viasna on patreon

Актывісту з-пад Пастаў Андрэю Новікаву прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 КК РБ

2020 2020-06-12T15:06:53+0300 2020-06-12T18:21:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/novikau_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Новікаў у судзе. Фота Радыё Рацыя

Андрэй Новікаў у судзе. Фота Радыё Рацыя

Праваабаронцам “Вясны” стала вядома, што затрыманы ў мінулую суботу ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну Андрэй Новікаў з 11 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску. Яму прад’яўлена абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Арт. 342 КК РБ (ч.1): Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і якія спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства – караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Менавіта па гэтым артыкуле таксама прад’яўлена абвінавачванне блогеру Сяргею Ціханоўскаму, Аляксандру Арановічу, Арцёму Сакаву, Васілю Баброўскаму, Вяргілію Ушаку, Дзмітрыю Фурманаву, Уладзіміру Навуміку, Яўгену Разнічэнку і Уладзіміру Кнігу. Усе яны знаходзяцца ў СІЗА-1.

Затрыманым па справе Ціханоўскага прад'яўлена абвінавачванне. Каментар СК

8 чэрвеня блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яго паплечнікам былі прад'яўлены абвінавачванні. Затрыманых пакідаюць за кратамі, а абвінавачванні былі афіцыйна агучаныя на наступны дзень.

Андрэй Новікаў – валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Ён грамадзянін Расіі, але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі. У яго ёсць жонка і двое непаўнагадовых дзяцей.

Новікава затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў, які прыраўнялі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Затрымалівала Новікава цэлая група супрацоўнікаў міліцыі. Спачатку яго адвезлі ў Паставы, каб скласці пратакол па арт. 23.34 КаАП. А затым стала вядома, што яго перавезлі ў Мінск у ізалятар часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна.

У аўторак 9 чэрвеня ў доме Новікава ў Прусах прайшоў вобшук.

Да затрыманых мазыран не пускаюць адвакатаў

Таксама, па дадзеных праваабаронцаў, у мінскім ізалятары часовага ўтрымання знаходзяцца затрыманыя ў Мазыра фермер Аляксандр Вянгура, блогер, які вёў канал “Мазыр для жыцця”, Аляксандр Цуканаў, яго сябар Дзяніс Колас і мадэратар сацсетак “Краіны для жыцця” Дзмітрый Папоў (грамадзянін Расіі).

Усе яны ў пятніцу 5 чэрвеня былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці у выглядзе арышта на 15 сутак. Як паведамілі сваякі арыштаваных, у прыватнасці Аляксандра Вянгуры, 10 чэрвеня адвакаты не замаглі да іх патрапіць. Падставамі для адмовы, якія былі агучаны ў ІЧУ, былі адсутнасць вольных кабінетаў для сустрэч і складаная эпідэміялагічная сітуацыя.

Праваабаронцы занепакоеныя тым, чаму асуджаных у раённым цэнтры Гомельскай вобласці грамадзян спатрэбілася перавозіць у сталіцу. І ўлічваючы тое, што да іх не пускаюць адвакатаў, асцерагаюцца таго, што ў адносінах да затрыманых могуць праводзіцца дзеянні па-за межамі адміністратыўнага працэсу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства