Затрыманні і ператрусы ў Беларусі: хроніка палітычнага пераследу 25 і 26 лютага Дапоўнена
25 і 26 лютага праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Пераслед 26 лютага
Раніца 26 лютага пачалася з ператрусу ў рэдактара сайта “Віртуальны Брэст” Андрэя Кухарчыка. Пакуль вядома, што ў журналіста забіраюць тэлефон і кампутар, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі журналістаў. Падрабязнасці высвятляюцца.
Пазней БАЖ паведаміў, што паводле папярэдняй інфармацыі, гаворка ідзе пра "карагодную" справу, шукаюць фота. У Кухарчыка забралі кампутар, тэлефон і некалькі старых вінчэстараў.
У жніўні мінулага года "Віртуальны Брэст" трапіў у спіс рэсурсаў, доступ да якіх па загадзе Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны на тэрыторыі Беларусі.
Як паведамілі праваабаронцам "Вясны", сёння ў 10:45 у момант выхаду з электрычкі на станцыі Мінск-Паўночны была затрыманая група пенсіянераў. Затрымлівалі людзі ў цывільным. Па словах відавочцы, затрымалі не менш за 8 чалавек, яны ў электрычцы чыталі беларускія кнігі — акцыя ў падтрымку беларускай мовы. Затрыманых даставілі ў Заводскі і Партызанскі РУУС, а потым на Акрэсціна. Сярод затрыманых:
- Галіна Гуленкова
- Наталля Іванісава (1946 г.)
- Святлана Лазебнікава (1961 г.)
- Ірына Новік (1961 г.)
- Ніна Несцяровіч (1961 г.)
- Наталля Агейчык (1960 г.)
- Алена Васільева (1955 г.) - вызвалілі з ЦІП да суда
- Аксана Каратава (1954 г.)
- Таццяна Шыманская (1961)
- Раіса Алецкая - вызвалілі з ЦІП да суда
- Іна Жаковіч
- Алена Засценчык
- Любоў Кучынская
- Алена Лебядзінская
- Вера Паршак
Паведамляюць, што з ІЧУ на Акрэсціна выйшлі пенсіянеркі, якіх у пятніцу, 26 лютага, затрымалі на выхадзе з электравіка «Менск – Маладзечна». Сілавікі сустрэлі сталых людзей на платформе станцыі «Менск-Паўночны». У РУУС на іх склалі пратаколы паводле арт. 23.34. Падставай сталася чытанне ў цягніку кніг беларускіх пісьменнікаў. Сведкі казалі, што ў некаторых пенсіянерак былі з сабою бел-чырвона-белыя сцяжкі.
Пішуць, што затрымалі 26 асобаў. Міліцыянты зафіксавалі жанчын на відэа, а таксама далі зразумець, што побач з пенсіянеркамі быў ціхар. Некаторыя пенсіянеркі распавядаюць, што ў ІЧУ сядзелі ў камеры, дзе на 6 месцаў было 14 чалавек.
Суды над жанчынамі прызначылі на 1 сакавіка.
Пераслед 25 лютага
Увечары 25 лютага былі затрыманыя каля 10 чалавек у Мінску на вуліцы Нёманскай, 42. Там збіралі подпісы пад зваротамі, якія тычыліся добраўпарадкавання горада, адкрыцця межаў Беларусі на выезд, прадастаўлення аб'ектыўнай статыстыкі на COVID-19, з нагоды ЦЭЦ і "Табакерак". Аб'яву аб зборы подпісаў размясцілі ў адкрытым чаце. Затрыманых даставілі ў Фрунзенскае РУУС, а потым на Акрэсціна. Вядома пра затрыманне:
- Марыя Баран
- Сяргей Барнюк
- Таццяна Зайцава
- Віталь Зайцаў
- Алена Лабовіч
- Валерый Халадзінскі
- Дар'я Шабан
- Алена Шумейка
Над імі чакаюцца суды.
Раніцай у Лебяжым у сябе дома былі затрыманыя муж і жонка Максім і Юлія Лакатковы. ГУБАЗіК паведаміў, што затрымаў дзяўчыну, якая паведамляла інфармацыю блогеру Антону Матольку. Яе, як і іншых, прымусілі пакаяцца на фоне чырвона-зялёнага сцяга. Юлія Лакаткова – адна з ключавых асобаў у беларускай экасістэме стартапаў. Яна кіруе некалькімі IT-бізнесамі. Яе аштрафавалі ў Цэнтральным судзе на 40 базавых велічын нібы за непадпарадкаванне і адпусцілі на волю. Максім затрыманы, над ім чакаецца суд.
У Маладэчне 25 лютага каля 11:30 з дому забралі адну з затрыманых раней лыжніц — Вольгу Квасаву. Пратрымалі яе ў РАУСе да 17:00, пасля чаго адвезлі ў СК — інкрымінуюць артыкул 188 КК (паклёп). 22 лютага ў яе быў ператрус, у выніку якога забралі ноўтбук.
У суботу быў затрыманы відэаблогер Руслан Ліннік (каля 90 тыс. падпісчыкаў на YouTube), у хаце яго бацькоў быў праведзены ператрус. 25 лютага прэс-служба МУС паведаміла, што ён затрыманы за "абразу службовых асоб МУС".
"У кастрычніку мінулага года 38-гадовы жыхар Менска размясціў у сваім канале відэахостынгу ролік з абразамі прадстаўнікоў міліцэйскага ведамства. Пры гэтым мужчына доўгі час хаваўся. У лютым супрацоўнікі сталічнага ўпраўлення ГУУБ МУС затрымалі аўтара матэрыялу, нягледзячы на канспіратыўны лад жыцця і рэгулярную змену месца жыхарства.
Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням блогера і распачалі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады. Фігурант раскаяўся ў зробленым і прызнаў сваю віну", — адзначаецца ў ведамстве.
Следчы камітэт паведаміў, што відэаблогер Руслан Ліннік заключаны пад варту.
Сілавікі прыйшлі з ператрусам у кватэру вядомага пластычнага хірурга Аляксея Дзюжага.
"Патэлефанаваў мне ўчора раніцай нейкі Лісіцкі і паведаміў, што ён з крымінальнага вышуку. Сказаў, што хоча са мной пабачыцца. Я яму патлумачыў, што ў Гомелі не жыву. Тады ён спытаў, хто жыве ў кватэры ў Гомелі. Там жыве бацька", — распавёў Аляксей выданню "Флагшток".
Учора ў абед да бацькі Аляксея прыйшлі з ператрусам: узялі панятых і агледзелі кватэру, у якой іх нічога не зацікавіла. Як паведаміў Аляксею яго бацька, ператрус звязаны са справай аб "масавых беспарадках 9-12 жніўня".
Вядома, што Аляксея затрымлівалі ў верасні падчас аднаго з маршаў у Мінску. У сацсетках ён адкрыта выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю.