыштант, не перадавалі іх яшчэ і ў верасні.

"З перадач даходзілі толькі лекі, і тыя – паштучна праз фельчара. Як аказалася, не ўсе ведаюць, што лекі можна перадаваць у ЦІП штодня, а не толькі ў дні перадач па чацвяргах. Астатняе змесціва да нас не даходзіла. Сваю перадачу затрыманыя змогуць атрымаць толькі пры выхадзе з сутак. Часам здаралася, што некаторыя арыштанты траплялі ў камеру з мінімальным наборам сродкаў – гэта толькі ў выпадках, калі чалавек ужо паступаў у ЦІП з перадачай, напрыклад, пасля афармлення паўторнага арышту або ў выпадках, калі ў сваякоў прымалі перадачы ў РУУС. Зразумела, добры настрой работнікаў ЦІП у дадзеным выпадку – ключавы фактар.

Тым не менш, сваякам ёсць сэнс перадаваць перадачу хоць бы адзін раз з неабходным адзеннем, невялікай колькасцю печыва, сухафруктаў і вады, сродкамі гігіены і наборам лекаў, бо калі чалавека павязуць афармляць на паўторны тэрмін, то ў яго будзе магчымасць пераапрануцца і паесці (у РУУС ніхто нікога карміць не будзе), а бутэльку з вадой можна будзе ўзяць з сабой – гэта досыць каштоўны прадмет, як бы смешна гэта не гучала.

У камеры, дзе сядзяць "палітычныя", таксама не праходзяць кнігі. Калі раптам і з'яўляецца нейкая літаратура (напрыклад, кніжка можа прыйсці з чалавекам з "нармальнай" камеры), то яе неўзабаве забяруць. Наогул любы вольны час не вітаецца. Можна зляпіць з хлеба шашкі або даміно, але яны таксама рана ці позна будуць канфіскаваныя.

Падыхаць свежым паветрам, дарэчы, адной "палітычнай" камеры ўсё ж удалося: за гульню ў карты хлопцаў вывелі на 6-ці гадзінную прагулку, пазбавіўшы такім чынам абеду і вячэры. Некаторыя, на жаль, прастылі пасля такога праменаду".

Ад мясцовых капусты і марынаваных памідораў можна атрымаць засмучэнне кішачніка

Пра ежу былы затрыманы адклікаецца нядрэнна: 

"Ежа, магчыма, здасца нясмачнай. Асаблівай увагі заслугоўваюць рыбныя катлеты "з косткамі", кіслыя капуста і марынаваныя памідоры: ад іх папросту можна атрымаць засмучэнне кішачніка. Але ў цэлым здаровая ежа. Гародніна таксама ўваходзяць у рацыён, праўда, у невялікай колькасці.

Меню прыкладна такое: на сняданак – якая-небудзь каша і гарбата; на абед – суп (ад капусты да фасолевых), другое (зноў каша, катлета і гародніна), кампот ці кісель; на вячэру – таксама каша і што-небудзь з мяснога. Курыныя катлеты часам былі асабліва добрыя. Гарбаты на вячэру чамусьці няма. З прыемнага здзіўлення –скумбрыя. Два разы на дзень выдаюць некалькі боханаў белага і чорнага хлеба (цаглінкі). Словам, ежы больш чым хапае, але, тым не менш, вага падае практычна ва ўсіх".

Аб персанале ЦІП Акрэсціна і "сілавіках" 

Ілюстрацыя dribbble.com
Ілюстрацыя dribbble.com

"Няма асаблівага жадання надаваць шмат увагі гэтым людзям. Так, яны спрабуюць выглядаць сурова, здзяйсняюць гнусныя ўчынкі, лаюцца і крычаць на зняволеных, але, у канчатковым рахунку, выклікаюць нейкую жаль. Шчаслівымі людзьмі яны дакладна не выглядаюць.

Увогуле, пасля зносін з "праваахоўнікамі", якія займаюцца палітычнымі рэпрэсіямі, складваецца ўражанне, што пераканаць у сваёй "перамогі" яны спрабуюць не цябе, а сябе... Але атрымліваецца, мякка кажучы, не вельмі. Выглядае гэта хутчэй як нейкі няўдалы сеанс самаўнушэння".

Надпіс "Жыве" можна знайсці ў кожнай камеры

"Нягледзячы на суровыя ўмовы і цяжкасці побыту, зняволеныя не падаюць духам і падтрымліваюць адзін аднаго. Па "палітычных" справах цяпер сядзіць колер нацыі. Без перабольшання. Інжынеры, праграмісты, медыкі, настаўнікі, работнікі культуры, журналісты, спартсмены, завадчане, студэнты: прадстаўнікі вельмі многіх прафесій. Пераважная большасць – вельмі адукаваныя людзі і выдатныя суразмоўцы. Гэта ў корані не правільнае меркаванне, што "суткі" – "страчаны час". Карысць ад такой кампаніі складана пераацаніць. Як гэта не парадаксальна, але сістэма працягвае аб'ядноўваць людзей нават у ізаляцыі. Цяжка ўявіць больш прадуктыўнае месца для знаёмства і зносін аднадумцаў. А пра ўзровень узаемадапамогі і падтрымкі можна сказаць кароткай і ўжо ўсім вядомай фразай "беларус беларусу – беларус". Дарэчы, надпіс "Жыве" можна знайсці ў кожнай камеры".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства