За маляванне бчб-сцягоў мінчукоў асудзілі да штрафаў у 4350 рублёў кожнага
У судзе Савецкага раёна г. Мінска 21 верасня вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Фурса і Наталлі Шэпель, якіх вінавацілі ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Волк.
Нагадаем, абвінавачаных затрымалі яшчэ ўвечары 29 красавіка, калі “неабыякавая грамадзянка” паведаміла ў міліцыю, што невядомыя людзі малююць бела-чырвона-белыя сцягі на збудаваннях па вул. Багдановіча ў Мінску. На месца выехалі міліцыянты і затрымалі Аляксандра і Наталлю, адразу супраць іх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне) нібыта за адмову прайсці ў службовы аўтамабіль. У РАУС у затрыманых канфіскавалі балоны з белай і чырвонай фарбай, а таксама налепкі з “незарэгістраванай сімволікай”, знялі прызнальнае відэа. Суддзя Аляксандр Воўк і Сяргей Шаціла асудзілі адпаведна Шэпель і Фурса на 5 сутак арышту. Тады ж высветлілася, што супраць затрыманых узбуджаная крымінальная справа за псаванне маёмасці, а дома ў іх прайшлі вобшукі. Пасля сутак і Наталля, і Аляксандр былі адпушчаныя пад залог у памеры 1450 рублёў кожны.
Менавіта тыя падзеі леглі ў абвінавачванне па крымінальнай справе. На судзе Аляксандр Фурс віну прызнаў цалкам, сцвярджаў, што наносіў малюнкі толькі ён. Наталля Шэпель віну не прызнала, ад дачы паказанняў адмовілася.
У судзе дапыталі ў якасці сведкі Яўгенію Несцяровіч. Гэта яна тэлефанавала ў міліцыю і паведамляла пра дзеянні абвінавачаных. Несцяровіч распавяла, што 29 красавіка вярталася дадому і пабачыла падазроных хлопца і дзяўчыну каля гаража, у гэты момант размаўляла з мужам і запытала ў яго, што рабіць. Пасля – патэлефанавала ў міліцыю. Сама сведка знаходзілася на адлегласці ў 10-15 метраў, бачыла, што адзін чалавек маляваў бела-чырвона-белы сцяг балончыкам з фарбай на гаражы. Хто канкрэтна з абвінавачаных маляваў – ужо не памятае. Пасля яны перасоўвалі і малявалі на сіняй паштовай скрыні, на двухпавярховым будынку, мяняліся і стаялі “на строме”, таксама клеілі налепкі.
“Яны глядзелі, каб нікога не было, я бачыла дзеянні рукамі, потым падышла да гаража і ўбачыла [намаляваны] сцяг”, - падкрэсліла Несцяровіч.
Сведка блыталася ў сваіх паказанняў, казала, што час ад часу хавалася, каб яе не пабачылі абвінавачаныя, але была упэўненая, што бачыла менавіта жанчыну і мужчыну, хаця яны былі спіной да яе і твараў яна не разглядзела. Адзначыла, што раней бачыла гэтую пару не адзін раз, таму дакладна ведала, што гэта менавіта жанчына і мужчына.
У судзе агучылі папярэднія паказанні, якія Яўгенія Несцяровіч давала падчас следства. Тады сведка сцвярджала, што неаднаразова бачыла абвінавачаных узімку у куртках характэрнага колеру – жанчына была ў зялёнай куртцы, а мужчына – гарчычнага колеру. Па словах Несцяровіч, і 29 красавіка Фурс і Шэпель былі апранутыя ў тыя самыя курткі.
Падчас спрэчак бакоў дзяржабвінаваўцаў падкрэсліў, што Аляксандр Фурс прызнаў віну ў нанясенні малюнкаў, але адмаўляе здзяйсненне злачынства групай асобаў. Наталля Шэпель падчас суда адмовілася ад дачы паказанняў, але яе віна даказаная тымі сведчаннямі, якія яна казала раней: Шэпель дамовілася з Фурсам сустрэцца, размаляваць сцены і расклеіць налепкі, на допыце прызналася, што малявала. Віна абвінавачаных пацвярджаецца паказаннямі сведкаў, канфіскаванымі балончыкамі з фарбай, прадметамі адзення з выяўленымі слядамі ад фарбы.
Пракурор прасіў суд прызнаць Фурса і Шэпель вінаватымі і прызначыць ім пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 150 базавых велічынь кожнаму.
Адвакат Аляксандра Фурса сказаў, што абвінавачаны здзяйсняў усё аднаасобна, без папярэдняй змовы, даваў паслядоўныя і праўдзівыя паказанні, у той час як да словаў сведкі Несцяровіч трэба паставіцца крытычна. Фурс прызнаў віну, не аспрэчваў памер нанесенай шкоды і добраахвотна пакрыў яе.
Абарона Наталлі Шэпель настойвала, што жанчына павінна быць апраўданая ў сувязі з адсутнасцю доказаў яе вінаватасці ў здзяйсненні злачынства. Указала на тое, што Шэпель адмовілася ад дачы паказанняў на следстве і ў судзе, а абвінаваўца спасылаўся на яе тлумачэнні, якія былі дадзеныя да ўзбуджэння крымінальнай справы, а само апытанне выраблялася ў начны час у адсутнасці абаронцы, што недапушчальна. У матэрыялах справы маецца заключэнне эксперта, што на змывах рук, штаноў, абутку абвінавачанай няма слядоў фарбы. На куртцы ёсць эмаль пунсовага колеру, аднак гэта іншая эмаль, мае падобны колер. Звярнула ўвагу на тое, што па вызначэнні нанесенай шкоды ўзнікаюць пытанні: ці адносяцца расфарбаваныя будынкі і скрыня да ЖЭУ, а самі дзеянні па перафарбоўцы толькі "плануюцца".
У апошнім слове Аляксандр Фурс сказаў, што дадзеная справа паслужыла яму дастатковым урокам, каб не заклікаць і не інфармаваць людзей аб чым-небудзь. Паўтарыў, што прызнае віну і раскайваецца.
Наталля Шэпель ад апошняга слова адмовілася.
Суддзя Аляксандр Волк пастанавіў прызнаць Аляксандра Фурса і Наталлю Шэпель вінаватымі ў псаванні маёмасці ў іншых грамадскіх месцах і прызначыць ім пакаранне ў выглядзе штрафа ў памеры 150 базавых велічынь (4350 рублёў) кожнаму. Пасля ўступлення прысуду ў законную сілу залог бацькам абвінавачаных будзе вернуты.