Абсерваторыя рашуча асуджае пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), заклікае спыніць пераслед супраць экалагічнай актывісткі і праваабаронцы ПЦ “Вясна” Алены Маслюковай, і “рашуча асуджае” ператрус у яе кватэры і незаконную канфіскацыю абсталявання ў кантэксце рэпрэсій супраць экалагічнага руху ў Светлагорску.
Ператрус адбыўся 23 красавіка ў сувязі з допісам Маслюковай у сацыяльных сетках, дзе яна раскрытыкавала экалагічную палітыку ўладаў. Паводле афіцыйнай версіі, 24 лютага ў міліцыю паступіла заява ад грамадзянкі Зобавай, якая абвінаваціла праваабаронцу ў абразе ў сацыяльных сетках (артыкул 189 Крымінальнага кодэкса).
У выніку ператрусу міліцыя канфіскавала ноўтбук і смартфон Алены Маслюковай. Абсерваторыя баіцца, што ператрус звязаны з удзелам Маслюковай у супрацьдзеянні будаўніцтву ў Светлагорску завода беленай цэлюлозы, які, як лічыць яна і мясцовыя праваабаронцы, уяўляе вялікую небяспеку для навакольнага асяроддзя.
Алена Маслюкова адзначае, што супрацоўнікі міліцыі, якія аглядалі яе кватэру, не вывучылі інфармацыю, апублікаваную ў яе акаўнтах у сацыяльных сетках, што нібыта стала прычынай скаргі на яе. Абсерваторыя звяртае ўвагу, што канфіскацыя абсталявання да пачатку крымінальнай справы супярэчыць палажэнням артыкула 23 Канстытуцыі і часткі 2 артыкула 173 Крымінальнага кодэкса. На наступны дзень, 24 красавіка, спадарыня Маслюкова падала скаргу на незаконную канфіскацыю яе тэлефона і ноўтбука ў пракуратуру Светлагорскага раёна.
Абсерваторыя нагадвае, што ў 2019 годзе ў артыкул 189 Крымінальнага кодэкса ("Абраза") былі ўнесены папраўкі. Да гэтага абраза магла быць прызнана крымінальным злачынствам толькі ў тым выпадку, калі яно паўторна здзейсненае асобай, ужо асуджанай за такое ж правапарушэнне цягам года. Абсерваторыя лічыць, што дадзенае заканадаўства не адпавядае міжнародным стандартам, паколькі абраза павінна разглядацца ў межах грамадзянскай, а не крымінальнай адказнасці.