Траіх хлопцаў асудзілі на два гады "хатняй хіміі" кожнага за падзеі 9-10 жніўня ў Жлобіне
У судзе Жлобінскага раёна разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да 22-гадовага Яўгена Пархамовіча, 20-гадовага Іллі Сычэвіча і 22-гадовага Максіма Белашыцкага, якіх вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушалі грамадскі парадак ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года (ч. 1 арт. 342 КК).
Справу разглядала суддзя Наталля Качалава, бок дзяржабвінавачвання падтрымлівала Марына Панчык.
Паводле абвінавачвання, Ілля Сычэвіч, Максім Белашыцкі і Яўген Пархамовіч дзейнічалі сумесна і ўзгоднена паміж сабой і з іншымі нявызначанымі асобамі, вечарам 9 жніўня прыехалі ў цэнтральную частку Жлобіна, дзе з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх палітычна-грамадскіх поглядаў і пратэсту супраць ходу і вынікаў выбараў, а таксама з мэтай вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на абвастрэння напружанасці ў грамадстве, прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак, спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады і перашкодай нармальнаму руху транспарту і функцыянаванню прадпрыемстваў. Хлопцы выходзілі на праезную частку дарогі з натоўпаў па вул. Першамайская, стаялі ў счэпцы, перашкаджалі руху грамадскага і іншага транспарту, пляскалі ў далоні, гучна крычалі, свісцелі, выкрыквалі розныя лозунгі, дэманстратыўна зняважліва адмаўляліся ад выканання патрабаванняў міліцыянтаў, што пацягнула парушэнне працы транспарту – змене маршрутаў руху аўтобусаў №2, №7, №10 і №23, а таксама спыненню працы кругласуткавага магазіна “Мир продуктов”.
Хлопцы былі затрыманыя ў чэрвені 2021 года: Пархамовіч – з 15.25 гадзін 8 чэрвеня да 17.10 гадзін 9 чэрвеня, Сычэвіч – на пяць гадзін 9 чэрвеня, а Белашыцкі – на дзве гадзіны 10 чэрвеня.
Абвінавачаныя прызналі сваю віну поўнасцю. Ілля Сычэвіч распавёў, што бачыў пратэстоўцаў, вырашыў пайсці ў цэнтр, там сустрэўся з Максімам і Яўгенам. Людзей было шмат каля кінатэатра “Радзіма”, яны крычалі лозунгі і пляскалі ў далоні, заклікалі міліцыянтаў скласці шчыты. Хлопцы стаялі і назіралі за тым, што адбываецца: некаторыя людзі стаялі на тратуары, некаторыя выйшлі на праезную частку, транспарт не хадзіў. У нейкі момант хлопцы выходзілі на праезную частку, пляскалі ў далоні ў знак падтрымкі людзей, што сабраліся на плошчы, але ў счэпку не станавіліся. Ілля бачыў супрацоўнікаў міліцыі і чуў, як яны патрабавалі спыніць супрацьпраўныя дзеянні і разыйсціся. Але пратэстоўцы праігнаравалі патрабаванні. Тады міліцыянты пачалі адцясняць мірных дэманстрантаў, пасля чаго хлопцы сышлі з месца падзей.
Сычэвіч не ведаў, што за яго дзеянні можа наступіць крымінальная адказнасць, абяцаў, што больш не будзе браць удзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Максім Белашыцкі сустрэўся з Яўгенам Пархамовічаў, размаўлялі пра працу, потым даведаліся, што шмат людзей сабралася на плошчы Паўстання. Хлопцам было цікава паглядзець, што адбываецца, таму яны паехалі ў цэнтр Жлобіна. Там ужо была перакрытая дарога – стаяў МАЗ, было каля 700 чалавек, якія выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні. Ужо на плошчы сустрэліся і з Сычэвічам. Хлопцы хадзілі туды-сюды, глядзелі, што адбываецца. Таксама бачыў супрацоўнікаў у абмундзіраванні і са шчытамі, якія казалі, што трэба разыйсціся, але людзі не рэагавалі.
“Але гэта ж не 15 хвілін паглядзець для агульнага развіцця і сысці? Вы ж мэтанакіравана стаялі і глядзелі!”, - ціснула пракурорка.
Хлопцы збеглі, калі супрацоўнікі міліцыі сталі натоўп разганяць.
Аналагічныя паказанні даў і Яўген Прахамовіч. Адзначыў, што не сыходзілі, бо хацелі паглядзець, што будзе адбывацца далей.
У судзе былі апытаныя сведкі, частка з іх не з’явіліся ў працэс. Таксама былі вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы, у якіх у тым ліку скрыншот з усімі трыма абвінавачанымі.
Падчас спрэчак бакоў дзяржаабвінаваўца адзначыла, што віна Яўгена Пархамовіча, Іллі Сычэвіча і Максіма Белашыцкага цалкам даказаная іх прызнальнымі паказаннямі, паказаннямі сведкаў і пісьмовымі матэрыяламі справы, дзеянні абвінавачаных правільна кваліфікаваны па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, і прасіла суд прызначыць ім пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на два гады.
Суддзя Качалава пагадзілася з прапановай пракуроркі і 24 жніўня асудзіла кожнага з хлопцаў на два гады "хатняй хіміі".