Палітзняволенага барабаншчыка Санчука судзяць па некалькіх "пратэсных" артыкулах Крымінальнага кодэкса Дапоўнена
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 15 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 30-гадовага палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука. У лістападзе ў Мінску на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу барабаншчыкаў "Патрабуем разысціся", якая восенню стала адным з сімвалаў пратэстаў. Музыкаў адміністрацыйна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але адзін з затрыманых тады — Аляксей Санчук — пасля 15-сутачнага арышту так і не выйшаў на волю. Супраць яго распачалі крымінальную справу. На "пакаяльным відэа" АНТ Аляксей пасля затрымання толькі сказаў: "Я вучыў рытм". Па словах іншых затрыманых музыкаў, пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа збівалі Аляксея і патрабавалі пароль ад тэлефона. Цяпер яго абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Яўген Серакоў. "Вясна" назірае за гэтым працэсам і распавядае яго акалічнасці.
"Задавалі тэмп на Маршах". На рэпетыцыі было затрымана 16 музыкаў, Аляксея збівалі і патрабавалі доступ да тэлефона
У Мінску 4 лістапада на рэпетыцыю музыкаў у гаражы наляцелі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Усяго было затрымана 16 чалавек: сем адразу адпусцілі, а тры дзяўчыны атрымалі штраф па 30 базавых. Астатніх шасцярых, у тым ліку і Аляксея Санчука, асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка паводле арт. 23.34 КаАП на 10-15 сутак. Адміністрацыйнае пакаранне Аляксей адбываў у Жодзіне. Па словах музыкаў, пры затрыманні Аляксея збівалі.
"Мы бачылі як яго выводзілі і як ён вярнуўся пабіты. Падчас этапавання ён распавёў, што яго прымусілі адкрыць тэлефон. А там былі пазначаны кропкі збору на марш. Адпаведна, была зроблена выснова, што Лёша — арганізатар. Ужо тады яму паведамілі, што ён будзе праходзіць па крымінальнай справе, — пра гэта Лёша распавёў нам у РУУСе, дзе мы ўсе ўтрымліваліся. Пазней да яго ў Жодзіна прыязджаў следчы з ГУБАЗіК, дапытваў яго", — распавялі музыкі-сябры TUT.BY.
На наступны дзень пасля затрымання на АНТ выйшаў сюжэт "Закон "па барабану", дзе распавядалася, што "ў падвальным памяшканні, дзе праходзіла рэпетыцыя, затрымалі дзевяць барабаншчыкаў, якія рэгулярна ўдзельнічалі ў пратэстах". У сюжэце гаворылася, што барабаншчыкі "задавалі тэмп на Маршах", а таксама ўдзельнічалі ў дваровых канцэртах. Там таксама паведамлялася, што барабаншчыкі нібыта збіраліся паліць пудзіла з выявай прадстаўнікоў улады. Асабліва акцэнтуецца ўвага, што сярод музыкаў былі і анархісты. На відэа дапытваецца і Аляксей Санчук. Невядомая асоба пытаецца ў яго, за што канкрэтна ён быў затрыманы. Аляксей адказвае: "Сёння? Ды без паняцця". На відэа Аляксей таксама распавядае, што ён вучыў рытм і хацеў навучыцца пэўнаму рытму. На пытанні невядомай асобы, ці мелася ў Аляксея пры сабе якая-небудзь атрыбутыка, сцягі, сімволіка, ён адказвае адмоўна.
Жонка палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука: Дачка лічыць яго Героем
"Арганізаваў супольнасць, дзе навучаў людзей групавым дзеянняя, якія груба парушаюць грамадскі парадак". У чым цяпер яго абвінавачваюць?
Аляксея Санчука абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
Згодна версіі абвінавачвання, Аляксей Санчук "пад выглядам масавых мерапрыемстваў" у Мінску здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак: перакрываў праезную частку, аказваў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам УУС, крычаў лозунгі, гучна пляскаў далонямі, размахваў бел-чырвоным-белым сцягам. Гэтым ён здзейсніў злачынства, прадугледжаннае ч. 1 арт. 342 КК.
За блакаванне дарог 27 верасня, 18 кастрычніка, 4 кастрычніка, 25 кастрычніка, 1 лістапада яму выставілі пазоў на суму 161 900 рублёў.
Таксама па версіі следства, ён "арганізаваў супольнасць, дзе навучаў людзей, схіляў асобаў да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Яго абвінавачваюць у тым, што ён ажыццявіў навучанне асоб для ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, здзяйснення гучных воплескаў рукамі, якія парушаюць спакой грамадзян. Гэта — ч. 2 арт. 342 КК.
Па версіі абвінавачвання, з чэрвеня па лістапад 2020 года Санчук па папярэдняй змове з мэтай выказвання палітычных поглядаў стварыў тэлеграм-чат, які мае ў сваёй назве слова "Крыжыкі".
Па ч. 3 арт. 293 і арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) яго абвінавачваюць за тое, што ў яго падчас вобшуку былі знойдзеныя 67 небяспечных піратэхнічных вырабаў(кшталту «Чайная ружа», «Хвалісты папугайчык», «Шок»), петарды, газавыя балончыкі, 18 лазерных указак, аптычная сістэма назірання, пнеўматычная стрэльба і іншае.
Санчук прызнаў сябе вінаватым па ч.1 і 2 арт. 342, а па ч. 3 арт. 293 і арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК — віну не прызнае.
Допыт удзельнікаў чата. Што адбываецца на судзе?
Аляксей будзе даваць паказанні пасля допыту сведак. Першым дапыталі сведку, які быў ў тэлеграм-чаце (групе), які стварыў абвінавачаны. Там было каля 20 телеграм-карыстальнікаў. Па словах сведкі, з Санчуком ніякіх адносінаў ён не падтрымліваў. Сведка распавёў на судзе, што ён хацеў набыць белы бранзалет, а Аляксей сказаў, што можа яго даць. Пры сустрэчы ён аддаў каля 10 бранзалетаў.
— Навошта вам бранзалеты?
— Ну, усе насілі.
Санчук, па словах сведкі, прапанаваў уступіць у групу, назву якой ён не памятае. Там яны абмяркоўвалі велапрабегі. Праз месяц яны яшчэ раз сустрэліся — абвінавачаны перадаў каля 20 плакатаў. Потым сведка ўдзельнічаў у велапрабегу.
Па словах сведкі, фінансава абвінавачаны яго не падтрымліваў, не запрашаў удзельнічаць у масавых мерапрыемствах.
На судзе агучылі паказанні сведкі, дадзеныя ім ў ходзе папярэдняга следства. Па гэтых паказаннях, у чаце усё ж такі абмяркоўвалі паходы на пратэсты, скідалі фатаграфіі, але ўсе гэтыя былі мірныя акцыі.
На судзе дапыталі яшчэ адну ўдзельніцу чата Галіну. На судзе яна распавяла, што пазнаёмілася з ім на велапрабегу, яе дадалі ў телеграм-чат "Крыжыкі". Галіна сказала, што Аляксей прасіў пазычыць маленькую суму, таму яна адзін раз пераводзіла яму грошы. Жанчына сказала, што ўдзельнічала ў масавых мерапрыемствах, а часам хадзілі разам з абвінавачаным. Працягваючы апісваць адносіных з Санчуком, Галіна сказала, што яны хадзілі разам у кавярню, пілі гарбату. На гэта суддзя пацікавілася, хто аплочваў рахунак.
Трэцім сведкам на судзе дапыталі знаёмага Аляксея. Ён распавёў, што пазнаёміўся з ім у 2020, але не памятае як пазнаёміліся. Не памятае, ці абмяркоўвалі з ім палітычныя падзеі, як не памятае, ці фатаграфаваўся з БЧБ-сцягам, напрыклад. Пра заклікі Санчука да нейкіх дзеянняў, яму невядома.
— Ці вядома аб стварэнні нейкага супраціву?
— Які супраціў? У яго жонка і дзіця.
Наступнай на судзе дапыталі яшчэ адную знаёмую палітвязня. Яна таксама не памятае, як пазнаёмілася з ім. Суддзя запытался, ці пералічвала яна грошы абвінавачанаму. Жанчына адказала адмоўна. На пытанне, што вядома ёй пра перакрыццё дарог, яна сказала, што вуліцы перакрываў АМАП і ДАІ, а людзі выходзілі ўжо на заблакаваныя дарогі.
Сёння дапыталі чатыры сведкі і абвясцілі перапынак да заўтра.
Суд працягнецца 16 красавіка ў 11.00.