viasna on patreon

«Была абурана прысудам за надпіс «Не забудем! Не простим!»: за каментар пра Касьянчык мінчанку асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі»

2021 2021-08-31T13:28:02+0300 2021-08-31T13:32:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kas_janchyk_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Першамайскага раёна разгледзелі чарговую крымінальную справу па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса за абразу памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Аліны Касьянчык. 31 жніўня суддзя Анастасія Ляйкоўская асудзіла 43-гадовую бухгалтарку Юлію Куксу да двух гадоў «хатняй хіміі» за абразлівы каментар у адносінах да Касьянчык у тэлеграм-чаце «Партызаны» пад паведамленнем пра суд за надпіс «Не забудем! Не простим!» на Пушкінскай. Абвінавачваная растлумачыла, што пакінула каментар, бо была абураная такім строгім прысудам. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Суднік.

Алина Касьянчик

Паводле версіі абвінавачвання, 19 снежня 2020 года з 16:00 да 17:00 Юлія Кукса, знаходзячыся ў Першамайскім раёне Мінска і маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады, выставіла Касьянчык у вачах грамадскасці ў зневажальным становішчы, пакінула абразлівы каментар у тэлеграм-чаце «Партызаны». Паведамленне было пакінутае пад допісам з асабістымі звесткамі Аліны Касьянчык і інфармацыяй пра суд за надпіс «Не забудем! Не простим!».

На судзе 43-летняя Юлія Кукса прызнала віну і раскаялася.

Паводле Юліі, у снежні яе цікавіла ўся інфармацыя па судах за надпіс «Не забудем! Не простим!». Яна патлумачыла, што пакінула каментар, бо была абурана прысудам за такі надпіс на Пушкінскай, лічыць, што «два гады калоніі — завялікае пакаранне за такі ўчынак». 

«Я сачыла за падзеямі ў краіне і рэагавала на тое, што было несправядлівым».

Праз месяц выдаліла каментар, бо зразумела, што «гэта няправільна, змагацца трэба іншымі спосабамі»

Юлію затрымалі 14 красавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа, калі яна ішла на працу.

Пацярпелая Касьянчык задавала шмат пытанняў падчас працэсу: чаму Юлія Кукса раней не папрасіла прабачэння, а толькі на судзе; чаму, не маючы адпаведнай адукацыі, яна вырашыла, што гэта вялікае пакаранне. Каментар сама Касьянчык не бачыла да таго, пакуль яго не паказаў следчы, палічыла яго абразлівым і не разумее, як жанчына, якая аднагодка яе бацькоў, магла так напісаць. На судзе яна заявіла, што не лічыць, што Кукса раскаялася, бо прабачэнне тая папрасіла проста фармальна. Былі нанесеныя маральныя пакуты, падрыў яе аўтарытэту і падрыў аўтарытэту ўсёй сістэмы, але грамадзянскі пазоў Касьянчык вырашыла не падаваць. Яна папрасіла пракурорку пры прызначэнні пакарання не пазбаўляць Куксу волі і не ізаляваць яе ад грамадства.

Абвінавачваная на судзе сказала, што наведвала ўсе Маршы і засталася прыхільніцай Віктара Бабарыкі.

Пракурорка Суднік запатрабавала для мінчанкі два гады «хатняй хіміі». Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Ляйкоўская. Таксама ў Юліі Куксы канфіскавалі тэлефон.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства