viasna on patreon

Праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітзняволеным

2020 2020-11-09T16:09:10+0300 2020-11-10T07:46:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palchys_logo_2_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Эдуард Пальчыс. Фота: "Новы Час".

Эдуард Пальчыс. Фота: "Новы Час".

Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні Эдуарда Пальчыса палітычным зняволеным

Мінск, 09.11.2020

У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачвання па ч.1 артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспрадкаў) вядомагу блогеру і грамадскаму дзеячу Эдуарду Пальчысу,  яшчэ раз падцвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Такім чынам спробы абвінаваціць Эдуарда Пальчыса ў арганізацыі масавых беспарадкаў з’яўляюцца безпадстаўнымі, незаконнымі і  скіраванымі на недобраахвотнае спыненне ім сваёй публічнай дзейнасці.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Эдуарда Пальчыса адвольным і палітычна матываваным, а самога Эдуарда Пальчыса палітычным зняволеным ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязня Эдуарда Пальчысаі спыніць ягоны крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны. 

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Офіс по правах людзей с інваліднасцю;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства