Затрыманне праваабаронцы Насты Лойкі, затрыманні ў Бараўлянах: хроніка пераследу 13 жніўня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 13 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінск
Сёння затрымалі праваабаронцу Human Constanta Насту Лойку. Паводле інфармацыі арганізацыі, яна цяпер знаходзіцца на допыце ў ДФР. Верагодна, яе забралі з хаты. Прычыны допыту і іншыя абставіны пакуль невядомыя.
"На тэлефон калегі прыйшло SOS-апавяшчэнне з геалакацыяй, і Наста запісала галасавое паведамленне, што яна знаходзіцца ў ДФР. Па геалакацыі яна сапраўды знаходзіцца ў ДФР", — распавялі яе калегі "Медыязоне".
У 18:50 стала вядома, што ў кватэры праваабаронцы Насты Лойка праходзіць ператрус.Паводле інфармацыі калегаў, Лойка на ім прысутнічае. Допыт Насты Лойка будзе праводзіцца ў ІЧУ заўтра ці ў нядзелю. Інфармацыі аб яе статусе або абвінавачванні па-ранейшаму няма.
Насту Лойка затрымалі на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы.
Раніцай у Бараўлянах прайшлі масавыя затрыманні. Відавочца распавядае, што бачыла бус ў двары, куды сілавікі запіхвалі людзей.
Паведамляецца пра затрыманне Ірыны Малей (31.12.1974). Яе затрымалі на вуліцы, калі яна выгульвала сабаку. Ірыну адвезлі ў РАУС, потым прывезлі дадому на ператрус, падчас якога забралі тэхніку. Ірыну зноў забралі.
Суд Цэнтральнага раёна 13 жніўня разгледзеў пазоў МУС Беларусі і прызнаў інфармацыйную прадукцыю партала TUT.BY і яго сацсетак, а таксама Zerkalo.io, экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаныя інфармацыйная прадукцыя TUT.ВY і Zerkalo.io (парталаў, а таксама акаўнтаў у Telegram, Viber, Twitter, Вконтакте, Аднакласніках і TikTok), а таксама лагатыпы (лічбавыя вадзяныя знакі) TUT.ВY і Zerkalo.
Цяпер гэты спіс павінен быць унесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, пасля чаго распаўсюджванне любой прадукцыі TUT.ВY і Zerkalo.io будзе лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем.
Праз 10 сутак пасля брутальнага затрымання 12 жніўня не выйшлі на волю музыкі з гурта Irdorath і іх сябры дудар Зміцер Шыманскі, Уладзімір Калач, Надзея Калач, Пятро Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая) і Антон Шніп застаюцца за кратамі да суда. Месца ўтрымання пакуль невядомае.
Іх абвінавачваюць паводле артыкула 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за выступленне падчас масавых шэсцяў у Мінску ў жніўні 2020 года.
Як стала вядома праваабаронцам "Вясны" Павел Шмыга на волі, яго не затрымлівалі.
Стала вядома, што 11 жніўня ператрус таксама адбыўся ў сябра "Сходу" Пятра Карабанава. Ён на волі з падпіскай аб неразгалошванні.
"Списки Окрестина" паведамляюць пра затрыманне:
- Валадзько Арцём (забралі пасля ператрусу КДБ)
- Крамянеўскай Валерыі Сяргееўна (16.06.1998) (ІЧУ Акрэсціна)
- Лісоўскай Таццяны Іванаўны (вызвалілі)
- Лісоўскага Сяргея Юр'евіча
- Мішчанкі Аляксандра (14.06.2003)
- Моргаль Дзмітрыя
- Падзько Вольга Алегаўна
- Петух Вольга Віктараўна
- Цёмкіна Яўгенія Міхайлаўна (ператрус)
- Фомчанка Ганна Паўлаўна
- Чаховіч Станіслаў (ператрус)
Валерыя Крамянеўская і непаўнагадовая Аляксандра Мішчанка, якія не выходзяць на сувязь, былі сёння каля суда Мінскага раёна, дзе праходзіць працэс над палітзняволенымі Максімам Знакам і Марыяй Калеснікавай. Ёсць верагоднасць, што Валерыя і Аляксандра затрыманыя.
Стала вядома, што Валерыю змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
12 жніўня затрымалі за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах мінулага году Вадзіма Вінагарадава, Аляксандра Лянько, Георгія Шпачэнка.
Палітвязня Аляксандра Бялова паставілі ў СІЗА №1 на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму.
Бабруйск
Праваабаронцам стала вядома, што палітзняволенага гальшанца Івана Вярбіцага, якога асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму, у бабруйскай калоніі №2 змясцілі ў памяшканне камернага тыпу да 5 кастрычніка.
Баранавічы
Уладальніка крамы тавараў з нацыянальнай сімволікай "Росквіт" Юрыя Казакевіча 12 жніўня шэсць гадзін дапытвалі ў КДБ. Юрый Казакевіч быў выкліканы ў чацвер у інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па горадзе Баранавічы. Пасля таго як актывіст з'явіўся туды, некалькі чалавек, адзін з якіх паказаў нейкае пасведчанне, павезлі яго ў невядомым накірунку, паведамілі БелаПАН відавочцы.
Усё адбылося ў раёне абеду, каля інспекцыі засталася стаяць машына актывіста, сувязь з ім адсутнічала.
"Мяне дапытвалі шэсць гадзін у КДБ. Я праходжу сведкам па крымінальнай справе і знаходжуся пад падпіскай аб неразгалошванні", — паведаміў БелаПАН Казакевіч, які быў вызвалены ўвечары.
У Юрыя Казакевіча канфіскаваны мабільны тэлефон.
Жлобін
У Жлобіне пачалі пераслед актывісткі Любові Шведавай (Дзятлавай). Сёння ўвечары яе выклікаюць у СК па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Ужо, як мінімум, 12 чалавек-сведак па яе справе апытвалі. Любоў распавядала пра запалохванне ад міліцыянтаў.
Брэст
Двое асуджаных з 5-й партыі па "карагоднай" справе паспрабавалі ўцячы ва Украіну, паведамляе госТВ. Іх жорстка затрымалі, далі штраф па 4 тысячы рублёў і адправілі на "хімію", пішуць брэсцкія праваабаронцы.
АНТ распаўсюдзіла відэаролік, дзе фігуруюць жыхары брэстчыны Андрэй Аніскевіч і Ілля Палхоўскі. Гэтых хлопцаў асудзілі па так званай "карагоднай" справе да паўтары і двух гадоў абмежавання волі адпаведна.
На відэа можна заўважыць, што ўжо ляжалым на зямлі хлопцам не менш двух разоў наносяць удары рукамі. Далей, трымаючы іх на зямлі, і завёўшы рукі далёка за спіной, іх дапытваюць на камеру: "[навошта незаконна перасякаў мяжу?] — Хацеў пазбегнуць пакарання. — Карагоды вадзілі? — Стаяў побач, так", — адказаў Аніскевіч.
У роліку прадстаўнік памежнай службы Леанід Шкілевіч паведамляе, што затрыманых ужо аштрафавалі кожнага на 140 базавых велічынь (4 060 рублёў) "за спробу наўмыснага незаконнага перасячэння дзяржмяжы і за парушэнне памежнага рэжыму".
Прадстаўнік іншай дзяржструктуры, аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці УУС Брэстаблвыканкама, паведаміў таксама, што Аніскевіча і Палхоўскага этапуюць да месца адбыцця пакарання "ў парадку для асуджаных да пазбаўлення волі".
Гомель
У Гомелі паведамляюць пра затрыманне Мальчыкава Аляксея Ігаравіча.
Магілёў
12 жніўня супрацоўнікі 3-яго кіравання ГУБАЗіК МУС РБ затрымалі Дзмітрыя Гарбачова, які працуе ў адной з аптэк Магілёва, піша MAYDAY.
Прычынай для затрымання стаў створаны Дзмітрыем у жніўні 2020 года чат "для дваровага руху медыкаў з Магілёва". У чарговым відэароліку , які запісалі супрацоўнікі ГУБОПиКа, Зміцер паведаміў, што быў падпісаны на телеграм-канал Сьцяпана Пуцілы, прызнаны экстрэмісцкім.
Статус Дзмітрыя нам на дадзены момант невядомы.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.