Тэрмін у карцэры Сяргею Ціханоўскаму працягнулі за павуцінне ў камеры
Блогеру Сяргею Ціханоўскаму працягнулі тэрмін знаходжання ў карцэры за павуцінне ў камеры, расказаў TUT.BY адвакат Віктар Мацкевіч.
Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў карцэры ўжо 11 дзён. Паводле адваката, ён атрымаў два спагнанні, кожнае — па сем сутак. Першае далі за парушэнне рэжыму. Другое — ужо ў карцэры, за дрэнную прыборку: паводле Ціханоўскага, у камеры пад трохметровай столлю супрацоўнікі СІЗА ўбачылі павуцінне.
Сяргей Ціханоўскі падаў скаргі на змяшчэнне ў карцэр у суд Маскоўскага раёну, у пракуратуру гораду і Упраўленне дэпартаменту выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці.
Адвакат блогера падаў зварот начальніку Следчага ізалятару № 1: ён просіць правесці медычны агляд Ціханоўскага і скараціць тэрмін ягонага знаходжання ў карцэры. А таксама звярнуўся ў пракуратуру Мінску з просьбай аб неадкладным разглядзе ўсіх пададзеных скаргаў.
Ніякіх працэсуальных дзеянняў з Ціханоўскім, пакуль ён у карцэры, не праводзілася.
Ціханоўскі ад 29 траўня знаходзіцца ў мінскім СІЗА-1 як абвінавачаны па справе на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Паводле гэтага абвінавачвання, яму пагражае да трох гадоў зняволення. На мінулым тыдні стала вядома, што ў дачыненні да яго таксама распачатая новая крымінальная справа — за перашкоду выбарам.
Сяргея Ціханоўскага змясцілі ў карцэр 13 чэрвеня, а праз тыдзень працягнулі знаходжанне ў карцэры да 26 чэрвеня.
Чытаць па тэме:
На Сяргея Ціханоўскага заведзена новая крымінальная справа – за перашкоду выбарам
Крымінальная справа Ціханоўскага. Храналогія падзей
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі па "справе Ціханоўскага"
Як падтрымаць палітвязняў па "справе Ціханоўскага"? Пяць спосабаў