viasna on patreon

У Гародні судзяць дзяўчыну за абразу супрацоўніцы АМАПу

2021 2021-04-14T16:07:25+0300 2021-04-14T16:07:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_hrodna1404.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Падча судовага працэсу. Фота Рамана Юргеля

Падча судовага працэсу. Фота Рамана Юргеля

14 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну пачаўся чарговы судовы працэс за абразу супрацоўніка міліцыі. На лаве падсудных на гэты раз 32-гадовая гарадзенка Настасся Каламейчанка, піша "Гарадзенская Вясна". Маці двух малых дзяцей, замужнюю Каламейчанку судзяць па 369 артыкуле Крымінальнага кодэксу. Нібыта яна абразіла небезвядомую гарадзенскую амапаўку, прапаршчыка Дар'ю Бандарчук. Напомнім, што Бандарчук ужо праходзіла пацярпелай па крымінальнай справе Марыны Палікарпавай.

Паводле версіі следства Каламейчанка 3 верасня 2020 года размясціла сторыс у Instagram, якая абразіла Бандарчук.

Справу разглядае суддзя Маргарыта Ланцэвіч, дзяржабавінаваўцай выступае Алена Пронька.

8 снежня ў кватэру Каламейчанка заявілася група АМАПу і іншыя сілавікі, правёўшы ператрус. Жанчыну тады затрымалі, тры дні - з 8 снежня па 10 снежня яна знаходзілася ў ІЧУ Гародні.

На першы дзень паседжання суду Дар'я Бандарчук не з'явілася, па інфармацыі суда яна ў камандзіроўцы. Сведка, супрацоўнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Каспяровіч таксама не з'явіўся.

Пракурор выказала думку, што працэс можна пачынаць без удзелу пацярпелай. Пракурорка зачытала наступнае: "Анастасія Каламейчанка выкарыстала мабільны тэлефон для размяшчэння абразлівай інфармацыі ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, нанясення шкоды, дапусціла публічную абразу па форме да супрацоўніцы АМАПу, Бандарчук. 03.09.20 здзейсніла публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сторыс Instagram...".

Далей пачаўся допыт абвінавачанай. Каламейчанка заявила, што ў Instagram яна мае акаўнт некалькі гадоў, ці была адчынена яе старонка ў верасні - не памятае. Каламейчанка сцвярджае, што яна пост аб абразе Бандарчук не размяшчала і нават не бачыла раней. Пра негатыўную інфармацыю ў дачыненні да Бандарчук даведалася толькі 8 снежня ў РАУСе Кастрычніцкага раёну Гародні. Там ёй паказалі скрыншот, паведамілі, за што затрымліваюць, і павезлі ў Следчы камітэт на допыт. Хто мог размясціць інфармацыю ў яе Instagram, не ведае і паясніць не можа. Гісторый у архіве за 3 верасня не было і не захавалася. Да акаўнта маглі мець доступ знаёмыя. У ІЧУ яна сказала пароль, і міліцыянт скінуў усе заводскія настройкі айфону. Пакуль яна тры дні была ў ІЧУ, у яе акаўнт былі ўваходы, відавочна іншымі людзьмі, паколькі ў яе не было такой фізічнай магчымасці.

Пракурор далей выказала неабходнасць прысутнасці і ўдзелу ў працэсе пацярпелай Бандарчук і сведкі Каспяровіча з УУС. Адвакат заявіў пратэст супраць допыту сведкі Каспяровіча, паколькі ён непасрэдна удзельнічаў у аператыўна-вышуковых мерапрыемствах і афармаляў дакументы.

Суддзя пастанавіла накіраваць запыт у Кастрычніцкі РАУС, запатрабаваць поўны аўдыёзапіс аператыўных вышуковых дзеянняў, а таксама паўтарыць выклік Бандарчук і сведкі Каспяровіча ў суд.

Наступнае судовае паседжанне па гэтай справе прызначана на 19 красавіка на 14.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства