viasna on patreon

"Па БТ назвалі расійскім апазіцыянерам, а я з Беларусі не выязджаў з часоў развалу Савецкага Саюза" Фота

2020 2020-10-16T14:45:35+0300 2020-10-16T14:55:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kniga_viktor_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, мы публікуем на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

37-гадовага грузчыка Віктара Кнігу затрымалі ўначы 10 жніўня ў Мінску, калі ён катаўся на ровары і глядзеў, што адбываецца на вуліцах ягонага горада. Пасля гэтага Віктар правёў 15 сутак на Акрэсціна. Мінчанін распавёў «Вясне», як ён трапіў у сюжэт БТ, дзе яго прадставілі як удзельніка масавых беспарадкаў з Расіі, як яго судзілі ў адных трусах у ЦІПе, як на Акрэсціна прыязджаў «высокапастаўлены чыноўнік», як ён адбываў ўсе 15 сутак толькі з-за наяўнасці судзімасцяў і як на яго распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 КК, але не распачалі справу па факце збіцця яго пры затрыманні і на Акрэсціна. 

Віктар Кніга. Фота: spring96.org
Віктар Кніга. Фота: spring96.org

"Ровар кінулі ў бок, мяне — у бус"

Увечары 10 жніўня Віктар вяртаўся з працы дадому на ровары праз Нямігу. 

"Я ўбачыў, што ДАІ перакрылі дарогу, шмат машын стаіць сігналіць, каля Палаца спорту ўбачыў вялікую колькасць людзей і вельмі шмат сілавікоў — каля 300 чалавек. Я праехаў туды на ровары паглядзець, што адбываецца, паздымаў на тэлефон. Да гэтага я чуў, што праходзяць нейкія сходы, людзі нешта кажуць і выступаюць, але моцна не ўнікаў у гэта.

У першы раз мяне затрымалі каля Палаца спорту. Затрымлівалі досыць груба: ровар кінулі ў бок, мяне — у бус. Мяне затрымлівалі трое ў чорным і балаклавах. У бусе мяне пару разоў ударылі і адразу запатрабавалі тэлефон. Я ім яго разблакаваў, як яны прасілі. Яны доўга гарталі, глядзелі, слухалі запісы — нічога не знайшлі. Я і не ведаю, што яны шукалі. Потым яны спыталі, ці судзімы я. Я сказаў, што так. Потым яны пачалі задаваць пытанні, што я там раблю, як апынуўся. На што яны сказалі: "Не**уй тут глядзець! Валі туды, адкуль прыехаў". Я сказаў, што я і збіраўся з'язджаць: "Пасля такога мне не хочацца тут заставацца". Мяне адпусцілі. Выходзячы з буса, я неспадзявана зачапіў рукой супрацоўніка АМАПу. Ён адразу мяне ўдарыў з рукі. Я сказаў, што я папрасіў прабачэння і гэта не падстава мяне біць. Людзі без масак, якія сядзелі ў машыне, сказалі яму адпусціць мяне. Напэўна, гэта было кіраўніцтва. Ён пакінуў мяне ў спакоі.

Я забраў свой ровар, пачысціў яго ад зямлі. Некаторы час я яшчэ пакатаўся на Нямізе, пасля чаго паехаў дадому — у бок Стэлы. Там усё было заблакавана, мяне не прапусцілі. Праверылі дакументы і сказалі ехаць іншай дарогай. Я паехаў праз мост. Людзей там ужо ніякіх не было. Толькі бачыў, як сілавікі хапалі ў бусы людзей, якія спакойна ішлі міма. 

"Не таго ўзялі! Трэба было таго ў шлеме хапаць"

Потым я пазнаёміўся з яшчэ адным раварыстам, стаялі з ім размаўлялі, дзяліліся, хто, што бачыў, потым паехалі ў бок Плошчы Перамогі. Мы сустрэлі маладую пару, якая сказала нам, што іх не пусцілі да "Рыгі". Нам стала цікава і мы паехалі туды паглядзець, што там такое адбываецца. Гэта ўжо было каля гадзіны ночы.

На пад'ездзе мы ўбачылі, як спецмашыны зносяць нейкія сметніцы, платы — нешта такое. Калі пад'ехаў непасрэдна да "Рыгі", то ўбачыў як тлеюць сметніцы. Я дастаў тэлефон і пачаў фоткаць іх. Тут адразу ж выбягаюць людзі ў масках і давай біць мяне. Я крычу: "Ды я не пры справах наогул!" Яны б'юць, потым адзін крычыць: "Не таго ўзялі! Трэба было таго ў шлеме хапаць". Мой спадарожнік-раварыст, з якім я нядаўна пазнаёміўся, быў у роварным шлеме, і, калі сілавікі выскачылі, ён адразу ўключыў матор і з'ехаў. Білі дубінкамі, прычым, напэўна, тэлескапічнымі, таму што ў мяне сінякі потым былі з кропкай пасярэдзіне. Яны мяне збілі, звязалі сцяжкамі рукі, закінулі ў спецмашыну, у якой возяць вайскоўцаў.

"Калі не затыкнецеся — закінем гранату"

Адразу там было чалавек сем-восем, але потым нас нагрузілі цэлую "скрыначку": адзін на аднаго каля 30 чалавек. Людзі стагналі, мычалі і скардзіліся: у кагосьці было зламанае рабро, хтосьці дыхаць не мог, але ўсім было напляваць. Яны крычалі: "Сціхніце! Калі не затыкнецеся — закінем гранату". Потым нас падзялілі на дзве машыны па 15 чалавек. Яны з намі не цырымоніліся. Пры мне разбівалі тэлефоны затрыманых. Мне сказалі разблакаваць тэлефон — я разблакаваў. Спыталі нумар ад замка ровара — яго я назваў. Потым нас прывезлі на Акрэсціна.

БТ: "Сярод пратэстуючых шмат раней судзімых"

Збіты Віктар Кніга з іншымі затрыманымі на Акрэсціна. Скрыншот з відэа БТ
Збіты Віктар Кніга з іншымі затрыманымі на Акрэсціна. Скрыншот з відэа БТ

У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў білі так, як у 90-х, калі адкрылася турма ў Жодзіне. Усіх, хто туды прыязджаў — "прымалі" вельмі жорстка, каб максімальна задушыць псіхалагічна. Калі на Акрэсціна нас выгружалі са спецмашыны да плота — таксама білі. Я на гэтых пяці метрах падаў разоў пяць, а хтосьці наогул губляў прытомнасць. Каля мяне, стаяўшых побач хлопцаў ванітавала, хтосьці абгажваўся. Нас трымалі ў гэтым дворыку з ночы да сямі раніцы. Увесь гэты час білі і здымалі на камеры. На відэа трэба было назваць колькі разоў быў судзімы і па якіх артыкулах. Потым гэта відэа я ўбачыў на БТ. Я охранеў, мякка кажучы, што яны там нагаварылі. Мяне назвалі расейскім апазіцыянерам, які прыехаў ад нейкага алігарха рабіць пераварот. Які расейскі апазіцыянер? Я нарадзіўся ў Мінску, а з краіны, нават у Расію, не выязджаў з часоў развалу Савецкага Саюза. Таксама на відэа паказалі адпачывальнікаў, чалавека з татуіроўкамі. Гэтыя татуіроўкі наогул не маюць дачынення да таго, што яны сказалі". 

Збіты Віктар Кніга на Акрэсціна. Скрыншот з відэа БТ
Збіты Віктар Кніга на Акрэсціна. Скрыншот з відэа БТ

11 жніўня на канале "АТН" размешчана відэа — "Беспарадкі ў Беларусі: сярод пратэстоўцаў шмат раней судзімых". У ім гаворыцца аб затрыманні групы расейцаў, сярод якіх ёсць раней судзімыя.

"Як атрымалася высветліць Следчаму камітэту Беларусі, гэта актывісты арганізацыі «Адкрытая Расея», якая мае дачыненне да даволі вядомага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага. У тым ліку каардынатар фонду Навальнага Арцём Важанкоў і Ігар Рогаў. Цяпер яны праходзяць падазраванымі па крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках. Іх непасрэдныя ролі і задачы ў Мінску высвятляюць следчыя", — гаворыцца ў сюжэце БТ.

Адразу пасля гэтых словаў паказваюць Віктара Кнігу, дзе ён называе колькасць судзімасцяў і артыкула. З кантэксту сюжэту зразумела, што Віктара прыпісваюць да ліку затрыманых расейцаў. 

"А мне ўлупіў дубінкай так, што я, напэўна, апошні раз так крычаў на футболе"

"Супрацоўнікі ЦІПа нас білі больш, чым тыя людзі ў масках пры затрыманні. На ЦІПе білі дубінкамі па ўсім целе: па галаве, па нагах, па целе. Усё роўна, куды біць, — проста білі. Памятаю, як адзін памочнік крычаў усё: "Я з-за вас, га**онаў, дадому ўжо трое сутак не езджу!" Адзін адказаў яму: "Мужык, дык гэта твая праца!" На што ён пачаў збіваць усіх са словамі: "Ах, гэта мая праца!" А мне ўлупіў дубінкай так, што я, напэўна, апошні раз так крычаў на футболе. Білі ў дворыку і каля плота. У камерах ўжо не білі. Але 12 жніўня мы чулі, як людзей б'юць не толькі ў дворыку, але і ў самім будынку.

"Усіх, хто судзімы, — да канца"

Раніцай 11 жніўня нас паднялі ў дворык і сказалі, што пару гадзін патрымаюць і адпусцяць. За гэты час нас некалькі разоў вывелі ў прыбіральню, але не ўсіх. Калі я выходзіў з туалета, мяне нейкі высокапастаўлены чыноўнік рукой па шыі ударыў, што я страціў прытомнасць. Таксама ў дворыку ён біў і іншых людзей. Мяне дзяжурны падымаў, калі я прыходзіў у прытомнасць. Краем вуха я чуў, як гэты чыноўнік казаў: "Усіх у «восьмую» — будзем узбуджаць справу". Таксама гэты чыноўнік сказаў: "Усіх, хто судзімы, — да канца". Я яшчэ думаў, што гэта магло значыць. Так, нас чатыры чалавекі адседзелі ўсе "суткі". Што гэта быў за чыноўнік? Гэта быў нейкі высокапастаўлены намеснік. Людзі казалі, што гэта быў намеснік Міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў. Ён прыязджаў у ноч з 10 на 11 жніўня, і яшчэ раніцай быў там. 

Пасля гэтага нас закінулі ў шасцімесную камеру. Там нас было 29 чалавек, дзе мы так адседзелі трое сутак. Праз вокны мы бачылі людзей пад Акрэсціна, якія крычалі "Выпускай". Нам усім давалі падпісваць нейкія пратаколы. Я адразу адмовіўся падпісваць, але потым я стаміўся ад гэтага ўсяго і хацелася, каб гэта ўсё хутчэй скончылася, таму падпісаў усё. У першым пратаколе было напісана, што я нібыта арганізаваў нейкія мітынгі і беспарадкі, але я не стаў гэта падпісваць, бо гэта няпраўда.

"Суддзя нас усіх голых так і судзіў"

Дзесьці 13 жніўня ў ЦІП прыехаў суддзя. Нас усіх распранулі і вадзілі па ЦІПу. І ў трусах мы падымаліся да гэтага суддзі. Суддзя нас усіх голых так і судзіў. Ён не прадставіўся, нічога, толькі магу сказаць, што гэта быў мужчына. Другі пратакол на мяне быў напісаны ад рукі, але я нават не памятаю, што там дакладна было. Нейкае "левае глупства". Але я ўжо падпісаў усё, каб толькі адчапіліся ад мяне. У выніку мяне асудзілі на 15 сутак. 

Крымінальная справа за ўдзел у масавых беспарадках

Віктар Кніга. Фота: spring96.org
Віктар Кніга. Фота: spring96.org

У ЦІП мяне дапытвалі аператыўнікі. Потым я даведаўся, што на мяне распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Мяне называлі каардынатарам, але я ўспрымаў гэта як правакацыю ў дачыненні да мяне. Я проста на гэта не рэагаваў. Мяне вазілі ў Следчы камітэт. Я распавёў, як усё было. Так і астатнія людзі, якія былі са мной: хтосьці ехаў на таксі, хтосьці з банкамата грошы здымаў, хтосьці выйшаў з пад'езда.

Як я разумею, па гэтай справе я да гэтага часу знаходжуся ў статусе падазраванага. У мяне ў інтэрнаце праводзілі ператрус. Нічога ў мяне ў выніку не забралі. Дарэчы, пасля ўсёй гэтай гісторыі мяне потым выселілі з інтэрната.

Я прасіў копію пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да мяне, аднак мне адмовілі. Я абскардзіў такі адказ у пракуратуры.

Пасля 15-сутачнага арышту на ЦІП я шукаў свае рэчы. Я звяртаўся ў Следчы камітэт, у ЦІП, у ІЧУ, Савецкі РУУС, але мне дагэтуль не аддалі ні тэлефон, ні ровар, ні музычную калонку, ні тапкі, у якіх я быў у той вечар. Ніхто не ведае, дзе мае рэчы. 

Напісаў заяву пра збіццё — праверка больш двух месяцаў

На сёмыя суткі прыязджаў у ЦІП судмедэксперт і здымаў пабоі. Пабоі ў мяне былі ўсюды: на руках, на нагах, на спіне, на ягадзіцах. Зад адразу быў чырвоны, потым стаў сіні. І ў пахвіну былі моцна ўдарылі. Я напісаў заяву аб тым, каб распачалі крымінальную справу ў дачыненні да асоб, якія прычынілі мне фізічны шкоду і страцілі маю маёмасць. Мне прыйшоў адказ, што мая заява далучана да матэрыялаў праверкі. Там жа напісалі, што будзе дадзеная прававая ацэнка. Праўда, яны ўжо з жніўня праводзяць праверку. Больш ніякіх адказаў я не атрымліваў.

Дакумент Віктара Кнігі. Фота: spring96.org
Дакумент Віктара Кнігі. Фота: spring96.org

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

За белую стужку разбілі нос і машыну. Сведчаць пацярпелыя

31-гадовы мінчук Мікалай Бондар у ноч з 11 на 12 жніўня быў фактычна выхаплены сілавікамі на вуліцы Пляханава з уласнай машыны за белую стужку на руцэ. Супрацоўнікі ДАІ і АМАПу разбілі яго машыну, збілі яго самога, зламалі нос і забралі на Акрэсціна. Мікалай распавёў «Вясне», што з ім адбывалася ў тую ноч.

"Давайце яго адвядзем у аўтазак, хай хлопцы пазабаўляюцца". Сведчаць пацярпелыя

21-гадовага мінчука Якава Сухнату затрымалі позна ўвечары 11 жніўня супрацоўнікі міліцыі ў цывільным недалёка ад станцыі метро Уручча, калі ён вяртаўся дадому. Цяпер Якаў пасля жорсткага затрымання, і некалькіх сутак знаходжання на Акрэсціна і ЛПП пад Слуцкам знаходзіцца на лячэнні ў мінскай бальніцы. Хлопец распавёў "Вясне", што з ім адбылося ўвечары 11 жніўня і, што адбывалася наступныя дні.

Сведчаць пацярпелыя. Бармэн з Зыбіцкай – пра трое сутак на Акрэсціна

Бармэна Руслана аднаго з бара на вуліцы Зыбіцкай Мінска затрымалі 9 жніўня ў дзве гадзіны ночы, калі ён вяртаўся з працы дадому. Наступныя трое сутак ён правёў на Акрэсціна. Руслан распавёў "Вясне", што адбывалася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 9 па 12 жніўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства