viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні трох новых палітвязняў

2021 2021-07-28T17:29:37+0300 2021-10-01T15:44:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pltz2807.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

28 ліпеня 2021 года

Намі атрымана інфармацыя аб асуджэнні і пазбаўленні свабоды грамадзян за нанясенне надпісаў пратэснага зместу ў розных грамадскіх месцах.

  • Юрый Дрэка асуджаны 13 сакавіка судом Савецкага раёна г. Мінска па ч. 1 арт. 339 КК да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (прыступіў да адбыцця пакарання) за надпіс "СБ - с... бойцеся" на агароджы будаўнічай пляцоўкі ў цэнтры Мінска. Пацярпелымі прызналі некалькі супрацоўнікаў Выдавецкага дома "Беларусь сегодня": першага намесніка дырэктара і галоўнага рэдактара Выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Міхаіла Лябедзіка, а таксама Андрэя Мукавозчыка, Дзмітрыя Крата, Людмілу Гладкую, Рамана Рудзя.
  • Аляксандр Бажкоў асуджаны судом Аршанскага раёна паводле арт. 341 КК да трох месяцаў арышту (прыступіў да адбыцця пакарання) за нанясенне пратэсных надпісаў на будынку папраўчай калоніі.
  • Віктар Каліноўскі асуджаны судом Берасцейскага раёна паводле ч. 2 арт. 339 КК да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (прыступіў да адбыцця пакарання) за надпісы пратэснага характару ў розных грамадскіх месцах Берасця і Берасцейскага раёна.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:

Нанясенне надпісаў такога віду не з'яўляецца праявай хуліганства і вандалізму.

Змест надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія праходзяць у краіне з лета 2020 года, сведчаць аб тым, што матывам іх нанясення было выказванне меркавання на грамадска значныя тэмы.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання трапляе пад абарону Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад'яўленымі ім абвінавачваннямі: у адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або праз сродкі друку або мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўлены законам і з'яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Асуджаныя не замахваліся на значныя каштоўнасці, не знішчылі іх. Самі надпісы не ўтрымліваюць мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці або сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. Нецэнзурная лексіка, якую выкарыстоўвалі некаторыя з іх, не сведчыла сама па сабе аб наяўнасці ў іх дзеяннях складу крымінальна каральнага злачынства.

Матэрыяльны ўрон ад такіх дзеянняў насіў сімвалічны характар.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Юрыя Дрэкі, Аляксандра Бажкова і Віктара Каліноўскага палітычна матываваным, а саміх асуджаных палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення Юрыя Дрэкі, Аляксандра Бажкова, Віктара Каліноўскага і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  2. Неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларусі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва";

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

Lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства