Як міліцыя парушае законы пры затрыманні мірных дэманстрантаў?
Паразуменне паміж уладамі і грамадзянамі цяпер як ніколі мінімальнае. Кожны ўсплёск вулічнай актыўнасці жорстка душыцца: першапачаткова мірныя акцыі сіламі прадстаўнікоў органаў правапарадку ператвараюцца ў пабоішча. Што не так?
Юрысты грамадскай прыёмнай "Вясны" апрацавалі 33 анкеты розных людзей, якія ў выбарчы перыяд падвергліся затрыманням. На пытанні можна было даваць некалькі не супярэчлівых адказаў.
Праваабаронца Павел Сапелка прааналізаваў адказы затрыманых і пракаментаваў законнасцяў дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў у той ці іншай сітуацыі.
Ёсць розныя адказы на традыцыйнае пытанне: "Ці павінен супрацоўнік міліцыі быць у форме?"
Калі гаворка ідзе аб ахове парадку падчас мірных сходаў (масавых мерапрыемстваў), то – так: форма адрознівае супрацоўніка міліцыі ад удзельнікаў акцыі і дае дакладнае ўяўленне аб тым, ці зыходзяць распараджэнні ад прадстаўніка ўлады і ці праводзіцца затрыманне прадстаўніком органа аховы правапарадку.
З іншага боку, адсутнасць прыкметнага ідэнтыфікуючага нумара робіць ананімнымі тых супрацоўнікаў міліцыі, якія перавышаюць ўладу – на выпадак магчымага расследавання. Па выніках анкетавання, толькі ў 30% выпадкаў затрыманыя маглі быць упэўненыя, што іх затрыманне праводзіцца ўпаўнаважанай асобай, і толькі 10% з усіх ініцыятараў затрыманняў можна пры ўдалым збегу абставінаў упэўнена апазнаць па жэтону – маленькаму значку з нумарам.
"Хоць, спрачацца не будзем, можна і без формы. Тады, напэўна, яны ўсе прадставіліся? Не, толькі 15% з іх: 9% прад'явілі дакументы, а 6% прапанавалі паверыць на слова. А вось 85% супрацоўнікаў міліцыі не турбаваліся ні тым, ні іншым", – адзначае юрыст "Вясны".
"Давайце адыдзем ад прававой ацэнкі гэтай сітуацыі"
"Давайце адыдзем ад прававой ацэнкі гэтай сітуацыі", – прапанаваў Зміцер Казакевіч, першы намеснік міністра ўнутраных спраў, каментуючы адміністрацыйную справу Шоты Лабжанідзэ.
"Не, мабыць – давайце вернемся да прававых ацэнак: міліцыя і так далёкая ад права. Гэта ўжо гучыць як здзек, але па законе "Аб органах унутраных спраў", дзейнасць органаў унутраных спраў ажыццяўляецца на прынцыпах: законнасці; павагі і захавання правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян; гуманізму", – падкрэслівае Павел Сапелка.
Супрацоўнік органаў унутраных спраў ва ўсіх выпадках абмежавання правоў і свабодаў грамадзяніна абавязаны растлумачыць яму падставы для такога абмежавання, а таксама яго правы і абавязкі, якія ўзнікаюць у сувязі з гэтым.
Але толькі 12% апытаным патлумачылі падставы затрымання пры яго ажыццяўленні. Ні аднаму з затрыманых не патлумачылі правы пры затрыманні. У лепшым выпадку, правы былі растлумачаныя толькі пры афармленні пратаколаў у аддзеле міліцыі (на гэта ўказала 39% апытаных).
"Міліцыя з народам"?
Згодна з законам, міліцыі прадастаўлена права прымяняць фізічную сілу:
Супрацоўнік органаў унутраных спраў прымяняе фізічную сілу, у тым ліку баявыя прыёмы барацьбы, падручныя сродкі для спынення злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, затрыманні асобаў, якія іх здзейснілі, самаабароны, пераадолення процідзеяння яго законным патрабаванням, калі негвалтоўнымі спосабамі гэта зрабіць немагчыма. |
"Не станем хітраваць, мы прачыталі сярод адказаў некалькі варыянтаў прымянення фізічнай сілы, падобных на правамерныя – "вялі за рукі" і падобныя", – кажа праваабаронца.
Але былі і многія іншыя:
- "Груба заламалі назад мае рукі і валаклі ў мікрааўтобус, асобы ў цывільным адзенні".
- "Пры затрыманні неапазнаныя людзі круцілі рукі, абшуквалі, канфіскавалі тэлефон. У ЦІП неапазнаны персанал ставіў на "расцяжку", білі па нагах".
- "Трое супрацоўнікаў АМАПУ збівалі адначасова пажылога мужчыну прыблізна 55 гадоў. Таксама білі некаторых іншых затрыманых".
- "У салоне аўтобуса, у якім я знаходзіўся, было вельмі горача, я папрасіў адкрыць акно, але маю просьбу праігнаравалі. Тады я крыху адсунуў штору, каб зразумець, ці адкрываецца наогул акно. Супрацоўнік міліцыі ў цывільным убачыў гэта і кіўком галавы паклікаў супрацоўнікаў у цывільным, якія знаходзіліся звонку. Людзі ў цывільным забеглі ў аўтобус і з крыкамі, і абразамі, і пагрозамі прымушалі мяне апускаць галаву і не глядзець на іх, білі па галаве. Праз некаторы час мяне перасадзілі з аўтобуса ў мікрааўтобус, і мы накіраваліся ў Кастрычніцкі РАУС, людзі ў цывільным прымусілі мяне сядзець на падлозе, калупаліся ў маіх рэчах, тэлефоне, дапытвалі пра змесціва тэлефона, адначасна шматкроць ляскаючы па галаве і штурхаючы нагамі па целе".
- "Пры затрыманні ўдарылі ў твар, пашкодзілі зубы".
- "Пры перавозцы ў аўтазаку супрацоўнік АМАП ударыў нагой мужчыну".
- "Супрацоўнік, які затрымаў мяне, [нанёс - заўв. рэд.] некалькі ўдараў па твары ў мікрааўтобусе".
- "Білі амапаўцы".
- "Пры затрыманні, перавозцы ў РУУС да мяне і да іншых затрыманых ужывалася грубая сіла супрацоўнікамі АМАП, у ізалятары пры даглядзе білі па нагах".
- "Калі заносілі ў мікрааўтобус, я схапіўся за поручань. І мяне сталі біць па спіне і галаве. Калі я адпусціў руку, то ўнутры машыны працягвалі [збіваць - заўв. рэд.]. Пакуль ехалі ў РУУС, супрацоўнік АМАПу паставіў калена мне на шыю".
"А вось, падобна, тыя, ласкавыя супрацоўнікі, пра якіх казаў міністр унутраных спраў Юрый Караеў", – іранізуе Павел Сапелка і прыводзіць наступны адказ з анкеты затрыманага.
- "Супрацоўнікі АМАП сілай запіхвалі ў аўтазакі, да асабліва гаваркіх ўжываліся лёгкія ўдары па тыпу аплявух".
Ці можна такое абыходжанне з затрыманымі назваць катаваннямі?
Юрыст "Вясны" адзначае, што Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання замацавана наступнае вызначэнне:
"катаванне" азначае любое дзеянне, якім якой-небудзь асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная альбо маральная, каб атрымаць ад яе або ад трэцяй асобы звесткі або прызнанні, пакараць яе за дзеянне, якое здзейсніла яна альбо трэцяя асоба ці ва ўчыненні якога яна падазраецца, а таксама запалохаць ці прымусіць яе ці трэцюю асобу, або па любой прычыне, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль або пакуты прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай або іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, ці з іх падбухторвання, ці з іх ведама або маўклівай згоды". |
Беларусь яшчэ 13 сакавіка 1987 года ратыфікавала Канвенцыю супраць катаванняў, тым самым прыняўшы на сябе абавязацельствы прадпрымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры для папярэджання актаў катаванняў на любой тэрыторыі пад яе юрысдыкцыяй.
Але выконваць яе палажэнні ўлады не спяшаюцца, а практыка ўзаемадзеяння паміж мірна пратэстуючымі грамадзянамі і прадстаўнікамі сілавых структураў пакуль што далёкая ад узятых дзяржавай на сябе абавязацельстваў.
Amnesty International запусціла петыцыю супраць гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў у Беларусі