Аналітычная справаздача па выніках назірання за вылучэннем і рэгістрацыяй кандыдатаў у Прэзідэнты

2020 2020-07-15T12:26:07+0300 2020-07-15T15:14:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo_elections.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” і ПЦ “Вясна” ў рамках кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Высновы

  • Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у Прэзідэнты адбывалася ў атмасферы пагроз, нагнятання страху і ціску на грамадзян у сувязі з іх актыўнасцю у выбарах. Ад пачатку выбарчай кампаніі да заканчэння этапа вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты ў краіне зафіксавана больш за 700 затрыманняў сяброў ініцыятыўных груп, актывістаў, палітыкаў, блогераў, журналістаў, удзельнікаў “ланцугоў салідарнасці”, 129 чалавек былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафаваныя, 25 узятыя пад варту па крымінальных артыкулах і ў выніку прызнаныя палітычнымі вязнямі;
  • заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты падалі 55 чалавек, што стала рэкордам за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у краіне;
  • зарэгістраваныя 15 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты – Аляксандра Лукашэнкі, Алега Гайдукевіча, Юрыя Ганцэвіча, Уладзіміра Няпомняшчых, Наталлі Кісель, Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Сяргея Чэрачня, Вольгі Кавальковай, Ганны Канапацкай, Андрэя Дзмітрыева, Святланы Ціханоўскай, Аляксандра Таболіча, Юрыя Губарэвіча і Мікалая Казлова, што складае 27% ад агульнай колькасці разгледжаных заяў аб рэгістрацыі;
  • адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп на падставе парушэння добраахвотнасці ўдзелу ў выбарах сведчаць аб маніпуляцыях ЦВК палажэннямі ВК і парушаюць прынцып роўнасці кандыдатаў. Вынікі разгляду скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Вярхоўным Судом паказваюць неэфектыўнасць гэтага сродку прававой абароны ўдзельнікаў выбарчай кампаніі;
  • вызначэнне месцаў, дзе забаронена пікетаванне па зборы подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты, не стварыла сур’ёзных перашкодаў для збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі. Адзначаецца адсутнасць адзінага падыходу мясцовых органаў улады да вызначэння такіх месцаў;
  • дазвол збіраць подпісы на тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў стварыў дадатковыя ўмовы для супрацьпраўнага выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу ў падтрымку дзеючага кіраўніка краіны, што і было пацверджана шматлікімі фактамі, зафіксаванымі назіральнікамі кампаніі;
  • збор подпісаў прайшоў с сур’ёзнымі парушэннямі стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, ініцыятыўныя групы асобных прэтэндэнтаў падвергліся значнаму ціску з боку праваахоўных органаў;
  • выбарчыя камісіі падцвердзілі збор неабходных 100 тысяч подпісаў шасцю прэтэндэнтамі. Праверка подпісаў, як і раней, адбывалася непразрыста, дадатковай падставай для недаверу да яе вынікаў і прадметам шырокага абмеркавання грамадскасці паслужыў той факт, што ў двух патэнцыйных кандыдатаў ЦВК прызнала амаль у паўтара разы большую колькасць подпісаў, чым яны папярэдне заяўлялі;
  • з сямі асоб, якія вылучаліся кандыдатамі ў Прэзідэнты і прадставілі подпісы, сабраныя за іх вылучэнне, кандыдатамі зарэгістраваныя пяць; 
  • рэгістрацыя кандыдатаў адбылася з парушэннем стандартаў сумленных і справядлівых выбараў. Віктару Бабарыку было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у Прэзідэнты на падставе звестак Камітэта дзяржаўнага кантролю аб ходзе расследвання крымінальнай справы, што парушае прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Рашэнне ЦВК аб адмове Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь парушае яго права быць абраным;
  • 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі людзі выйшлі на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі на пост прэзідэнта альтэрнатыўных вылучэнцаў – Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Было затрымана каля 250 чалавек, з іх каля 200 – у Мінску. Сярод затрыманых – журналісты, якія ажыццяўлялі прафесійную дзейнасць па асвятленні акцый. 15 ліпеня ў сувязі з падзеямі ў Мінску была распачата крымінальная справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Аналітычная справаздача па выніках назірання за вылучэннем і рэгістрацыяй кандыдатаў у Прэзідэнты

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства