На спіне c гематомамі надпіс «Усіх не заб'еш». Мінчука асудзілі да года калоніі за перформанс побач з КДБ і ўдзел у Маршах
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 верасня за ўдзел у Маршах 16 жніўня і 25 кастрычніка да аднаго года калоніі асудзілі 45-гадовага мінчука Аляксея Муравіцкага. Здзейсненае ім кваліфікавалі як удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). У дзень выбараў, 9 жніўня, супрацоўнікі АМАП затрымалі Муравіцкага на выбарчым участку і збілі яго на Акрэсціна. 16 жніўня ён выйшаў на Марш і прадэманстраваў атрыманыя падчас збіванняў гематомы. Пратэстоўцы напісалі яму на спіне "Усіх не заб'еш" — момант перформансу побач з КДБ трапіў на фотаздымкі. Таксама Муравіцкі браў удзел у Маршы 25 кастрычніка: ён з БЧБ-сцягам залез на дах сваёй машыны і крычаў "Жыве Беларусь". Мужчыну затрымалі 27 ліпеня і запісалі з ім "пакаяльнае відэа". І ўжо крыху больш чым праз месяц над ім прайшоў суд. Справу разглядала Вікторыя Шабуня, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Цімафей Нічыпарук.
У чым абвінавачвалі?
Паводле версіі абвінавачвання, Аляксей Муравіцкі 16 жніўня мінулага года на праспекце Пераможцаў "удзельнічаў у незаконным масавым мерапрыемстве". Згодна з матэрыяламі справы, ён, парушаючы правілы дарожнага руху, выйшаў на праезную частку са сцягам і надпісам на спіне "Усіх не заб'еш", паўплываў на парушэнне раскладу грамадскага транспарту.
Таксама яго абвінавацілі ў блакаванні дарожнага руху 25 кастрычніка, бо ён "выехаў на сваім аўто на праезную частку на вуліцы Багдановіча", чым заблакаваў дарожны рух.
Аляксея Муравіцкага абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак 16 жніўня і 25 кастрычніка, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
"Мінсктранс" заявіў пазоў да абвінавачванага "і іншых асобаў" на суму 71 255 рублёў.
Віну Муравіцкі прызнаў цалкам.
Затрымалі крыху больш за месяц таму і запісалі "пакаяльнае відэа"
Аляксея Муравіцкага супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 27 ліпеня. Тады прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне мінчука:
"Улетку і ўвосень мінулага года 45-гадовы мужчына актыўна ўдзельнічаў у вулічных шэсцях, забароненых масавых акцыях і іншых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Напрыклад, блакаваў дарожны трафік, паставіўшы свой аўтамабіль на праезную частку, стоячы на яго даху, размахваў незарэгістраванай сімволікай і выкрыкваў пратэстныя лозунгі. Таксама мінчук быў заўважаны на масавым перформансе ля будынка КДБ".
Супраць Аляксея Муравіцкага распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК і змясцілі яго пад варту. Таксама з затрыманым запісалі "пакаяльнае відэа", дзе ён тлумачыць свае дзеянні "ўплывам дэструктыўных тэлеграм-каналаў", на якія ён быў падпісаны.
На спіне на месцы гематомаў напісалі "Усіх не заб'еш". Што адбылося 16 кастрычніка?
На судзе Муравіцкі прызнаў віну. Ён распавёў пра свой удзел у маршах 16 жніўня і 25 кастрычніка.
Паволе слоў абвінавачванага, 16 жніўня каля 12-й гадзіны дня ён пакінуў машыну побач з гасцініцай "Беларусь" і пешшу дайшоў да Стэлы. Пра марш даведаўся з інтэрнэту. Прайшоў да Нямігі з іншымі ўдзельнікамі пратэстнай акцыі. З сабой была музычная калонка і транспарант "Мы мірныя людзi, магутныя разам...". Муравіцкі адзначыў, што выйшаў на Марш, бо яму здаліся несправядлівымі масавыя затрыманні і ён такім чынам выступаў супраць гвалту. Муравіцкі выкрыкваў лозунг "Жыве Беларусь", але ў далоні не пляскаў.
У той дзень у раёне Нямігі незнаёмы чалавек прапанаваў напісаць яму на спіне на месцы гематомаў на плячы фразу "Усіх не заб'еш". Муравіцкі пагадзіўся. Каля будынка КДБ яго сфатаграфавалі, гэты здымак ён потым бачыў у інтэрнэце. Як адзначыў Муравіцкі, гематомы на плячы з'явіліся пасля затрымання 9 жніўня і ўтрымання ў ІЧУ. Але падрабязнасці вырашыў не распавядаць.
Пры якіх акалічнасцях затрымалі Муравіцкага ў дзень выбараў?
Як расказаў на працэсе Аляксей, 9 жніўня ён чакаў на лаўцы каля свайго выбарчага ўчастку вынікаў выбараў. Да яго звярнуўся незнаёмы мужчына з просьбай дапамагчы на ўчастку, бо там не пускаюць незалежных назіральнікаў. Муравіцкі пагадзіўся. Ён зайшоў у школу, дзе ўжо было каля сарака абураных людзей, і прапанаваў напісаць калектыўную заяву ў Цэнтрвыбаркам пра нядопуск незалежных назіральнікаў. Праз пару хвілінаў прыбыў АМАП і затрымаў некалькі чалавек, у тым ліку і Муравіцкага.
Махаў БЧБ-сцягам на даху сваёй машыны. Што адбылося 25 кастрычніка?
Як распавёў Аляксей, 25 кастрычніка каля 14:00 ён рухаўся на машыне па вуліцы Веры Харужай. Калі ён пад'ехаў да скрыжавання з вуліцай Максіма Багдановіча, то спыніўся, бо не мог рухацца далей праз Марш. У Аляксея быў з сабой БЧБ-сцяг, на эмоцыях Муравіцкі ўзяў яго, устаў на дах сваёй машыны і махаў ім хвілінаў 5-10, пры гэтым крычаў лозунг "Жыве Беларусь". Праз некаторы час мінак папрасіў таксама залезці на дах, Муравіцкі дазволіў яму "з салідарнасці".
"Наогул на маю грамадзянскую пазіцыю паўплывала інфармацыя, якая публікавалася ў крыніцах, як я потым зразумеў, дэструктыўных", — распавядае Муравіцкі на судзе.
У той момант ён лічыў, што спыненне ягонага аўтамабіля на дарозе не з'яўляецца крытычным, бо праз вялікую колькасць людзей руху машын не было. Далей ён ехаў на сваім аўто ў бок вуліцы Сурганава, а потым ішоў пешшу да вуліцы Арлоўскай па тратуары.
На сёння да зробленага Муравіцкі ставіцца негатыўна:
"Тыя ўчынкі былі памылковыя. З іх вынес урок, больш у такіх мерапрыемствах не буду ўдзельнічаць".
А што з сумай шкоды?
У матэрыялах справы прысутнічае запыт Следчага камітэта да КУП "Мінсктранс". Прадстаўнікі арганізацыі папярэдне падлічылі суму шкоды за 16 жніўня і 25 кастрычніка — 63 096 рублёў. Аднак на судзе сума пазову да абвінавачванага "і іншых асобаў" вырасла да 71 255 рублёў.
Чым усё скончылася?
Пракурор Цімафей Нічыпарук у судовых спрэчках прапанаваў выключыць з абвінавачвання інфармацыю пра плясканне, бо падчас справы пацверджання ім не знайшлося. У астатняй частцы ён палічыў віну цалкам даказанай. Змякчальнай акалічнасцю пракурор папрасіў прызнаць чыстасардэчнае раскаянне, а абцяжарвальнай — тое, што злачынства здзейсненае па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці. У выніку, дзяржабвінаваўца папрасіў прызнаць суд вінаватым Муравіцкага па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год, а таксама задаволіць заяўлены пазоў "Мінсктранса" на суму 71 255 рублёў.
У апошнім слове Муравіцкі прасіў прызначыць яму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі:
"Я ва ўсіх калектывах зарэкамендаваў сябе добрым, сумленным, прыстойным, справядлівым чалавекам. Зазнаўшы ўплыў дэструктыўных каналаў, здзейсніў шэраг правіннасцяў, надалей абяцаю не ўдзельнічаць".
У выніку, 9 верасня суддзя Шабуня прызнала Аляксея Муравіцкага вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК і асудзіла яго да аднаго года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пазоў "Мінсктранса" пакінулі без разгляду: ён будзе вырашаны ў грамадзянскім парадку.