Палітвязням змяняюць умовы ўтрымання, шукаюць экстрэмізм у рэгіянальных чатах: хроніка пераследу 27 верасня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за панядзелак, 27 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Суд Чыгуначнага раёну Гомеля 24 верасня разгледзеў справу: «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змяненні ўмоў рэжыму» для палітзняволенай грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ.
Справу суддзя Мікалай Крупадзёраў разглядаў на выязным пасяджэнні ў папраўчай жаночай калоніі, дзе Наталля адбывае тэрмін.
Пра гэта "Свабодзе" паведаміў брат Наталлі Генадзь Касьян. У судзе яму сказалі, што «прадстаўленне ПК-4 аб пераводзе ў турму задаволена». У якую турму будуць пераводзіць, вырашыць адмiнiстрацыя.
Брат палітзняволенай за апошнія чатыры месяцы атрымаў толькі адзін ліст ад сястры, у якім тая напісала, што цікавіцца творамі Салжаніцына і спрабуе бавіць час з карысцю для цела і розуму.
За час зняволення Хершэ паспела ўжо пабываць у штрафным ізалятары (ШЫЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ) за адмову шыць форму для сілавікоў.
Генпракуратура Беларусі 27 верасня паведаміла, што ў спіс экстрэмісцкіх каналаў патрапілі яшчэ і Telegram-чат “Рэальны Драгічын”, “Іванава Live”, а таксама канал “Міёры”.
Палітвязень з Берасця Цімур Рызапур, які адбывае пакаранне ў Наваполацку, быў пераведзены ў ШІЗА.
Як распавяла жонка палітвязня Алена Рызапур, да таго ж мужчыну пазбавілі пасылак, тэлефанаванняў, сустрэчаў і яму не аддалі абутак, які яна дасылала, паведаміла Беларускае Радыё Рацыя.
Жлобін
Па інфармацыі, якая стала вядома праваабаронцам, зараз каля прахадной БМЗ стаіць шмат аўтазакаў. Па ўсёй верагоднасці, на металургічным камбінаце ідуць затрыманні. Інфармацыя высвятляецца.
Наваполацк
Затрыманы інжынер-канструктар прадпрыемства «Нафтан» Аляксандр Балонкін.
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што Аляксандра затрымалі прыкладна ў 13:00 пасля ператрусу на працоўным месцы. Ён з'яўляецца намеснікам старшыні першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюзу работнікаў ААТ «Нафтан».
Брэст
У брэсцкай актывісткі Алены Гнаўк вечарам адбыўся ператрус.
Як паведамляе жанчына ў сваім Instagram, ператрус праходзіў у рамках справы аб пагрозах на адрас старэйшага пракурора Берасцейскай гарадской пракуратуры - Булыгіна Міхаіла Яўгенавіча. З тэхнікі канфіскавалі старэнькі ноўтбук, флешку і мабільны тэлефон.
Алена праходзіць сведкай па справе, узбуджанай з-за выдаванне асабістых дадзеных пракурора Міхаіла Булыгіна ў телеграм-канал "ЧКБ Брэст і вобласць". Пракурор Булыгін прадстаўляў дзяржабвінавачанне на судзе 2-3 верасня над Гнаук.
Бабруйск
Акрывістку Алёну Стрыгунову, якую падчас хапуна ў пятніцу затрымалі і змясцілі ў мясцовы ІЧУ, 27 верасня асудзілі ў закрытым рэжыме ў тым жа ІЧУ на 10 сутак. Суддзя і артыкул пакуль невядомы.
Інфармацыя будзе дапоўненая.