Навапалачаніна ў закрытым судовым пасяджэнні асудзілі на чатыры гады калоніі
Віцебскі абласны суд 16 верасня вынес рашэнне па крымінальнай справе 27-гадовага жыхара Наваполацку Яўгена Харашкевіча. Мужчыну абвінавачвалі адразу па трох артыкулах крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Рашэнне агучыў суддзя Андрэй Прэйс. Бок абвінавачання прадстаўляў пракурор Аляксандр Філімонаў. Суд над Харашкевічам праходзіў у закрытым рэжыме, піша "Віцебская Вясна".
Суддзя Андрэй Прэйс пастанавіў «прызнаць Яўгена Харашкевіча вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкметах сацыяльнай прыналежнасці і на падставе ч. 1 арт. 130 КК прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады і 6 месяцаў».
Апроч таго: «прызнаць вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і на падставе арт. 369 КК прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 3 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Таксама Харашкевіча прызналі вінаватым у падрыхтоўцы і арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК) – 2 гады пазбаўлення волі.
Па сукупнасці пакаранняў Яўгена Харашкевіча асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
Згодна з прысудам, ён мусіць выплаціць супрацоўнікам МУС, якія былі прызнаныя пацярпелымі, кампенсацыю маральнай шкоды: старэйшаму оперупаўнаважанаму групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Наваполацкага ГАУС Дзянісу Свяцкаму – 1500 рублёў і выкладчыцы кафедры прафесійна-прыкладной фізкультуры акадэміі МУС Наталлі Петуховай – 1000 рублёў.
Яўген Харашкевіч быў затрыманы 19 студзеня 2021 году ў Наваполацку, з таго часу ён знаходзіцца СІЗА.
Пакуль сядзеў у СІЗА - нарадзілася дачка Мілана
Як расказаў бацька абвінавачанага Аляксандр, праблемы пачаліся пасля таго, як сын пайшоў назіральнікам на выбарчы ўчастак па месцы прапіскі ў вёсцы Фарынава. Напісаў скаргу ў пракуратуру з нагоды грубага парушэння Выбарчага кодэксу, у якой інфармаваў пра не апячатаную урну для галасавання. Пасля гэтага, 12 жніўня, да Яўгена на працу прыехалі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі яго. Але неўзабаве адпусцілі. 19 студзеня 2021 ён зноў быў затрыманы, але ўжо ў межах крымінальнай справы.
Яўген Харашкевіч да снежня 2020 года працаваў кіроўцам на Полацкім малочным камбінаце, але потым яму вырашылі не працягваць кантракт. Жонка кажа, што начальству не спадабалася, калі Харашкевіч вырашыў стаць незалежным назіральнікам на выбарах 9 жніўня. Яму доўга не давалі выхадны, але мужчына знойшоў шлях, як выкруціцца — пайшоў здаў кроў у якасці донара, а на наступны дзень яму прадугледжваўся выхадны. Яўген адразу паехаў у вёску Фарынава Полацкага раёна, адкуль родам, каб там назіраць за выбарамі.
12 жніўня Харашкевіча затрымалі проста на працы, нібыта ён заклікаў людзей ехаць у Мінск падтрымаць пратэсты. Праўда, ужо праз два дні вызвалілі, калі адпускалі ўсіх палітзняволеных, што сядзелі па адміністрацыйных артыкулах. У выніку Яўгена нават апраўдалі па гэтым «правапарушэнні».
Затым Харашкевіча двойчы выклікалі ў Следчы камітэт для дачы паказанняў. Спачатку за бойку з АМАПам, якая была 10 жніўня ў Наваполацку, але Яўген у той дзень быў у камандзіроўцы ў Глыбоцкім раёне. Паказвалі розных людзей, пыталіся, ці пазнае каго. А ў снежні правялі размову адносна «дэструктыўных паведамленняў» у тэлеграме, але не затрымлівалі, пісала "Наша Ніва".
Прэс-служба МУС паведамляла, што на Харашкевіча выйшлі супрацоўнікі віцебскага ГУБАЗіКа ў межах «пошуку асобаў з экстрэмісцкімі поглядамі, якія падтрымліваюць прыхільнікаў масавых беспарадкаў».
Пры ператрусе супрацоўнікі ГУБАЗіКа канфіскавалі ноўтбук і камп’ютар. Ён таксама займаецца страйкболам, то забралі тры аўтаматы і адзін пісталет страйкбольныя.
За гэты час бацька бачыў сына толькі аднойчы. Чаму суд зрабілі закрытым, ён так і не зразумеў. Па словах сваякоў, таму што «ім няма чаго рэальна прад'явіць». Усе абвінавачанні будаваліся вакол некалькіх каментароў у чатах, якія Яўген нібыта напісаў у дачыненні да некалькіх міліцыянтаў.
На абвяшчэнне прысуду бацькі Яўгена прынеслі ў залу раздрукаваныя каляровыя фотаздымкі яго трохмесячнай дачкі Міланы. Пакуль ён быў за кратамі, у яго нарадзілася дзіця, якога ён яшчэ не бачыў...
Прысуд не набыў законнай моцы і будзе абскарджаны ў Вярхоўным судзе.