У Гродне затрымалі 7 чалавек. Іх падазраюць у датычнасці да тэлеграм-каналаў
Як піша "Радыё Свабода", сямёх гарадзенцаў затрымалі ў апошнія дні па падазрэнні ў крымінальнай справе, нібыта яны датычныя да тэлеграм-чатаў у мікрараёнах.
Сама меней сямёх гарадзенцаў затрымалі з 9 кастрычніка, сярод іх — пяць жанчын. Іх падазраюць у «арганізацыі або падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Вядома, што некаторых з затрыманых падазраюць у парушэнні закону ў першыя дні пратэстаў 9–11 жніўня, а таксама ў датычнасці да тэлеграм-чатаў мікрараёнаў. Пасля 72 гадзін у ізалятары дзвюх асоб вызвалілі з-пад варты.
Маці адной з затрыманых Алена расказала, што яе 27-гадовая дачка Яўгенія ішла ранкам 9 кастрычніка на працу. Дзяўчына паспела пазваніць сваёй начальніцы і паведаміла, што на працу не дойдзе і што не можа сказаць, дзе яна. Пазней прызналася, што яна ў міліцыі. Маці дагэтуль не ведае, за што менавіта забралі дачку. Кажа, што тая давала паказанні пад ціскам. Алена мяркуе, што дачка не парушала закон.
Перад заканчэннем 72 гадзін ад затрымання Яўгенію асудзілі па адміністрацыйнай справе па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 5 сутак арышту.