Патрабум неадкладнага вызвалення палітвязня Арцёма Сарокіна
Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
Мінск, 18 снежня 2020 г.
19 лістапада 2020 г. па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры былі арыштаваныя і змешчаныя пад варту журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч і ўрач бальніцы хуткай дапамогі Арцём Сарокін. Пазней ім было выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэкса Беларусі за выдаванне медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы, у сувязі з публікацыяй медыцынскіх дакументаў, якія тычацца памерлага ад траўмаў Рамана Бандарэнкі.
Інфармацыя, якая змяшчаецца ў гэтых дакументах, абвяргае заявы афіцыйных асобаў аб тым, што Раман Бандарэнка быў п'яны ў момант збіцця, пасля якога ён быў дастаўлены ў аддзяленне міліцыі. Пры гэтым блізкія сваякі Бандарэнкі не лічаць сябе пацярпелымі з-за іх апублікавання і пацвярджаюць іх сапраўднасць.
Такім чынам, выдаванне звестак медыцынскага характару было накіравана на абарону рэпутацыі памерлага Рамана Бандарэнкі і абвяржэнне недакладнай інфармацыі аб дзеяннях прадстаўнікоў органаў улады, якія маглі пацягнуць смерць чалавека.
Паводле міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека, інфарматары (выкрывальнікі) і журналісты, якія паведамляюць публічна канфідэнцыйныя звесткі, раскрыццё якіх можа прывесці да эфектыўнага выяўлення і расследавання злачынстваў, дзейнічаюць у інтарэсах грамадства і павінны быць абаронены ад адказнасці. Наколькі нам вядома, крымінальнае расследаванне гібелі Рамана Бандарэнка не праводзіцца.
24 лістапада 2020 г. міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty International" прызнала журналістку Кацярыну Барысевіч і ўрача Арцёма Сарокіна вязнямі сумлення, паколькі яны падвяргаюцца крымінальнаму пераследу і ўтрымліваюцца ў зняволенні проста за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркавання.
Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, падзяляючы меркаванне нашых міжнародных калегаў, таксама лічым, што ў крымінальным пераследзе Арцёма Сарокіна маецца відавочны палітычны матыў з боку ўладаў Рэспублікі Беларусь, адпаведна крымінальны пераслед з'яўляецца палітычна матываваным, а сам Арцём Сарокін - палітычным зняволеным.
У сувязі з гэтым, у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", мы патрабуем:
- неадкладна вызваліць і спыніць крымінальны пераслед Арцёма Сарокіна як асобы, якая рэалізавала сваё права на свабоду выказвання меркавання шляхам распаўсюду інфармацыі ў грамадскіх інтарэсах;
- пачаць эфектыўнае і бесстаронняе расследаванне смерці Рамана Бандарэнкі.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";
Беларускі Дакументацыйны цэнтр;
Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю.