viasna on patreon

Вядомага рэкламіста асудзілі на тры гады "хіміі" за тое, што нібыта ўзначальваў шэсце

2021 2021-02-17T11:45:00+0300 2021-02-17T11:45:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/flag_na_prospekte_sk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 17 лютага вынеслі прысуд крэатыўнаму дырэктару рэкламнага агенцтва Salmon Graphics Сяргею Касцюкевічу, абвінавачанаму паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у нядзельным маршы шостага верасня. Суддзя Вольга Няборская прызнала яго вінаватым і прысудзіла тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Да суда Касцюкевіч знаходзіўся пад вартай, пасля прысуду яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Сяргей Касцюкевіч на праспекце
Сяргей Касцюкевіч на праспекце

Сяргея Касцюкевіча затрымалі шостага верасня за ўдзел у нядзельнай акцыі пратэсту. Яго асудзілі па артыкуле 23.34 КаАП на восем сутак арышту, але пасля "сутак" не адпусцілі, а затрымалі ўжо па крымінальнай справе. Потым мужчына быў дома, пад варту яго ўзялі 30 снежня.

У чым абвінавачвалі Касцюкевіча?

Паводле версіі Следчага камітэта, Сяргей Касцюкевіч "парушаў грамадскі спакой" у цэнтры Мінска, быў у першых шэрагах масавага мерапрыемства і "ўзначаліў вулічнае шэсце, выйшаўшы адным з першых на праезную частку", паведамляе TUT.BY. Яго абвінавацілі ў блакаванні транспартных шляхоў і парушэнні працы грамадскага транспарту.

У тэлефоне менчука знайшлі паведамленні, "накіраваныя адміністратарам радыкальных Telegram-каналаў" пры дапамозе бота: там інфармацыя аб становішчы ў сталіцы, перамяшчэнні спецтэхнікі, выстаўленні агародж.

Што казаў абвінавачаны?

Сяргей Касцюкевіч прызнаў віну часткова. Ён прызнаў, што на нейкім участку шляху выходзіў на праезную частку разам з іншымі людзьмі, але рухаўся ў сярэдзіне калоны. Ён адзначае, што пайшоў на акцыю ў знак пратэсту з неадпаведным гвалтам.

"Але я нікому не паведамляў ні даты, ні месца збору. Я быў шараговым удзельнікам, нікога не каардынаваў, па шляху ні з кім не размаўляў, не выкрыкваў лозунгаў. У руках у мяне быў сцяг, я не мог нават пляскаць у далоні".

У той дзень ён прыехаў на плошчу Перамогі, пакінуў свой аўтамабіль. Узяў сцяг, павесіў яго на пластыкавае дрэўка, дачакаўся, пакуль прыйдзе вялікая калона, і далучыўся да яе. Людзі ішлі ў бок ГУМа. Адзначае, што значную частку шляху ішоў па тратуары. Аднак людзей было шмат, праспект быў перакрыты аўтамабілямі ДАІ і людзі ў нейкі момант сталі выходзіць на праезную частку.

— Потым частка людзей выйшла на праезную частку, я рушыў услед за імі. Хаатычна рухаліся людзі з розных бакоў і ішлі да ГУМу.

— Якая наогул была неабходнасць выходзіць?

— Паколькі ні грамадскага, ні асабістага транспарту не было на дарозе, я палічыў магчымым рухацца за астатнімі.

Ён дадаў таксама, што тэлеграм-каналы МУС і "Мінсктранса" папярэджвалі аб перакрыцці дарог, а таксама аб тым, што транспарт пойдзе па іншых маршрутах.

"Аўтамабілі ДАІ перагарадзілі дарогу прыкладна ў 14.00 у раёне цырка. Ні асабісты, ні грамадскі транспарт не рухаўся па гэтым участку праспекта( ... ) Я не прызнаю, што я арганізоўваў мерапрыемства, а таксама не прызнаю актыўны ўдзел, злы намер, Блакаванне дарог. Нельга блакаваць дарогі, якія і так перакрытыя, па якіх не рухаецца транспарт".

Пазней Сяргей растлумачыў, што, зыходзячы з запісаў камер відэаназірання, у раёне ГУМа з'явіўся ў 14.29. У гэты час дарога была ўжо перакрытая.

— Які сцяг быў у вас у руках?

— Дзяржаўны сцяг узору 1991 года, бел-чырвона-белы.

Таксама дзяржабвінаваўца ўдакладняў, ці пісаў абвінавачаны нейкія паведамленні ў телеграм-каналы ("Баста" і гэтак далей).

— Нейкія інфармацыйныя паведамленні аб сітуацыі ў нас у краіне адпраўляў.

— З нагоды падзей 6 верасня пісалі?

— Ніякай інфармацыі па падзеях 6 верасня не пісаў, — адказаў мужчына.

Падчас допытаў ён адзначаў, што тэлефон зусім быў разраджаны.

Сяргей тлумачыць, што з раёна ГУМа пайшоў да праспекта Пераможцаў, да стэлы.

— Пачаўся дождж, і я стаяў пад дрэвамі ў парку Перамогі. Перачакаў дождж, склаў сцяг і пайшоў да машыны. Быў затрыманы невядомымі людзьмі ў чорнай форме. Яны не прадставіліся, ударылі мяне ў жывот і павалаклі ў аўтамабіль. Мне пачалі нешта тлумачыць толькі ў Цэнтральным РУУС.

Мянчук дадаў, што за выхад на акцыю ўжо панёс пакаранне —  адседзеў 8 дзён. Пасля гэтага "многае ўсвядоміў, выйшаў з телеграм-каналаў" і больш не цікавіцца іх зместам. Сяргей Касцюкевіч сказаў, што не знаходзіцца ні ў адной з партый, у падрыхтоўцы да выбараў не ўдзельнічаў, вёў звычайнае жыццё.

У абвінавачанага ёсць жонка, а таксама маці, якая пражывае асобна за горадам, у вёсцы. У яе на ўтрыманні брат, інвалід дзяцінства —  трэба дапамагаць сям'і. Акрамя таго, у менчука ёсць некалькі хранічных захворванняў, неабходны перыядычны агляд, сустрэчы з лекарам.

У рэкламным агенцтве, дзе працуе Сяргей Касцюкевіч, ён начальнік аддзела. Быў у журы рэкламных фестываляў на постсавецкай прасторы, мае шмат узнагарод, беларускіх і міжнародных, растлумачыў абвінавачаны ў судзе.

Падчас працэсу зачыталі паведамленне менчука "рэдакцыі" аднаго з тэлеграм-каналаў (у судзе Сяргей Касцюкевіч растлумачыў, што гэта быў бот). Напрыклад, ён пісаў, дзе бачыць ланцуг салідарнасці. Сярод іншага было паведамленне за 10 жніўня з фразай, што "трэба выехаць у горад і заблакаваць аўтобусамі і тралейбусамі скрыжавання".

Адвакат адзначыў, што гэта не мае дачынення да справы, якая разглядаецца ў судзе.

"Хутчэй за ўсё, гэта было эмацыйнае выказванне, выкліканае гвалтам і падзеямі ў краіне, —  растлумачыў Сяргей Касцюкевіч сваю фразу. —  Але я ні да чаго нікога не заклікаў".

У судзе зачытвалі характарыстыкі ад кампаній, з якімі Сяргей Касцюкевіч супрацоўнічае па працы. Усе яго лічаць годным чалавекам, які адыграў важную ролю для рэкламнай галіны Беларусі і не толькі, і просяць яго адпусціць.

Спрэчкі бакоў

Дзяржабвінаваўца Завадзіч папрасіў суд прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады ("хімія"). Меру стрымання змяніць на падпіску аб нявыездзе, вызваліць у залі суду. Таксама ён папрасіў суд пры вынясенні прысуду ўлічыць тэрмін утрымання пад вартай. Арышт з маёмасці абвінавачанага зняць.

Завадзіч мяркуе, што абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з Сяргея Касцюкевіча варта зняць.

"Падчас судовага следства доказаў, якія пацвярджаюць арганізацыю групавых дзеянняў, не прадстаўлена(...) Прашу прызнаць вінаватым у актыўных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады, што пацягнула парушэнні ў працы транспарту".

Пры гэтым Завадзіч папрасіў суд улічыць станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага і тое, што ён ніколі не быў судзімы.

Адвакат Андрэй Санковіч адзначыў, што ў дзеяннях абвінавачанага наогул адсутнічае склад злачынства па артыкуле 342 КК. Адвакат дадаў, што графік руху транспарту быў зменены не па віне Касцюкевіча, "які прыйшоў ужо значны час праз".

"Сёння Касцюкевіча судзяць за тое, што ён на непрацяглы час выйшаў на праезную частку са сцягам выказаць сваё меркаванне супраць гвалту, якое адбылося ў пачатку жніўня 2020 года. Лічу, што ў яго дзеяннях адсутнічае склад злачынства. Можа прысутнічаць склад адміністрацыйнага правапарушэння па пункце 17.23 (правілаў дарожнага руху) - гэта калі пешаход выходзіць на праезную частку і можна было б стварыць аварыйную абстаноўку, калі б ішлі машыны. Але такіх дадзеных не зафіксавана і ўжо прайшлі ўсе тэрміны прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці".

342 КК прадугледжвае больш мяккія меры пакарання, чым тая, якую запытвае дзяржабвінаваўца.

17 лютага суддзя Вольга Няборская вынесла менавіта тое пакаранне, якое напярэдадні запытаў дзяржабвінаваўца — тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства