viasna on patreon

Афіцыйна: вязням у СІЗА сонца не паложана

2020 2020-07-14T16:36:46+0300 2020-07-14T16:36:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mogilev_turma_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Турма ў г. Магілёве. Фота: spring96.org

Турма ў г. Магілёве. Фота: spring96.org

Намесніца міністра аховы здароўя і адначасова Галоўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь прызнала, што на вязняў СІЗА і турмаў санітарныя нормы і правілы не распаўсюджваюцца, піша MSPRING.ONLINE.

Яшчэ не асуджаныя судом людзі, а значыць і невінаватыя, вымушаныя знаходзіцца ў будынках без пэўнага статусу. На дадзены момант камеры месцаў утрымання пад вартай (гэта значыць, СІЗА і турмаў) не адносяцца ні да жылых, ні да грамадскіх будынкаў. Камітэт па зямельных рэсурсах у адпаведнасці з адзінай класіфікацыяй прызначэння аб’ектаў нерухомай маёмасці адносіць іх да спецыялізаваных.

У той жа час санітарныя нормы і правілы зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя толькі для жылых і грамадскіх будынкаў. А для асобнай катэгорыі – спецбудынкаў МУС, якія выкарыстоўваюцца ў якасці месцаў утрымання пад вартай, санітарныя нормы і гігіенічныя нарматывы не зацверджаныя.

Праваабаронцы «Магілёўскай Вясны» змагаюцца за прывядзенне ўмоў утрымання ў беларускіх турмах у адпаведнасць з Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі (Правілы Нэльсана Мандэлы) ужо больш за год. І толькі цяпер намеснік міністра Наталля Жукава адкрыта прызнала:

«Нарміруемае значэнне каэфіцыента натуральнай асветленасці (КНА) у камерах устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС Беларусі заканадаўствам у галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва не рэгламентуецца».

КНА – гэта асноўны паказчык, які дазваляе чалавеку жыць у нармальных умовах – ён гарантуе права на сонечныя прамяні. А ў беларускіх СІЗА і турмах на вокнах камераў выкарыстоўваюцца так званыя шчыты-жалюзі – металічныя палоскі шырынёй 5-6 сантыметраў (“раснічкі”), прывараныя да кратаў з вонкавага боку акна пад вуглом 45 градусаў.

"Раснічкі". Чаму ў турме мала святла? Відэарэпартаж

Напачатку жніўня 2019 года магілёўскія праваабаронцы "Вясны" распачалі кампанію супраць “раснічак” на турэмных вокнах. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе на вокнах установаў пазбаўлення волі працягваюць выкарыстоўваць гэтак званыя “раснічкі”.

У некаторых выпадках вокны камераў наогул зачыненыя звонку суцэльнымі металічнымі лістамі. З-за іх натуральнае святло ў камеру практычна не трапляе.

Усё гэта дае падставу прыраўняць умовы ўтрымання ў СІЗА і турмах да катаванняў – дзеянняў, якімі наносіцца пакуты і шкода здароўю чалавека, каб пакараць яго. Гэта ў сваю чаргу парушае Канвенцыю ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання (ратыфікаваная Беларуссю ў 1987 годзе).

Адзін з аўтараў звароту ў Міністэрства аховы здароўя, праваабаронца Аляксандр Буракоў пракаментаваў ліст Галоўнага санітарнага ўрача краіны:

– Гэта вельмі сумленны адказ. Спатрэбілася больш за год, каб уся беларуская крымінальна-выканаўчая сістэма адкрыта прызналася, што на самой справе аб правах вязняў да гэтага часу ніхто не думаў. Раней перапіска з рознымі ведамствамі паказала, што цалкам усю пэнітэнцыярную сістэму ніхто не бачыць. Кожнае ведамства адмахвалася ад праблемы па-свойму і даказвала, што ні ў чым не вінаватае. Цяпер жа сітуацыя ясная і патрабуе тэрміновага вырашэння: ніхто не парушаў закон, таму што закона не было. І з-за гэтага кожны дзень пакутуюць грамадзяне, хтосьці страціў здароўе».

У сістэме Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь дзевяць такіх устаноў, пра якія ідзе гаворка: тры турмы – у Магілёве, Гродне і Жодзіна; і шэсць СІЗА – у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Баранавічах і Бабруйску. Яны разлічаны на шэсць тысяч чалавек.

Праваабаронцы працягнуць барацьбу за імплементацыю міжнародных нормаў у беларускае заканадаўства.

Турэмныя "раснічкі" ўсё ж зрэжуць. Але калі? Меркаванні экспертаў

Праваабаронцы “Магілёўскай Вясны” працягваюць кампанію супраць “раснічак” на турэмных вокнах. Яны дамагаюцца выканання санітарных нормаў у пенітэнцыярных установах Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства