viasna on patreon

У пасёлку адбылася ўцечка дадзеных людзей з COVID-19. Цяпер іх цкуюць

2020 2020-05-29T16:03:33+0300 2020-05-29T16:03:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/covid_19_by_sb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сын пенсіянеркі, якую аштрафавалі за парушэнне рэжыму самаізаляцыі, патрабуе ўзбуджэння крымінальнай справы ў сувязі з уцечкай інфармацыі ў маленькім пасёлку Беларусі спісаў асоб, якім загадана знаходзіцца ў самаізаляцыі ў сувязі з наяўнасцю рызыкі распаўсюджвання COVID-19.

Фота носіць ілюстрацыйны характар, sb.by
Фота носіць ілюстрацыйны характар, sb.by

Гэта спісы асоб, у каго тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік, а таксама кантакты першага ўзроўню — члены сям'і.

"Спісы літаральна "гулялі" па дадатку "Viber" сярод жыхароў маленькага пасёлка ад чалавека да чалавека. Спісы ўтрымлівалі не толькі поўныя імёны жыхароў, якім загадана знаходзіцца на самаізаляцыі, але і іх адрасы і нумары тэлефонаў", — распавядае малады чалавек.

З чаго ўсё пачалося?

Сама гісторыя пачалася яшчэ ў пачатку красавіка. Жанчыну, якая працуе ў сферы аховы здароўя, ўсхвалявала інфармацыя аб тым, што ў двух адпачываючых у мясцовым санаторыі грамадзян, тэст на каранавірус мае станоўчы вынік. Тады яна папрасіла, каб у мясцовай установе аховы здароўя ёй таксама зрабілі тэст на COVID-19. Разам з тэставаннем мясцовыя ўлады пачалі фармаваць спісы грамадзян, якім загадана прытрымлівацца рэжыму самаізаляцыі. Праз некалькі дзён ёй патэлефанавалі з санэпідслужбы і паведамілі, што ў яе станоўчы тэст на каранавірус. Адпаведна, уся сям'я стала кантактам першага ўзроўню, а гэта яе муж і сын.

Да чаго прывяла такая ўцечка інфармацыі?

Праз некалькі дзён знаёмыя, сябры і калегі па працы сталі турбаваць сям'ю званкамі і роспытамі пра тое, што ж адбылося. Сын пенсіянеркі распавядае:

"Для нашага маленькага пасёлка, дзе кожны ведае адзін аднаго, гэта было зневажальным і абуральным. Многія суседзі і калегі па працы пачалі з асцярогай ставіцца да мяне, а часам і зусім ігнараваць. Многія знаёмыя спачатку і зусім выводзілі з душэўнай раўнавагі безліччу званкоў членам сям'і з шматлікімі роспытамі".

Многія суседзі сталі пільна сачыць за жыццём сям'і, паведамляючы ў міліцыю аб кожным выхадзе на вуліцу. Гэта прывяло да таго, што ў міліцыю пачалі паступаць ілжывыя сігналы ад суседзяў на бацьку і маці.

Мужчына з дапамогай праваабаронцаў "Вясны" звярнуўся з заявай у мясцовае РАУС з заявай аб прыцягненні вінаватых ва ўцечцы персанальных дадзеных да крымінальнай адказнасці, паколькі дадзенае парушэнне прывяло да ўмяшання ў асабістае жыццё яго сям'і.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка адзначае, што ў гэтай сітуацыі мае месца не проста ўцечка інфармацыі, якая тычыцца прыватнага жыцця грамадзян:

"Такая ўцечка прыводзіць да сур'ёзных наступстваў для сем'яў, што спараджае часам варожае стаўленне да асоб, якія апынуліся ва ўразлівым становішчы перад тварам пандэміі COVID-19. Абавязак захоўваць ад уцечкі персанальныя дадзеныя грамадзян, якім загадана выконваць рэжым самаізаляцыі, ляжыць на дзяржаве.

На міжнародна-прававым узроўні падобныя сітуацыі сталі прадметам для даследавання тэматычнымі мандатарамі Савета па правах чалавека ААН. Улетку перад Генеральнай Асамблеяй ААН будзе прадстаўлены даклад Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвіда Кэя "Пандэміі хвароб у аспекце свабоды меркаванняў і іх вольнага выказвання". Дадзены даклад ужо апублікаваны для вывучэння.

У прыватнасці, у пункце 57 d) дакладу пазначана, што для забеспячэння адпаведнасці эпідэміялагічнага нагляду міжнароднаму праву правоў чалавека шэраг элементаў маюць ключавое значэнне. Пры арганізацыі эпідэміялагічнага нагляду ў перыяд пандэміі варта кіравацца адным з прынцыпаў: любыя сабраныя асабістыя дадзеныя павінны быць надзейна абаронены ад выдавання любой асобай, якая не ўпаўнаважаным на гэта ў мэтах грамадскай аховы здароўя".

Якія яшчэ праблемы ў справах па парушэнні рэжыму самаізаляцыі бачаць праваабаронцы?

Пенсіянерку з COVID-19 аштрафавалі на 30 базавых за парушэнне рэжыму самаізаляцыі. Што не так з гэтай справай?

У "Грамадскую прыёмную" Праваабарончага цэнтра "Вясна" звярнулася пенсіянерка, якую прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 23.4 КаАП нібыта за парушэнне рэжыму самаізаляцыі. У чым абставіны гэтай справы, якія ў ёй праблемы і што думаюць праваабаронцы пра практыку прыцягнення грамадзян за парушэнне рэжыму самаізаляцыі — у нашым матэрыяле.

Калі вы апынуліся ў падобнай сітуацыі, можаце звярнуцца па кансультацыю юрыстаў у "Грамадскую прыёмную" Праваабарончага цэнтра "Вясна" па тэлефоне + 375-29-841-39-81 або па гэтым нумары ў месэнджарах Signal, WhatsApp, Telegram, а таксама па электроннай пошце pierasled@spring96.org.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства