Хроніка палітычнага пераследу 11-14 верасня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 11-14 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пераслед 13-14 верасня
Рэчыца
14 верасня адбыўся ператрус у кіраўніка рэчыцкага аддзялення "Гавары праўду" Алега Шабетніка. Ён на волі.
Мінск
Супрацоўнікі культурнага цэнтра “Корпус” Аляксандр Багданаў (Papa Bo) і Максім Крук затрыманыя ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Нагадаем, іх затрымалі 2 верасня ў "Корпусе", а пасля асудзілі на 10 сутак нібыта за непадпарадкаванне міліцыянтам (арт. 19.1 КаАП). Аднак на свабоду пасля арышту яны так і не выйшлі.
14 верасня ў Мінску паведамляецца пра затрыманне Ігара Каранеўскага. Яго затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня мінулага года. Ігара пазналі па фота.
Палітзняволенай маці пецярых дзяцей Вользе Залатар прад’явілі яшчэ два абвінавачванні
13 верасня ў Мінгарсудзе на закрытым паседжанні разглядзелі скаргу на падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай палітзняволенай Вольгі Залатар. З раскладу суда стала вядома, што акрамя арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) яе таксама абвінавачваюць па ч. 1 і 2 арт. 342 КК (арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч.6 арт. 16 ч.1 арт.342 КК (пасобніцтва да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
На падставе рашэння Міністэрства інфармацыі ў Беларусі заблакавалі сайты belaruspartisan.by, freesmi.by і 6tv.by.
Гродна
Фатографа, які рабіў здымкі для міліцыі, выклікалі ў міліцыю
Паведамляецца, што гарадзенскага фатографа, Сяргея Марозава выклікалі ў міліцыю на «прафілактычную гутарку». Узялі пробу сліны, адбіткі пальцаў, а таксама пад подпіс папярэдзілі, што за выхад на акцыі прадугледжана крымінальная, а не адміністрацыйная адказнасць.
Сяргею Марозаву 36 гадоў, ён кандыдат гістарычных навук. Працаваў выкладчыкам Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Звольніўся ў лістападзе мінулага году пасля загаду Лукашэнкі адлічваць нязгодных студэнтаў.
Telegram-каналы «Волковыск для жизни new» і «Ошмяны» прызнаныя экстрэмісцкімі па заявах пракуратур.
Магілёў
Затрыманая хірург Магілёўскай абласной бальніцы. Яна мела дачыненне да тэлеграм-канала «Медики с Народом Могилев»
Доктар Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Марыя Ляпёшкіна была затрыманая 13 верасня, на волю яна не выйшла.
Прычыны затрымання дакладна невядомыя. Аднак у праўладным канале з’явілася паведамленне пра захоп ГУБАЗіКам чата «Медики с Народом Могилев».
Першапачаткова ў апісанні чату было сярод іншага напісана: «Нашы патрабаванні: спыніць катаванні, збіццё і забойствы мірных грамадзян», а таксама «Ніякай палітыкі». Пасля захопу чату сілавікі пакінулі паведамленне «Да хуткай сустрэчы з кожным».
Брэст
Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы, супраць праціўніка акумулятарнага завода Дзмітрыя Андрасюка заведзеная крымінальная справа паводле арт. 402 КК за "адмову ад дачы паказанняў". Ужо 20 верасня над ім пачнецца судовы працэс. Мужчына праходзіў сведкам па справе брэсцкіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якіх у красавіку гэтага года асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму.
Да бацькоў Андрэя Шарэнды і Паліны Шарэнды-Панасюк прыйшлі з КДБ
13 верасня адначасова супрацоўнікі КДБ прыйшлі на кватэры, дзе жывуць бацькі Шарэндаў, а таксама ў месца, дзе жыў Андрэй і Паліна з дзецьмі, і правялі агляды.
У маці Андрэя сілавікі цікавіліся ці меў ён дачыненне да фонду «Краіна для жыцця» і ініцыятывы dissident.by. Таксама упрацоўнікі КДБ прыехалі на працу да брата Андрэя – Аляксандра, і хацелі апытаць яго, але ад размовы мужчына адмовіўся.
Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк асуджаная на два гады калоніі, і адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі. Некалькі крымінальных справаў завялі і на Андрэя Шарэнду, але ён паспеў збегчы за мяжу, абодва прызнаныя палітвязнямі.
Пераслед на выходных
11 верасня ў Мінску за "пратэсную" налепку быў затрыманы Дзмітрый Котлабай. У Цэнтральным РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 23.24 КаАП. Да суда яго змясцілі на Акрэсціна.
На экс-кіраўніка "Аховы птушак Бацькаўшчыны" Віктара Фенчука распачалі крымінальную справу. Яго вінавацяць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак").
Пасля вобшуку ў в.Зарыца (Гродзенская вобласць) затрыманая Валянціна Будрэвіч. Па папярэдняй інфармацыі, яе затрымалі за ўдзел у мітынгах у 2020 годзе.
Затрымалі траіх віцяблян, якія нібыта аблілі чырвонай фарбай «міліцэйскія» банеры. Прайшлі ператрусы.
Як паведамляе "Віцебская Вясна", 8 верасня затрымалі траіх жыхароў Віцебску Юлію Лабунову, Святлану Гуркоўскую і Арцёма Латышава. Яны былі затрыманыя адначасова, але паасобку. У кватэрах усіх траіх прайшлі ператрусы. Нічога «забароненага» не знайшлі толькі ў Лабуновай – яна на волі. Святлана Гуркоўская і Арцём Латышаў былі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) у Віцебску.
«Фотаздымкі сапсаваных банераў з'явіліся ў дэструктыўных чатах. Усяго двое сутак спатрэбілася супрацоўнікам крымінальнага вышуку Першамайскага РАУС, каб затрымаць удзельнікаў гэтай выхадкі. Па месцы жыхарства затрыманых былі знойдзеныя і адабраныя налепкі, газеты, кніга, сцягі ды іншая атрыбутыка з незарэгістраванай сімволікай», – паведаміла УУС аблвыканкаму.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.