viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення шасці палітычных зняволеных

2021 2021-10-05T18:05:48+0300 2021-11-19T17:47:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_14_viasna22.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява беларускай праваабарончай супольнасці

5 кастрычніка 2021 г.

У сувязі з вынясеннем судамі шэрагу прысудаў па крымінальных справах, звязаных з абвінавачваннем удзельнікаў пратэсных акцый і іншых асобаў па палітычных матывах ва ўжыванні гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, супрацівам з ужываннем гвалту ў адносінах да супрацоўніка МУС, іншых службовых асобаў, якія выконваюць службовыя абавязкі (арт. 363, 364, 366 КК), у адносінах да:

  1. Віктара Прусава, які 17 верасня 2021 г. асуджаны ў закрытым пасяджэнні судом паводле арт. 364  КК за гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў да трох гадоў зняволення ў папраўчай калоніі;

  2. Канстанціна Міхальцова, які 22 верасня 2021 года асуджаны судом Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці паводле арт. 364, 342 і 368 КК за ўдзел у мірным сходзе, абразу прэзідэнта і перашкаджэнне затрыманню іншага ўдзельніка мірнага сходу да трох гадоў зняволення ў папраўчай калоніі;

  3. Арсенія Шчарбініна, які асуджаны судом Лідскага раёна Гродзенскай вобласці паводле арт. 342 і 364 КК за ўдзел у мірным сходзе і супраціў гвалту пры яго разгоне да трох гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі ў ПУАТ, накіраваны адбываць пакаранне;
  4. Мікіты Фільчука, які асуджаны судом Лідскага раёна Гродзенскай вобласці за ўдзел у мірным сходзе і супраціў гвалту пры яго разгоне паводле арт. 342 і 364 КК да трох гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі ў ПУАТ, накіраваны адбываць пакаранне;
  5. Паўла Камінскага, які асуджаны судом Лідскага раёна Гродзенскай вобласці за ўдзел у мірным сходзе і супраціў гвалту пры яго разгоне паводле арт. 342 і 364 КК да трох гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі ў ПУАТ, накіраваны адбываць пакаранне;
  6. Андрэя Навіцкага, які 30 верасня 2021 г. асуджаны судом Ленінскага раёна Мінска паводле артыкулаў 368, 342 і 295 КК за ўдзел у мірным сходзе, абразу прэзідэнта і захоўванне 33 грамаў пораху да пяці гадоў зняволення ў папраўчай калоніі.

Яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый ад 16 студзеня 2021 года, мы адзначаем наступнае:

Мірныя сходы грамадзянаў павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і ўжыванне фізічнай сілы, а тым больш адмысловых сродкаў і зброі, да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар і ўяўляюць рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзянаў.

Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, накіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў адносінах да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту "ў адказ" з боку пратэстоўцаў, гэтыя дзеянні неабходна разглядаць, зыходзячы з цяжкасці нанесенай шкоды здароўю і намеру на нанясенне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку паводле незаконнага загаду (неабходная абарона, крайняя неабходнасць).

Акрамя таго, адзначаем, што пры наяўнасці палітычных матываў уладамі ўжываецца пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Паводле Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў, і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды ці шкоды каму-небудзь, не перашкаджае разглядаць гэтых асобаў у якасці палітычных зняволеных.

Акрамя таго, маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія, неадэкватныя правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносяцца па такіх жа катэгорыях справаў па-за палітычным кантэкстам.

Працягласць ці ўмовы пазбаўлення волі па прысудах, вынесеных у адносінах да ўдзельнікаў пратэсных сходаў, відавочна непрапарцыйныя, неадэкватныя правапарушэнню, па якім гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватымі.

Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед згаданых асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (a, b, c, d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены" мы прызнаём палітвязнямі Віктара Прусава, Канстанціна Міхальцова, Арсенія Шчарбініна, Мікіту Фільчука, Паўла Камінскага, Андрэя Навіцкага.

Лічым неабходным патрабаваць для гэтых палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у адносінах да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні згаданых фактараў, а таксама вызвалення іх з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

"Прававая ініцыятыва";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Ідэнтычнасць і права.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства