Пераслед у Беларусі 29 кастрычніка Дапоўнена
29 кастрычніка пераслед людзей па палітычных прычынах у Беларусі працягваецца. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Кірыла Фядосава, Дзяніса Бабеню, Аляксандру Шчолакаву, Ганну Грыгар'ян і Ігара Ваўковіча затрымалі сёння раніцай на вуліцы Алібегава ў Мінску ў ланцугу салідарнасці. У сталіцы таксама затрыманыя Маргарыта Тэрэз (знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС), Вікторыя Булат (затрыманая ў ланцугу салідарнасці каля ТЦ "Спектр), Марта Шчарбакова (затрымалі каля БДУКІ), Сяргей Салаўёў.
У Мінску пасля выкліку ў РУУС перастала выходзіць на сувязь віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі шахмат і старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Настасся Сарокіна. Яна адна з тысячы, хто падпісаў ліст за новыя выбары.
Ягора Котава і Ангеліну Міналта затрымалі ў в. Бярозавая Рошча: затрыманне і збіццё Ягора трапіла на камеры відэаназірання, які апублікаваны ў тэлеграм-каналеTUT.BY.
У Мазыры затрымалі Вячаслава Астаніна: раніцай ён стаяў з плакатам "Не сорамна перд Азотам?" каля прахадной на Мазырскім НПЗ. Хлопца адпусцілі, але ў 18.00 ён мусіць прыбыць назад у РАУС, паведамляюць чытачы тэлеграм-каналу "Белсат".
Пасля адлічэння па палітычных матывах з Гарадзенскага Дзяржаўнага Універсітэту імя Янкі Купалы студэнткі Маргарыты Шышы, на яе абарону выйшлі іншыя студэнты. З плакатам “ГДУ адлічвае з-пад скальпеля” да прыступкаў універсітэту выйшла другая студэнтка Варвара Грынюк. Яе падтрымала яшчэ адна студэнтка Ганна Конанава. Дзяўчаты прастаялі нядоўга. Хутка да іх пад’ехаў бусік з сілавікамі і студэнтак забрала міліцыя. Рэпрэсіі супраць студэнтаў у Гародні працягваюцца.
У Віцебску затрымалі Сафію Цярэнцьеву за адзіночны пікет ў філіяле БДТУ. Дзяўчыну вязуць у Кастрычніцкі РАУС.
Пасля судовага паседжання, якое адбылося ў Брэсце над 59-гадовай Зінаідай Міхнюк, жанчына аказалася затрыманай. На гэтым судзе разглядалася, ці брала яна удзел у нядзельнай акцыі 25 кастрычніка (што кваліфікавался па ч.1 арт.23.34 КоАП). З будынку Дома правасуддзя Зінаіда не здолела выйсці вольным чалавекам: адразу ж пасля суда (дзе аб'явіўся перапынак да 12:00 30.10) да яе падашоў чалавек, які прад'явіў пасведчанне следчага ды аб'явіў, што Зінаіда затрыманая на падставе арт.108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу (падазрэнне ў здзяйсненні правапарушэння).
Таксама ў Брэсце на працы затрыманы Уладзімір Акаркоў. Зараз ён знаходзіцца ў гарадскім ІЧУ.
У Астрашыцкім Гарадку затрыманая каля сваёй машыны Галіна Казіміроўская, жонка Зміцера Вайцюшкевіча.
Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?