Паламалі рэбры і прызналі вінаватым. Сведчаць пацярпелыя Аўдыё
Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.
Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Андрэй Казановіч быў затрыманы амапаўцамі ўвечары 10 жніўня ў Мінску. Ён не трапіў на Акрэсціна і нават не паспеў падпісаць пратакол у РУУСе, куды яго прывезлі — бо пасля збіцця страціў прытомнасць і быў дастаўлены ў бальніцу. Але ж гэта не перашкодзіла прыцягнуць Казановіча да адказнасці па ч.1 арт. 23.34 КаАП.
У той дзень Андрэй Казановіч выйшаў каля станцыі метро Фрунзенская і пачаў рухацца у бок вуліцы Ракаўскай. Раптам ён пабачыў наперадзе, як нейкага маладога мінака запіхнулі ў мікрааўтобус. Тым часам за спіной Андрэя таксама спыніўся яшчэ адзін мікрааўтобус, з якога выбеглі чатыры амапаўцы ў балаклавах.
“Яны накінуліся на мяне, паклалі на зямлю, пачалі штурхаць, — успамінае Андрэй Казановіч. — Надзелі кайданкі, пачалі біць па галаве. Потым паднялі мяне і завалаклі ў мікрааўтобус. Там таксама пачалі прымяняць сілу.
Рукі ў нас былі за галавой, галава апушчана. Падавалася, што я нібы трапіў у нейкі фільм. Амапаўцы увесь час брыдка казалі у наш бок. Казалі: “Вы што, свабоды захацелі? Вам перамены патрэбны? Не хапае чагосьці вам? Мы вам зараз пакажам гэтае жыццё!” Пад гэтыя словы яны ўвесь час білі: калацілі рукамі па галаве, па тулавішчу. Яны былі ў балаклавах. Маладыя хлопцы, гадоў па 25 - 30”.
Калі ў мікрааўтобусе назбіралася шэсць затрыманых, усіх перавязлі ў аўтазак. Там таксама пры зачыненых дзвярах “кожнага пачалі дубасіць”. Андрэя, як мяркуецца, збіваў камандзір амапаўцаў:
Пасля збіцця Казановіча разам з чатырма затрыманымі змясцілі ў “стакане” – камеры ўнутры аўтазака.
“Там было маленькае акенца, амаль дзірачка, праз якое мы маглі дыхаць. Мы ў такім стане стаялі амаль гадзіну. Гэты было жудасна”.
У аўтазак дадаваліся яшчэ затрыманыя, а кожнага новага збівалі. Калі сабралося 29 чалавек, аўтазак паехаў, доўга кружыў па горадзе і нарэшце прыехаў у РУУС Заводскага раёна.
“Усіх затрыманых паклалі на зямлю у дворыку — паварочваць галаву было нельга. Мы так ляжалі, пакуль над усімі па чарзе не правялі допыты. Запытвалі: Адкуль мы? Хто? Дзе працуем і жывем?”
Потым кожнага знялі на відэа і перавялі ў іншы дворык, бо першы папаўняўся новымі затрыманымі. Усіх ізноў паклалі на зямлю тварам уніз. Далей Андрэй нічога не памятае, бо страціў прытомнасць і прыйшоў у сябе толькі ўжо у машыне хуткай дапамогі. Ён не ведае, якім чынам яго вывезлі з РУУСа і хто выклікаў хуткую.
Даставілі Казановіча ў 2-ю гарадскую клінічную бальніцу. Там выпісалі заключэнне: пералом рэбраў, чэрапна-мазгавая траўма, ушыбы і шмат сінякоў.
Хоць у Заводскім РУУСе на Андрэя не склалі аніякіх пратаколаў, але суд над ім усё ж такі адбыўся. Першае пасяджэнне прызначылі на 27 жніўня, але павестка Андрэю прыйшла толькі на наступны дзень. Таму пасяджэнне перанеслі на чацвёртае верасня. На судзе Андрэй хадайнічаў аб азнаямленні з матэрыяламі справы. Таму пасяджэнне ізноў перанеслі, зрабіўшы перапынак да восьмага верасня.
“Гэтыя пратаколы, якія я убачыў у сваёй справе, былі падробкай. Напісалі, што затрымалі мяне ў адным месцы, а насамрэч — у другім. Сведкі былі падробкай (сведка, супрацоўнік міліцыі В. Сліскі на суд не з’явіўся). І мой подпіс быў падроблены…
Я быў здзіўлены, калі суд разглядаў маю справу. Я даваў магчымасць, каб суддзя змог зверыць мой сапраўдны подпіс і той подпіс, які быў у пратаколе. Суддзя таксама быў здзіўлены”.
Тым не менш, восьмага верасня суддзя суда Заводскага раёна Г. Янкоўскі вынес рашэнне пакараць Андрэя Казановіча штрафам у 20 базавых велічынь. Суддзя ўстанавіў, што Казановіч 10 жніўня прыняў удзел у дзесяціхвілінным шэсці па маршруце: ад праспекта Пераможцаў, 19 да праспекта Пераможцаў, 21. Падчас гэтага Казановіч “публічна выражаў свой пратэст аб правядзенні галасавання, падчас якога выкрыкваў лозунгі: “Патрабуем пераменаў, Жыве Беларусь”, патрабаваў змены ўлады, пляскаў у ладкі” і такім чынам здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне.
Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:
Сведчаць пацярпелыя: "Ты кідаў кактэйль Молатава!" – і ўдарылі шокерам
Светашумавая граната пазбавіла ступні. Сведчаць пацярпелыя
"На расстрэл вас прывезлі, хлопцы". Сведчаць пацярпелыя